Дзяржаўная раёнка ў Жабінцы збіраецца змяніць назву
На пачатку верасня 2023 года ў жабінкаўскую раённую газету «Сельская праўда» прыйшла новая галоўная рэдактарка. Гэтую пасаду заняла Наталля Каўпанько, якая зараз выступіла з прапановай змяніць назву выдання.
У друкаванай версіі «Сельскай праўды» ад 27 верасня Наталля Каўпанько звярнулася да чытачоў з прапановай паўдзельнічаць у важным для гісторыі газеты рашэнні датычна назвы.
Сама гісторыя раённай газеты ў Жабінцы пачынаецца 29 кастрычніка 1944 года, калі быў выдадзены першы нумар «Ленінскага шляху». Пазней газета атрымала назву «Камуністычны шлях», а ў 1959–1965 гадах спыніла існаванне, бо быў расфармаваны Жабінкаўскі раён.
Пасля аднаўлення раёна ў 1966 годзе газета таксама аднавіла выпуск — пад назвай «Сельская праўда». Як заўважае цяперашняя кіраўніца, супрацоўнікі выдання шмат разоў чулі, што гэтая назва састарэла, таму сур’ёзна задумаліся пра новае імя для раёнкі.
«Рэаліі сённяшняга жыцця такія: мы мусім ісці ў нагу з часам, змяняцца і станавіцца ўсё больш сучаснымі, каб прыемна здзіўляць вас з кожным нумарам. Наш райцэнтр — горад-спадарожнік Брэста — развіваецца і ўдасканальваецца, за Жабінкай падцягваюцца аграгарадкі і іншыя населеныя пункты раёна. Мы хочам таксама трымаць руку на пульсе часу, таму плануем пачаць з нашай назвы», — заўважае ў сваім допісе Наталля Каўпанько.
Разам з тым, яна цікавіцца ў чытачоў: ці хочуць яны такіх змен і якія варыянты прапануюць для назвы дзяржаўнага выдання?
Варта нагадаць, што ад 1 студзеня 2023 года тры дзяржаўныя раённыя газеты Брэсцкай вобласці згубілі самастойнасць і ўвайшлі ў склад інфармацыйнага прадпрыемства «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря». Сярод гэтых выданняў і «Сельская праўда». Зараз жабінкаўская раёнка выходзіць раз на тыдзень як тэматычны дадатак да абласной газеты «Заря».
Чытайце яшчэ:
Сёння ў кватэры затрыманага Андрэя Толчына сілавікі зладзілі ператрус
Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах
«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару