У Латвіі забаранілі доступ да сайтаў АНТ і «СБ. Беларусь сегодня». Мінінфарм абурыўся
Нацыянальны савет Латвіі па электронных СМІ (NEPLP) лічыць рэсурсы ont.by і sb.by датычнымі да распаўсюду расійскай прапаганды, зазначае Delfi.lv.
Прапагандыст Ігар Тур. Скрыншот відэа яго аўтарскай праграмы «Прапаганда»
Акрамя сайтаў тэлеканала АНТ і дзяржаўнага медыяхолдынга «СБ. Беларусь сегодня», у спіс забароненых трапілі сем расійскіх рэсурсаў. Нацыянальны савет Латвіі па электронных СМІ падкрэслівае: гэтыя сайты апраўдваюць ваенныя злачынствы, учыненыя Расіяй, падаюць скажоную і ілжывую інфармацыю пра вайну Расіі супраць Украіны, транслююць ненавісніцкія выказванні і ўселяк падтрымліваюць наратывы агрэсіўнай расійскай прапаганды.
Міністэрства інфармацыі Беларусі ў адказ выступіла з асуджэннем блакіроўкі дзяржаўных беларускіх сайтаў.
«Рашэнне аб закрыцці доступу да сайтаў беларускага тэлеканала АНТ і выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» Мінінфарм расцэньвае як недапушчальныя дзеянні, накіраваныя на абмежаванне свабоды слова і мэтанакіраванае пазбаўленне латышскіх грамадзян права на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Пры гэтым Мінінфарм чамусьці не ўзгадаў, што па яго патрабаванні ўнутры краіны заблакаваны доступ да большасці незалежных беларускіх медыя, частка гэтых СМІ прызнаныя беларускай ўладай «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а іх сайты і сацсеткі ўнесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».