З’явілася новае беларускае рэаліці-шоу: модныя фатографы паказваюць унутраную кухню сваіх фотасесій
Беларускі сегмент ютуба папоўніўся новым каналам, на якім вядомыя фатографы паказваюць, што ў рэальнасці адбываецца пад час іх фотасесій. «Наша Ніва» распавядае, што ў ім адметнага.
Стваральнікамі ютуб-шоу «KANAPLEV+LEIDIK: Без рэтушы» на канале MalankaMedia з’яўляюцца фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік. Яны працавалі з такімі вядомымі асобамі, як Макс Корж, Міхалок, Шнур, Лунгрэн, а таксама Бабарыка, Ціханоўская і Пракоп’еў.
Сваё шоу аўтары адносяць да катэгорыі «рэаліці», бо паставілі задачу паказаць, як на самой справе адбываецца працэс здымкаў. Фатографы праводзяць са сваімі героямі некалькі дзён, а затым аналізуюць размовы і ўрэшце шукаюць ідэю і рэквізіт для кадра. Звычайна такая работа застаецца па-за кадрам.
«Мы два фатографы за адным фотаапаратам. У гэтым праекце мы фатаграфуем людзей. Сустракаемся з класнымі беларусамі (прычым не адзін раз), вельмі доўга камунікуем, прыдумваем, а потым ствараем кадр. Па сутнасці, мы ў гэтым праекце раскрываем усю сваю кухню і класных беларусаў»,
— гавораць самі аўтары пра свой праект.
Героямі першага выпуску сталі сямейная пара шоўменаў — Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая. Агульны час камунікацыі з імі склаў 15 гадзін. Ад сустрэчы з героямі да фінальнага кадру прайшло чатыры дні.
Больш за палову часу ў шоу аддадзена менавіта размове з героямі, абмеркаванню жыцця ў эміграцыі, спрэчкам аб музыцы. Дудзінскі і Раецкая распавялі сваю гісторыю знаёмства і паразважалі, што будуць рабіць, калі закончацца адносіны, падзяліліся некаторымі падрабязнасцямі падарожжа на Мадагаскар, праблемамі з псіхічным здароўем.
Чытайце яшчэ:
«Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?
«Простите за такой обидный и непредсказуемый финал». Белорусских медиа остается все меньше. Посмотрели, какие из них закрылись в 2023 году
Штучны інтэлект пакуль не заменіць журналістаў, затое можа ім дапамагчы. Даем лайфхакі