• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бярэзінская пракуратура ацаніла працу “Альянса расследавальнікаў Беларусі”: экстрэмісцкія матэрыялы

    Тэлеграм-канал Генеральнай пракуратуры  паведаміў пра чарговае папаўненне ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў – гэтым разам туды патрапіла супольнасць незалежных журналістаў-расследавальнікаў.

    Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, па заяве пракуратуры Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала “Альянс расследвальнікаў Беларусі” прызнана “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Чаму для вырашэння “праблемы” было задзейнічана менавіта гэта рэгіянальнае падраздзяленне ведамства, не ўдакладняецца.

    На сайце Міністэрства інфармацыі, дзе сістэматызуюцца падобныя звесткі, дадзены факт пакуль ніяк не адлюстраваны – зрэшты, туды звесткі звычайна трапляюць са значным спазненнем. 

    “Альянс расследвальнікаў Беларусі” на інтэрнэт-пляцоўцы YouTube створаны амаль два гады таму, у сакавіку 2021-га, як адказ на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. 

    У актыве незалежных расследавальнікаў больш за 22 тысяч падпісантаў, агулам ролікі праглядзелі амаль 3,5 мільёна разоў. Асноўныя тэмы прысвечаны карупцыі ва ўладзе і ўсё большаму аддаленню “народнага лідара”, з якім не стамляецца атаясамліваць сябе Лукашэнка, ад самога  народа.

    Асобная ўвага надаецца таму, у якіх умовах утрымліваюцца шматлікія палітвязні. Адным з гасцей быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі прадпрымальнік, а цяпер сам юцьюбер Аляксандр Кныровіч. У эфіры спецвыпуска “Што такое беларуская калонія: прэс-хата, палітзняволеныя і выкуп” ён расказаў, якія настроі панавалі за кратамі падчас беспрэцэдэнтных для Беларусі пратэстаў 2020-га.

    Апошнія расследаванні альянсу тычацца нашумелай гісторыі пра ўзлом базы так званай “лечкамісіі” з вынікамі тэстаў на COVID-19 сямейнікаў Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэння, а таксама засакрэчаных “калектыўных характарыстык” і прыбытковага рынку рытуальных паслуг.

    Паводле афіцыйных звестак, блізу 1270 інфармацыйных рэсурсаў беларускія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – рэдакцыі СМІ, тэлеграм-чаты, YouTube-каналы і г. д. Абсалютная большасць “фігурантаў” трапілі ў гэты пералік цягам мінулага года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці