Рэдагаванне выяў з дапамогай генератыўнага ШІ прыходзіць у Instagram
Meta, як і абяцала, пачынае прыўносіць штучны інтэлект ва ўсе свае прадукты, піша «Наша Ніва».
На адным з апошніх мерапрыемстваў кампаніі Meta былі паказаныя новыя функцыі штучнага інтэлекту для рэдагавання выяў і стварэння стыкераў для Instagram.
Новая прылада пад назвай restyle будзе дазваляць карыстальнікам рабіць «рэмікс» сваіх існых фота ў розных стылях. Напрыклад, можна ўвесці дэскрыптар (тэкставую падказку) «акварэль» — і атрымаць абробленую выяву ў стылі малюнка акварэлевай фарбай. Альбо можна ўвесці падрабязнейшую падказку, напрыклад, «калаж з часопісаў і газет, ірваныя краі», і атрымаць новы малюнак у адпаведнай калажнай стылістыцы.
Кампанія таксама прадэманстравала новы інструмент пад назвай backdrop («фон»), своеасаблівую функцыю зялёнага экрана на базе ШІ. Карыстальнікі могуць уводзіць падказкі накшталт «паставіць мяне перад велічным палярным ззяннем», каб стварыць новую версію вашага фота з адпаведным фонам. Engaget распавядае, што пакуль невядома, калі функцыі «рэстайлінгу» і «фону» будуць даступныя для карыстальнікаў, але ў Meta заявілі, што яны з’явяцца «неўзабаве».
Выявы, створаныя з дапамогай новых ШІ-інструментаў, будуць мець цэтлікі з пазнакай аб выкарыстанні штучнага інтэлекту для зніжэння верагоднасці таго, што людзі прымуць іх за кантэнт, створаны чалавекам. Meta не падзялілася, як дакладна будуць выглядаць гэтыя цэтлікі, але інфармацыйныя экраны з надпісам image generated by Meta AI раней ужо былі заўважаныя некаторымі карыстальнікамі ў Instagram.
Meta таксама прадэманстравала новыя стыкеры, створаныя з дапамогай ШІ, якія будуць даступныя ў Instagram, WhatsApp, Messenger і Facebook Stories. Функцыя дазваляе карыстальнікам хутка ствараць уласныя стыкеры для сваіх чатаў і гісторый з дапамогай тэкставых падказак. Стыкеры будуць распаўсюджвацца «для выбраных англамоўных карыстальнікаў» праграм кампаніі «цягам наступнага месяца», заявілі ў Meta.
Гэтыя функцыі з’явіліся пасля таго, як Марк Цукерберг неаднаразова абяцаў, што генератыўныя функцыі штучнага інтэлекту з’явяцца ў кожнай праграме, якая належыць Meta. Акрамя таго, для задавальнення канкрэтных нішавых інтарэсаў кампанія таксама анансавала больш за 25 генератыўных чат-ботаў на базе ШІ, у тым ліку некалькі заснаваных на рэальных знакамітасцях і стваральніках. Гэтыя асобы будуць агучаныя рознымі сучаснымі ўплывовымі людзьмі і знакамітасцямі.
Чытайце яшчэ:
«Святкаваць штосьці разам — гэта дужа істотна». Як выжываюць рэдакцыі ў розных краінах
«Сьціснуць зубы, зьберагчы сябе і дачакацца вызваленьня». Што вядома пра зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву
«Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House