Яшчэ адна дзяржаўная друкарня на Віцебшчыне падалася на ліквідацыю і распрадае маёмасць
Падалося на ліквідацыю дзяржаўнае прадпрыемства «Чашніцкая друкарня». На продаж выстаўленыя тры будынкі друкарні ў Чашніках па вуліцы Касманаўтаў, 21, зямельны ўчастак, абсталяванне і інвентар.
Калісьці тут друкавалася мясцовая раёнка, якая ў розныя часы мела назвы «За калектывізацыю», «Шлях сацыялізму», «Сцяг сацыялізму», а з 1965 года называецца «Чырвоны прамень». Зараз яна ахоплівае тэрыторыю Чашнікаў, Навалукомля ды іншыя мястэчкі, прылеглыя да гэтых гарадоў.
Аўкцыён па продажы маёмасці прадпрыемства, якое ад траўня знаходзіцца ў ліквідацыі, пройдзе 16 кастрычніка 2023 года.
Нагадаем, год таму была ліквідаваная адна са старэйшых друкарняў у Віцебскай вобласці — аршанская. Яна распачала сваю гісторыю на пачатку 1918 года. Віцебскі філіял РУП «Інстытут нерухомасці і ацэнкі» арганізаваў тады шэсць аўкцыёнаў па продажы абсталявання паліграфічнага прадпрыемства. Некаторае абсталяванне тады прадавалі асобнымі лотамі. Будынак друкарні з’яўляўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Купіў комплекс «Аршанскай друкарні» расійскі прадпрымальнік за 573 тысячы беларускіх рублёў.
Сайт аршанскай друкарні быў закрыты яшчэ ў 2020 годзе. У «Аршанскай друкарні» друкаваліся аршанская і дубровенскія раённыя газеты. Зараз іх выпуск забяспечвае Віцебская абласная друкарня.
Усяго ў Віцебскай вобласці дзейнічала 10 друкарняў, дзве з якіх ужо не працуюць.
Чытайце яшчэ:
«Создание иллюзии, что в стране всё хорошо». Как изменилась работа белорусских новостных агрегаторов после 2020 года
Віцебская тэлерадыёкампанія заснавала сваю прапагандысцкую праграму
«У беларускіх медыя не прынята абараняць назву з дапамогай таварнага знака». Наколькі абгрунтаваныя прытэнзіі датычна нэймінгу?