Паліна Шуба задумалася аб прафесіі ідэолага і хвалюецца за брата ў Маскве
Вядучая БТ Паліна Шуба, якая нядаўна пасля дэкрэту вярнулася ў эфір, расказала, як назвала дзяцей і што яе хвалюе з нагоды вайны ва Украіне, піша «Наша Ніва».
Цяпер Паліна Шуба вядзе перадачу «Галоўны эфір» на «Беларусь 1» і пакуль пераходзіць у новую прафесію не збіраецца.
«Але, магчыма, калі‑небудзь паспрабую. Нядаўна пайшла на курсы Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «дзяржкіраванне і ідэалогія». І цалкам дапускаю, што не стану заседжвацца на тэлебачанні, калі зразумею, што пара рухацца далей. Жыццё адно, і трэба многае паспець зрабіць», — кажа яна ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня».
Год таму Паліна Шуба стала мамай — нарадзіла дзяўчат-двайнятак. Назвала Іванкай і Стэфаніяй.
У інтэрв’ю вядучая выказалася і пра падзеі 2020 года.
«Доўгі час я лічыла сябе мяккім чалавекам, але пасля 2020 года нешта ў маім характары змянілася. Часам пытаюся ў сябе: ці вярнула б я тых, хто мне тады здрадзіў, у сваё асяроддзе, ці хацела б я з імі зноў працаваць поплеч? І мой адказ: адназначна не.
Той, хто здрадзіў адзін раз, абавязкова здрадзіць яшчэ. Гэта мая пазіцыя. Магчыма, яна занадта катэгарычная».
Што да вайны ва Украіне, то вядучая хвалюецца за брата, які працуе ў Маскве.
«Мой родны брат працуе ў Маскве, вядома, мы ўсе вельмі перажываем. Але ведаеце, уся мая сям’я стаіць на дзяржаўных пазіцыях, і пакуль кіруе наш прэзідэнт — неяк спакойна на душы, ёсць упэўненасць у тым, што да бяды не дойдзе. З ім надзейна», — зрабіла яна рэверанс у бок Лукашэнкі.
Чытайце яшчэ:
«Будзем працягваць да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі». Міжнародны інстытут прэсы пачаў у Twitter праект па Беларусі
Восем месяцаў таму партал «Трыбуна» запусціў беларускамоўную версію. Вынікі натхняльныя
Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне