Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак журналісту Аляксандру Зянкову
Суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч вырашыла, што суд першай інстанцыі слушна прыгаварыў барысаўскага фатографа і відэааператара-фрылансера да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Такі прысуд вынесла 30 студзеня 2024 года суддзя Мінскага гарадского суда Жанна Брысіна, прызнаўшы Аляксандра Зянкова вінаватым ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (частка 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса). Вярхоўны суд пакінуў ягоную апеляцыйную скаргу без задавальнення, а ранейшае судовае рашэнне — без зменаў.
Зараз журналіста ўтрымліваюць у магілёўскім СІЗА, і там ён, найхутчэй, будзе знаходзіцца да адпраўкі на месца адбывання прысуду. За кратамі фатограф і відэааператар ужо амаль 10 месяцаў.
Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі там ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск і 10 дзён трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Паводле аднаго з ягоных сукамернікаў па ІЧУ, Аляксандр адмовіўся ад паслугаў дзяржаўнага адваката і не прызнаваў ні ў чым свае віны.
Прыблізна на пяты-шосты дзень знаходжання на Акрэсціна яго забралі на допыт да следчага, і вярнуўся ён толькі праз пяць гадзін. Распавёў, што яму інкрымінуюць крымінальны артыкул за спрыянне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, і што абвінавачанне тычыцца ягоных відэаздымкаў, паказаных на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў тэхнічным абсталяванні, якое забралі з дома. Праз 10 дзён Зянкова перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Там ён знаходзіўся да суда і яшчэ некаторы час пасля — да адпраўкі ў СІЗА пры магілёўскай турме № 4.
23 студзеня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста-фрылансера палітычным вязнем.
Аляксандр Зянкоў працаваў у Барысаве фатографам, ён аформіў прыватнае прадпрымальніцтва і рабіў здымкі на замову. Потым захапіўся відэаздымкамі, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла яго творчую працу пра адбудаванне царквы ў вёсцы Зэмбін.
Таксама супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі ў якасці фрылансера. Некалькі разоў Аляксандра Зянкова падчас фота- і відэаздымак затрымлівала міліцыя, але да адміністрацыйнага, тым больш крымінальнага пераследу не даходзіла. Прыкладам, у ліпені 2020 года ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, якіх затрымалі ў Мінску, тады яго адпусцілі пасля праверкі дакументаў. У верасні 2020 года да барысаўскага фатографа прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.
Сёлета ў студзені на знак падтрымкі затрыманых фрылансераў Аляксандра Зянкова, Яўгена Глушкова і Алеся Сабалеўскага выступіў Камітэт па абароне журналістаў (CPJ). «Затрыманні журналістаў Яўгена Глушкова, Алеся Сабалеўскага і Аляксандра Зянкова з’яўляюцца яшчэ адным прыкладам бязлітаснага пераследу прадстаўнікоў прэсы з боку беларускіх уладаў», — заявіла каардынатарка праграм CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.