• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыі палітвязняў Ягора Лебядка і Дар’і Лосік

    21 сакавіка разглядаліся апеляцыйныя скаргі на рашэнні першай інстанцыі ў дачыненні вайскова-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка і Дар’і Лосік, жонкі асуджанага фрылансера «Радыё Свабода» Ігара Лосіка. Вярхоўны суд пакінуў ранейшыя прысуды ў сіле, абвінавачаных неўзабаве этапуюць у калоніі.    

    Адвакаты Ягора Лебядка аспрэчвалі рашэнне Мінскага абласнога суда, які летась пакараў незалежнага аналітыка 5 гадамі зняволення паводле двух крымінальных артыкулаў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361,  прым. 4, ч. 1 і арт. 361, прым. 4, ч.2).

    На працэс быў прызначаны суддзя Уладзімір Чэравач, які на падставе «супастаўлення фактаў» прыйшоў да высновы, што суд першай інстанцыі меў «абсалютную рацыю» ў вызначэнні ступені вінаватасці фігуранта і пастанавіў адмовіць у задавальненні апеляцыі.

    На пачатку года Ягора Лебядка перавялі з СІЗА №1 Мінска, дзе ён утрымліваўся ад прад’яўлення абвінавачання, у СІЗА №6 Баранавіч. Цяпер яго чакае этапаванне ў адну з калоній для адбыцця пакарання.

    Аглядальніка ў вайсковых пытаннях затрымалі 12 ліпеня 2022 года па месцы жыхарства ў Смалявічах. Спачатку арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне супрацоўнікам унутраных органаў» (паводле арт. 24.3 КаАП), а затым пачалі крымінальную справу на падставе артыкула 361–4.

    Фармальнай прычынай для пераследу стаў удзел эксперта ў праграмах «Еўрарадыё» — пры тым, што затрыманне аглядальніка здарылася на тыдзень раней, чым медыя атрымала статус «экстрэмісцкага фармавання».  

    Следам улады пазбавілі Ягора Лебядка вайсковага звання «старшы лейтэнант» (разам з дзясяткамі іншых «здраднікаў») за «правапарушэнні і дыскрэдытуючыя правіны, несумяшчальныя са статусам ваеннаслужачага». Гаворка пра публічнае асуджэнне гвалту сілавікоў у 2020 годзе. Тады ён падпісаў зварот навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.

    Летась 14 снежня ў Мінскім абласным судзе распачаўся разгляд справы, а праз 10 дзён суддзя Алена Міснік прызначыла абвінавачанаму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Ягор Лебядок — колішні лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі таленавітым навукоўцам-кандыдатам навук. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі. Абараніў дысертацыю «Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек» на ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук.

    У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежную пляцоўку пра вайсковую бяспеку краіны. Выступаў у беларускіх і замежных выданнях.  

    Як і ў выпадку з Ягорам Лебядком, абарона Дар’і Лосік у апеляцыйнай скарзе намагалася даказаць, што статус хатняй гаспадыні не мае нічога агульнага з канстатаваным Брэсцкім абласным судом «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці».   

    Аднак суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі не знайшоў падстаў, каб перагледзець ці прынамсі змякчыць прысуд жанчыне, у якой гэтаксама асуджаны муж, а маленькая дачка засталася без бацькоў.

    Напярэдадні апеляцыйнага пасяджэння праваабаронцам стала вядома, што на знак пратэсту супраць мэтанакіраванага пераследу сям’і Ігар Лосік спрабаваў учыніць суіцыд у наваполацкай калоніі. 

    Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 года пасля ператрусу ў яе кватэры ў Баранавічах. Жанчыну адвезлі ў Брэст і змясцілі ў СІЗА‑7, а пазней выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

    Падставай стала яе інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» пра акалічнасці справы супраць мужа, пакаранага па так званай «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў зняволення ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

    Справу Дар’і Лосік пачалі разглядаць 18 студзеня ў Брэсцкім абласным судзе. На першым жа пасяджэнні пракурорка Кацярына Пакала запрасіла для фігуранткі 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму — менавіта столькі і прызначыў на наступны дзень суддзя Мікалай Грыгаровіч.

    Чатырохгадовую дачку Ігара і Дар’і цяпер выхоўваюць бацькі асуджаных сужэнцаў. 

    Чытайце яшчэ:

    Пачаўся суд над колішнім тварам тэлеканала АНТ Дзмітрыем Семчанкам

    МИД Литвы призвал режим Лукашенко «немедленно освободить» Игоря Лосика

    Ігар Палынскі «суду» ў Беларусі: Дзякуй! За прызнанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці