• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гарадзенскіх журналістаў-палітвязняў катуюць карцарамі ды ізаляцыяй

    Жонкі зняволеных журналістаў Дяніса Івашына і Андрэя Пачобута выказалі апасенні за фізічны стан сваіх мужоў, якія маюць праблемы са здароўем, але не атрымліваюць за кратамі кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. 

    Дзяніс Івашын і Андрэй Пачобут утрымліваюцца ў турме №1 Гродна. Першага ўжо асудзілі больш чым на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, другі ўсё яшчэ ў чаканні працэсу — пасля неаднаразовых пераносаў датай першага пасяджэння пакуль што значыцца 16 студзеня.  

    Як стала вядома родным Дзяніса Івашына, нядаўна яго зноў кінулі ў карцар, гэтым разам на 7 сутак. Прычына невядомая, але звычайна гэта стандартнае для палітвязняў «парушэнне правілаў унутранага распарадку».

    “Але на гэтым кепскія навіны не скончыліся, — наракае Вольга Івашына. — Ён моцна захварэў, пакуль быў у катавальным «маразільніку». Прычым настолькі, што вымушаны быў звярнуцца па дапамогу. Добра, што ў вязніцы хоць нехта памятае, што ўваходзіць у яго працоўныя абавязкі. Фельчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэнне перавесці яго ў карантын, перапыніўшы такім чынам карцар. Выглядае, фізычны стан быў настолькі кепскім, што медык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку”.

    Сам Дзяніс Івашын у вестцы на волю перадаў, што адчувае праблемы з дыханнем — магчыма, гаворка пра віруснае рэспіраторнае захворванне. Таму сваякі палітвязня спадзяюцца, што медыкі ўстановы будуць сумленна выконваць сваю працу і дбаць пра здароўе ўсіх хворых вязняў гарадзенскай турмы, асабліва на фоне нядаўняй трагічнай падзеі — 5 студзеня ў турэмным СІЗА ад пнеўманіі памёр 50-гадовы мастак Руслан Карчаўлі.

    “На жаль, не раз ужо даводзілася канстатаваць, што інфармацыю пра Дзяніса здабываць усё цяжэй і цяжэй, але гэта не азначае, што мы пра нешта не даведаемся. Хай са спазненнем, але ўсе факты катаванняў, здзекаў, негуманнага абыходжання і парушэнняў правоў мы фіксуем і апрылюдніваем, бо агалоскі сваіх чорных спраў злачынцы баяцца не менш, чым адказнасці за іх”, — канстатуе Вольга Івашына.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты “Новы Час”, беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Першапачаткова інкрымінавалі артыкул 365 Крымінальнага кодэкса (“умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў”), а праз паўгода прад’явілі новае абвінавачанне — “здрада дзяржаве”. КДБ Беларусі сцьвярджаў, што журналіст “працаваў на спецслужбы Украіны”.

    Летась 14 верасня суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі пакараў Дзяніса Івашына вялізным тэрмінам зняволення — 13 гадоў і 1 месяц турмы. Акрамя таго, журналіст павінен заплаціць штраф у памеры 4800 рублёў, а яшчэ і “маральную кампенсацыю” дзевяці ананімным пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Вярхоўны суд, разглядзеўшы апеляцыйную скаргу палітвязня, пакінуў прысуд у сіле.

    На сур’ёзныя праблемы са здароўем наракае і жонка палітвязня Андрэя Пачобута, якога ўжо больш за паўтара года ўтрымліваюць за кратамі без суда.  

    “Андрэй таксама хварэе, — канстатуе Аксана Пачобут. — На мінулым тыдні была вельмі высокая тэмпература, але далі “Ібупрафен” — і на гэтым усё, нават ляжаць удзень не дазволілі. Цяпер нават не ведаю, як там далей будзе. Бо хацела перадаць лекі, дык турэмнікі ўвогуле нічога ні ў каго не ўзялі. Мала за тое, папярэдзілі, што болей нічога прымаць не будуць зусім”.

    Сувязь з Андрэем Пачобутам і без таго кепская — лісты на волю даходзяць рэдка, яму забаронена ліставацца з сынам па-польску. Незадоўга да канца мінулага года сям’я атрымала ліст, у якім ён расказаў, што перавялі ў турэмны корпус №1 – там ужо паспеў пабываць у 2011 годзе. Палітвязень знайшоў сілы пажартаваць, што, відаць, яму робяць “экскурсію” па ўстанове. “І як журналісту мне тут цікава”, — падсумаваў Андрэй Пачобут. 

    Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га яго абвінавацілі ў “распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце”. Артыкул 130 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

    Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста ў абарону польскай меншасці, тэкст пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне і артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. Журналіста абвінавацілі яшчэ і ў закліках да санкцый супраць Беларусі (арт. 361 КК).

    Чытайце яшчэ:

    З удзелам прэзыдэнтаў: «Радыё Свабода» адкрыла ў Вільні сваё бюро

    Прабабуля і ўнучка ў адным мінскім СІЗА з розніцай у 80 гадоў. Гісторыя прабабулі Марыны Золатавай

    Былы намеснік дэкана журфака БДУ, які сведчыў па «справе студэнтаў», стаў рэктарам абласнога інстытута

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці