• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэааператар-фрылансер Іван Мураўёў папоўніў спіс «беларускіх экстрэмістаў»

    Міністэрства ўнутраных спраў чарговым разам папоўніла пералік грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, нібыта датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе значыцца і фрылансер Іван Мураўёў, асуджаны на 2,5 гады зняволення.   

    7 красавіка ведамасная «база экстрэмістаў» вырасла адразу больш чым на паўсотні прозвішчаў.

    Агулам там цяпер 2691 чалавек, апошнім часам пералік папаўняецца выключна беларускімі грамадзянамі. 

    Пад № 2641 ад сёння ў спісе фігуруе журналіст і відэааператар Іван Мураўёў, які не так даўно пачаў адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму №2 у Бабруйску.

    Акрамя новага статусу, 7 красавіка Івана Мураўёва чакае яшчэ адно выпрабаванне — яго прозвішча значыцца ў анонсе працэсаў Мінскага гарадскога суда. У другой палове дня суддзя Алена Шылько будзе ў закрытым рэжыме разглядаць справу, сутнасць якой з апублікаванай фармулёўкі неабазнанаму ў юрыдычных нюансах зразумець практычна немагчыма: «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне». 

    Зрэшты, ёсць дапушчэнне, што справа перагледжваецца без удзелу фігуранта на падставе «тэхнічнага» артыкула 402, калі выпраўляюцца відавочныя апіскі, падліковыя памылкі і недакладнасці, якія мусяць зняць сумневы і невыразнасці, якія ўзнікаюць пры выкананні судовых рашэнняў. 

    Гэта суддзя ўжо вяла папярэдні працэс, па выніках якога Іван Мураўёў быў асуджаны на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Да таго праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным і асудзілі мэтанакіраваны пераслед паводле прафесійнай дзейнасці. 

    10 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі, зноў жа, у закрытым пасяджэнні без прысутнасці сведак адхіліў апеляцыю абароны фрылансера і прадпрымальніка на прысуд першай інстанцыі — суддзя Сяргей Гураў не знайшоў падставы адправіць на перагляд ці змякчыць абвешчаны вырак. 

    Сам Іван Мураўёў канчатковы вердыкт чакаў у следчым ізалятары пры турме № 4 Магілёва, куды яго перавезлі з СІЗА № 1 Мінска яшчэ за месяц да прызначанай даты разгляду. Пасля прадказальнага фіналу палітвязня этапавалі адбываць рэшту тэрміна пакарання ў папраўчай установе Бабруйска, адабраныя на час следства і арыштаваныя рэчы ў выніку «амніставалі».   

    Адвакаты намагаліся абскардзіць прысуд Мінскага гарадскога суда паводле крымінальнага артыкула 361–1 ч. 3 — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім». На гэтай падставе гаспадара папулярнай сталічнай «Кальяннай №1» і відэааператара па сумяшчальніцтву, які супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі, асудзілі да 2,5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.     

    Яго справу Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць 22 снежня 2022 года. Працэс зрабілі закрытым на той падставе, што будуць разглядаць  «экстрэмісцкія матэрыялы», апублічванне якіх супярэчыць новаму закону.

    Фігуранту інкрымінавалі адзін «злачынны» эпізод — відэаздымкі для расследавання на тэлеканале «Белсат» пра карупцыю ў вышэйшых эшалонах улады. Неўзабаве пасля выхаду сюжэта аператара і бізнесоўца затрымалі ў ягонай «Кальяннай №1», першапачатковы артыкул застаўся да канчатковага прысуду.      

    А ўжо праз некалькі дзён суддзя Алена Шылько прыгаварыла фігуранта да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці». 

    Чытайце яшчэ:

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ваннай ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?

    Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

    Улады рыхтуюць новыя папраўкі ў закон аб СМІ: каб быў сіметрычны адказ на «недружалюбныя выпады»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці