Прысуд Ігару Карнею: 3 гады і 20 тысяч рублёў штрафу
У Мінскім гарадскім судзе завяршыўся разгляд справы журналіста-фрылансера Ігара Карнея. Суддзя Сяргей Кацэр прызнаў журналіста вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і прыгаварыў да трох гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ігар Карней. Фота: «Радыё Свабода»
Cудовы працэс распачаўся 19 сакавіка, назаўтра было другое пасяджэнне, а 22 сакавіка ўжо прагучаў прысуд.
У першы дзень судовага разбіральніцтва на знак салідарнасці з Карнеем і іншымі беларускімі журналістамі, зняволенымі за прафесійную дзейнасць, да будынка Мінскага гарадскога суда прыйшлі дыпламаты Еўрасаюза, Аўстрыі, Нідэрландаў, Славакіі, Швецыі, Германіі, Польшчы і Вялікабрытаніі. На гэта тут жа адрэагавалі дзяржаўныя медыі: у некалькіх СМІ з’явіліся артыкулы, дзе прыніжалася годнасць і падсуднага, і замежных дыпламатычных прадстаўнікоў.
Ад моманту затрымання журналіста і да пачатку суда афіцыйна не паведамлялася прычына пераследу і ўтрымання пад вартай. Паводле публікацыі дзяржаўнай газеты «Беларусь сегодня», прычынай крымінальнай справы, распачатай супраць Ігара Карнея, стала яго супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Па версіі боку абвінавачання, Ігар Карней нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з «экстрэмісцкай арганізацыяй» БАЖ, ствараючы для яе інфармацыйных рэсурсаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады». І ў сваіх артыкулах ён нібыта «даваў ілжывую карціну пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь».
Журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года — як было абвешчана сваякам, на 10 сутак. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі. Некалькі дзён Карней знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, потым яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску, там яго трымаюць пад вартай дагэтуль.
Незадоўга да зняволення, 9 траўня 2023 года, Ігара Карнея на некалькі гадзін затрымлівалі на літоўска-беларускім памежжы, калі ён вяртаўся з вандроўкі. Журналіст і раней праходзіў працэдуры пільнага дагляду на мяжы, але гэтым разам на памежным пераходзе «Каменны Лог» трапіў на сапраўдны допыт.
Двое супрацоўнікаў КДБ — прыналежнасць да гэтага ведамства была пазначана ў прад’яўленых Карнею дакументах — праглядалі ягоны тэлефон і ўважліва распытвалі пра журналісцкую дзейнасць. «Крамолай», знойдзенай у тэлефоне, ім падавалася і аўтавыдаленне ліставання, і наяўнасць замежных тэлефонных нумароў, і англамоўныя допісы. Усё гэта інтэрпрэтавалася як наўмыснае прыхоўванне нейкіх важных звестак. Тым не менш, тэлефон урэшце вярнулі ўладальніку, і Карней паехаў дадому.
На той час ён сур’ёзна займаўся краязнаўствам і блогерствам, пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел». Увогуле яго журналісцкая біяграфія вельмі багатая: яшчэ студэнтам журфака БДУ ён стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда», з 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». У 2000 годзе прыйшоў на «Радыё Свабода», але сышоў адтуль, калі рэдакцыя рэлакавалася ў замежжа.
Вядома, што 15 лістапада 2020 года Ігара Карнея затрымлівалі падчас аднаго з мірных маршаў у Мінску. Тады яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіна.
1 студзеня 2024 года Ігару Карнею споўнілася 56 гадоў. Гэтую дату ён сустрэў ужо за кратамі.