• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Па 500 «базавых»: паручальнікам за журналістак Tut.by прысудзілі вялізныя штрафы

    Як паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў, 10 красавіка Мінскі гарадскі суд разглядаў справы фізічных асобаў, якія выступілі паручальнікамі супрацоўніц партала Tut.by Алены Талкачовай і Вольгі Лойкі, каб тых выпусцілі з-пад варты. На падставе асабістай адказнасці іх пакаралі штрафамі за тое, што журналісткі ў выніку пакінулі краіну, не дачакаўшыся крымінальнага працэсу. 

    З апублічанага паведамлення вынікала, што суддзя Валянціна Зянкевіч выклікала трох сведак у справе былых супрацоўніц ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Алены Талкачовай і Вольгі Лойкі — апошнія ў прызначаны час не з’явіліся ў суд. У дачыненні да журналістак дзейнічала мера стрымання, не звязаная з пазбаўленнем волі пад асабістае паручальніцтва. 

    У ролі добраахвотных «апекуноў» Алены Талкачовай выступілі дыпламат, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, а таксама палітолаг, экс-кіраўнік Рады па міжнародных адносінах ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман. За Вольгу Лойку персанальна хадайнічаў старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

    Па заканчэнні разглядаў стала вядома, што ўсім названым паручальнікам суд прызначыў штраф у памеры 500 базавых велічынь з кожнага — у эквівалене гэта 18,5 тысяч рублёў (прыкладна 6,2 тысячы долараў паводле цяперашняга курсу). 

    У віну дэпутату, аналітыку і прамыслоўцу паставілі тое, што яны не здолелі выкарыстаць механізмы ўплыву, якія б не дазволілі фігуранткам крымінальнай справы схавацца ад правасуддзя. 
     
    З папярэдняй практыкі вынікае, што ў працэсе папярэдніх дамоўленасцяў абгаворваецца, што ў выпадку форс-мажору паручальнік мусіць кампенсаваць зрыў пагаднення. Канчатковы памер спагнання ў выніку вызначае суд.  Сёлета 9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся закрыты працэс над шэрагам супрацоўнікаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». Кіраваць ім прызначылі ўжо згаданую суддзю Валянціну Зянкевіч. 

    Цягам паўтара месяца ў клетцы чакалі вердыкту генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава, а вось галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, рэдактарка аддзела нерухомасці Алена Талкачова і юрыдычная кансультантка Кацярына Ткачэнка на пасяджэнні не з’явіліся. Прозвішча Кацярыны Ткачэнкі і яе паручальнікаў у графіку пасяджэнняў Мінгарсуда не фігуравала. 

    У мінулым годзе журналістак вызвалілі пад паручальніцтвы з абавязкам прыйсці ў суд пасля атрымання позвы, але яны пакінулі Беларусь, як толькі была названая дата працэсу. 

    Іх абвясцілі ў міжнародны вышук, а справы вылучылі ў асобную «спецвытворчасць». Такім чынам, калі замежныя краіны не выдадуць былых супрацоўніц Tut.by на патрабаванне беларускіх ўладаў, хутчэй за ўсё, іх будуць судзіць завочна. 

    Нагадаем, што сукупна тутбаеўцаў абвінавацілі па цэлым шэрагу «злачынстваў»: нясплата падаткаў, распальванне варожасці, шкода нацбяспецы і г. д. Акрамя таго, Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова трапілі ў спіс Камітэта дзяржбяспекі як асобы, «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».

    17 сакавіка суддзя Валянціна Зянкевіч пакарала Людмілу Чэкіну і Марыну  Золатаву 12 гадамі зняволення кожную з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Адвакаты апратэставалі неабгрунтавана жорсткі прысуд і цяпер чакаюць прызначэння даты разгляду апеляцый у Вярхоўным судзе. 

    Абвінавачаных па справе Tut.by праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі і запатрабавалі спыніць пераслед за выкананне прафесійнай дзейнасці.   

    Чытайце яшчэ:

    «Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?

    Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар

    Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці