• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыяменеджара Канстанціна Залатых будуць судзіць за «абразу» Лукашэнкі і яшчэ па трох палітычных артыкулах

    24 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца працэс у дачыненні да дырэктара найстарэйшага эканамічнага выдання краіны «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. Медыяменеджар за кратамі ўжо амаль 10 месяцаў.

    Як вынікае з абвесткі на сайце Вярхоўнага суда, Канстанціну Залатых інкрымінуюцца чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія звыкла фігуруюць у справах за іншадумства. Гэта:

    арт. 369 КК — «абраза прадстаўніка ўлады»;

    ч. 1 арт. 368 КК — «абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;

    ч. 2 арт. 426 КК — «перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»;

    ч. 2 арт. 130 КК — «распальваннне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».

    Родныя вязня не разумеюць, калі ён паспеў «назбіраць» такую кіпу абвінавачанняў, бо затрымлівалі яго на падставе толькі аднаго пункта — нібыта за «распальванне варожасці». Выглядае, што ўсе астатнія ўсплылі ўжо ў выніку «крапатлівай працы» следства. Так ці інакш, з улікам агучаных артыкулаў сукупна фігуранту пагражае сур’ёзны тэрмін зняволення. 

    Згодна з апублікаваным анонсам, першае пасяджэнне запланаванае на 10.30 раніцы 24 сакавіка, на працэс прызначана суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько.

    Да заканчэння разгляду справы Канстанцін Залатых будзе заставацца ў сталічным СІЗА № 1.  

    Нагадаем, што 18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно. У іх дома, а таксама ў офісе выдання сілавікі правялі ператрусы, забралі камп’ютары, лічбавыя носьбіты інфармацыі і дакументы, памяшканне рэдакцыі апячаталі амаль на месяц.

    Пасля допыту Андрэя Александровіча і Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў следчым ізалятары Жодзіна. Мяркуючы па змесце санкцыі на следчыя дзеянні, тады прычынай значылася «распальванне варожасці» ва ўсіх яе шырокіх сэнсах (арт. 130 КК). 

    На пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным і запатрабавала спыніць нічым не матываваны пераслед за іншадумства. 

    Напрыканцы лета фігуранта перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там яго ўтрымліваюць дагэтуль. 

    Канстанцін Залатых — дасведчаны медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, неаднаразова быў у складзе дэлегацый, якія прасоўвалі беларускую прадукцыю на знешні рынак. 

    Апошнім месцам працы была газета «Белорусы и рынок» — адно з рэдкіх незалежных выданняў, якое здолела захавацца пасля хвалі масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных медыя.

    Аднак 23 ліпеня 2022 года, ужо пасля затрымання Канстанціна Залатых,  доступ да сайта газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі «з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі».

    А на пачатку снежня, пасля 32 гадоў дзейнасці, рэдактарат абвясціў, што праз складаныя фінансавыя і палітычныя ўмовы прыпыняе выхад як друкаванай, так і электроннай pdf-версіі. Прынамсі выдання не аказалася ў падпісным каталогу «Белпошты» на першую палову 2023 года.

    Пры гэтым літаральна следам Міністэрства інфармацыі нечакана адмяніла ранейшае рашэнне і выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да інтэрнэт-старонкі выдання — belmarket.by. Як сведчыць маніторынг, ад пачатку гэтага года інфармацыйны кантэнт бізнес-партала рэгулярна абнаўляецца.

    Чытайце яшчэ: 

    Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА

    Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя

    Заявление беларусских правозащитных организаций в связи с признанием БАЖ экстремистским формированием

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці