На сайт беларускага спартовага партала «Трыбуна» адбылася DDoS-атака
Зараз інтэрнэт-рэсурс by.tribuna.com працуе ў звычайным рэжыме.
Пра магутную DDoS-атаку на сайт рэдакцыя выдання паведаміла ўчора ў 14.08 у сваім Тэлеграм-канале, напісаўшы: «Мы хутка вернемся. Дзякуй за разуменне». Падобныя атакі незалежны спартовы сайт перажываў ужо неаднаразова, апошні такі выпадак быў зафіксаваны роўна два гады таму — у красавіку 2022 года.
Рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ад 5 снежня 2023 года «ініцыятыва «Tribuna.com Беларусь» была абвешчаная экстрэмісцкім фарміраваннем.
Датычнымі да ягонай дзейнасці, паводле сілавога ведамства, былі прызнаныя сайт by.tribuna.com разам з люстэркамі, Telegram-канал «Tribuna.com Беларусь» (t.me/tribuna_by), суполка ў Telegram «Tribuna.com Беларусь Chat», Telegram-боты @ByTribunaComBot і @tribunaby_adv_bot; старонкі выдання ў сацсетках: Instagram, Facebook, X, «ВКонтакте», threads, TikTok, мабільны дадатак «Tribuna.com Беларусь» для Android на play.google.com, а таксама лагатып выдання.