• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм цынічна адказаў актывісту Міронаву, які паскардзіўся на абразы прапагандыстаў

    У канцы красавіка Ілля Міронаў адправіў у Міністэрства інфармацыі некалькі скаргаў: на навіну ў телеграм-канале і праграме тэлебачання «СТВ. Навіны Беларусі», а таксама на публікацыю ў «Савецкай Беларусі», піша «Штодзень».

    У сваіх скаргах актывіст распавёў, што 20 красавіка гэтага года пра яго расказалі і напісалі ў абразлівай манеры. Адна з цытат, пра якую ідзе гаворка, гучыць так: «Жыў бы Ілля ў Адэсе, яму б параілі нешта тыпу «Ідзі кідайся галавой у гной».

    Скарга, якую Міронаў адрасаваў у Мінінфарм на «СБ. Беларусь сёння» датычылася матэрыялу пад назвай «Асобныя экзэмпляры змагароў спрабуюць весяліцца. Атрымліваецца не вельмі». Аўтар гэтага артыкула – вядомы прапагандыст Андрэй Мукавозчык.

    У кожнай са сваіх скаргаў Міронаў апеляваў законам і падкрэсліваў, што ў адпаведнасці з п. 2 арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі грунтуецца на Канстытуцыі. А ў арт. 10 Канстытуцыі прапісана, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. На падставе арт. 49 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» Ілля Міронаў прасіў вынесці пісьмовае папярэджанне «СБ. Беларусь сёння», а таксама «Сталічнаму тэлебачанню – СТБ» за распаўсюд звестак, якія груба парушаюць Канстытуцыю.

    Днямі Міронаву прыйшоў адказ на скаргі. І вось як ён гучыць.

    Наконт артыкула Мукавозчыка ў «СБ»:

    «Мінінфарм, як орган дзяржаўнага кіравання, працуе ў выключна прававым полі і, згодна з заканадаўствам, не вызначае рэдакцыйную палітыку СМІ, бо ў адпаведнасці з артыкулам 7 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі…».

    Сур’ёзна? Нагадаем, што ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі, якія намагаліся пісаць «няправільную» з пункту гледжання прапагандыстаў і незаконнага кіраўніцтва краіны праўду пасля выбарчай кампаніі 2020 года, цяпер ці рэпрэсаваныя, ці знішчаныя. А тыя, што засталіся, вымушаны працаваць ва ўмовах эміграцыі.

    Некаторыя журналісты знаходзяцца за кратамі. Проста таму, што працягвалі пісаць праўду. У тым ліку за кратамі зараз два журналісты з Гомеля – Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова.

    Напрыканцы свайго адказу Мінінфарм параіла Міронаву са сваёй скаргай звярнуцца да галоўнага рэдактара выдання, бо гэта нібыта ён абірае рэдакцыйную палітыку.

    Патрабаваць абвяржэння інфармацыі чыноўнікі таксама параілі непасрэдна ў выданні або ў судзе.

    Наконт навіны ў «СТБ. Навіны Беларусі»

    Тут Міронаву ўвогуле далі феерычны адказ:

    «Што тычыцца публікацыі, размешчанай 20 красавіка 2023 года ў тэлеграм-канале «СТБ. Навіны Беларусі», дастатковай інфармацыі аб размяшчэнні аналагічнага матэрыялу ў эфіры тэлепраграмы «Сталічнае тэлебачанне» вамі прадастаўлена не было, у сувязі з чым правесці праверку немагчыма. Паводле звестак з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі РБ гэты тэлеграм-канал не зарэгістраваны ў якасці сеткавага выдання. А, такім чынам, не з’яўляецца ў сілу артыкула 11 Закона аб СМІ сродкам масавай інфармацыі <…>. Улічваючы вышэйсказанае, у Міністэрства інфармацыі адсутнічаюць дастатковыя прававыя падставы для прыняцця мер рэагавання ў адпаведнасці з Законам аб СМІ».

    Гэты адказ Іллі Міронаву прыйшоў за подпісам намесніка міністра інфарамцыі Бузоўскага.

    На фоне таго, што зараз у краіне адбываецца з журналістыкай, падобныя адказы Мінінфарма выглядаюць выключна цынічна. Амаль кожны дзень тэлеграм-каналы, якія таксама не зарэгістраваныя ў дзяржрэестры, прызнаюць экстрэмісцкімі за тое, што яны  публікуюць праўдзівую інфармацыю, а аўтараў іх матэрыялаў пераследуюць.

    Нядаўна арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы за 2023 год. У ім ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах. Дык вось за мінулы год у гэтым рэйтынгу Беларусь апусцілася яшчэ на чатыры пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы з 180.

    Паводле гэтага Індэкса, стан свабоды прэсы ў Беларусі ацэньваецца як «вельмі дрэнны».

    Чытайце яшчэ: 

    Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць

    Кацярына Раецкая расказала, як прымусіла Дзяніса Дудзінскага займацца домам і гаспадаркай

    Неадзначаны юбілей. «Чалавек-мова» Юрась Бушлякоў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці