Галоўны рэдактар літоўскай газеты Respublika звярнуўся да Лукашэнкі па інтэрв’ю
Галоўны рэдактар і ўладальнік літоўскай газеты Respublika Вітас Томкус спадзяецца асабіста ўзяць інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Каб звярнуць на сябе ўвагу ўладаў у Мінску, ён напісаў фельетон, поўны сумніўнага сарказму і, мабыць, зразумелага літоўскаму чытачу гумару, піша Reform.by.
У артыкуле ён паведаміў, што звярнуўся ў пасольства Беларусі з просьбай пра інтэрв’ю і атрымаў адказ, што ягоны ліст перададзены ў адміністрацыю Лукашэнкі. Ён нагадаў, што ў 2020 годзе падчас масавых пратэстаў яму ў такім інтэрв’ю адмовілі. Тады ён, па яго прызнанні, хацеў даведацца ў Лукашэнкі, навошта бегаць з аўтаматам, калі можна ўсіх беларусаў пасадзіць на COVID-каранцін.
Размаўляць Томкус са Святланай Ціханоўскай не хоча, бо яна яму і так «дорага абыходзіцца».
«Калі б я вельмі хацеў, я мог бы знайсці на вакзале і танней», — відаць, грэбліва напісаў галоўрэд газеты Respublika.
Яму здаецца, што ягоны ўзровень — толькі Лукашэнка. Бо яны абодва «апошнія з магікан», займаюць свае пасады дзесяцігоддзямі.
Яшчэ адзін чалавек, які, ва ўяўленні Томкуса, знаходзіцца дзесьці побач — Такер Карлсан. Але Томкус адразу папярэджвае, што ён не Карлсан і пытацца ў Лукашэнкі пра гісторыю не будзе. Ды і апошні герой амерыканскага журналіста драбнаваты для галоўрэда Respublika, лічыць Томкус.
Магчыма пасля такога тэксту Вітас Томкус можа разлічваць на аўдыенцыю беларускага кіраўніка.
Чытайце яшчэ:
Не 50 адсоткаў, а толькі два. Фактчэкінг па слядах калонкі Рымаса Бружаса на LRT
Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў
Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»