Сяргей Макарэвіч выйшаў на волю
Як стала вядома «Нашай Ніве», менеджара культуры Сяргея Макарэвіча выпусцілі пасля пяці месяцаў за кратамі. Інфармацыі пра яго справу амаль няма.
Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада пасля ператрусу ў яго дома. Меркавалася, што ён праходзіць па справе «Маёнтка Падароск». Як і Фонд «Вяртанне», у якім працаваў Сяргей, «Маёнтак Падароск», ініцыятыва па аднаўленні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, фінансаваліся бізнэсоўцам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым.
Фонд «Вяртанне» падтрымліваў шматлікія праекты беларускай культуры.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Макарэвіча палітвязнем.
Увесь гэты час Сяргей знаходзіўся ў гродзенскай турме №1. За яго вызваленне актыўна змагалася сям’я.
Як стала вядома «Нашай Ніве», між сяброў Макарэвіча ходзіць інфармацыя, што вызваленне пад паручальніцтва яму прапанаваў следчы на мінулым тыдні. І вось, паручальнікаў удалося знайсці.
Мы пакуль не маем пацвярджэння гэтай інфармацыі з іншых крыніц і не ведае, хто стаў паручальнікам.
Інфармацыі пра справу Макарэвіча, як і пра большасць палітычных спраў, практычна няма, у выніку таго, што лукашысты цяпер інтэрпрэтуюць падпіску пра неразгалошванне, якую бяруць як з фігурантаў спраў, так і з адвакатаў, незаконна шырока. У выніку ўсё, што вядома грамадству, — што справа існуе.
Фонд «Вяртанне» быў ліквідаваны ў канцы кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда, у шэрагу іншых незалежных грамадскіх і культурных арганізацый.
Чытайце яшчэ:
«Ці рэальна запомніць тры тысячы экстрэмісцкіх матэрыялаў?» Праваабаронцы — пра крыміналізацыю інфапрасторы
«Яны жывыя, а ня проста лічбы ў справаздачах». Як вядомыя беларусы і журналісты ўзялі апеку над палітвязьнямі
Класкоўскі: Сістэма імкнецца запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галаву, каб не было альтэрнатыўнай думкі