ААЦ масава адбірае дамены ў выданняў, якія трапілі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Цягам апошніх дзён рэдакцыі інтэрнэт-выданняў, абвешчаных беларускімі судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», атрымліваюць паведамленні пра тое, што іх адрасы ў даменнай зоне .by больш не дзейнічаюць.
Новыя імёны
Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь рассылае адмысловыя лісты, абапіраючыся на ўласны загад ад 4 красавіка пра ануляванне беларускіх даменных імёнаў для сайтаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэты спіс складае на сваім сайце Міністэрства інфармацыі паводле рашэнняў судовых інстанцый.
Загад ААЦ быў апублікаваны 9 красавіка 2024 года. Некаторыя рэдакцыі ўжо паспелі перавесці свае выданні на новыя дамены.
Першым пра ануляванне інтэрнэт-адраса паведаміла рэдакцыя выдання Reform.by. Гэтае медыя трапіла ў «экстрэмісцкі спіс» зусім нядаўна — 21 сакавіка 2024 года, адпаведнае рашэнне прыняў 14 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста. У рэдакцыі былі гатовыя да такіх падзей і падрыхтавалі новую пляцоўку з іншым даменам —reform.news.
Падобным чынам паступілі ў рэдакцыі інфармацыйнага сайта «Медыязона Беларусь». Інтэрнэт-рэсурс mediazona.by, абвешчаны «экстрэмісцкім» 20 траўня 2022 года паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна, працягвае працаваць па адрасе mediazonaby.com. Рэгіянальны сайт «Медиа-Полесье» (media-polesye.by), які трапіў у «экстрэмісцкі спіс» 5 красавіка 2022 года згодна з рашэннем суда Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, цяпер мае адрас Media-Polesye.cоm.
Некаторыя інтэрнэт-выданні не спавяшчалі чытачоў пра пераход у іншую даменную зону, і гэтыя сайты проста не адкрываюцца. Прыкладам, інфармацыйныя парталы stolin.by («Столин»), baranovichi.by («Барановичи»), luninies.by («Лунинец»), прызнаныя «экстрэмісцкімі» 16 лютага гэтага года ў адпаведнасці з рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста.
Хто яшчэ ў спісе?
На сёння ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, апрача згаданых вышэй, уключаныя інфармацыйныя сайты з даменам у беларускім сегмеце сеткі Інтэрнэт:
- tut.by (інфармацыйны партал, прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 13 жніўня 2021 г.);
- baj.by (інфармацыйны сайт ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 8 чэрвеня 2023 г.);
- brestnote.by (брэсцкае рэгіянальнае выданне BrestNote, прызнанае экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ад 10 красавіка 2024 г.);
- intex-press.by (сайт баранавіцкага інфармацыйнага выдання, прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 29 красавіка 2023 г.);
- ex-press.by (барысаўскае інфармацыйнае інтэрнэт-выданне, прызнанае экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ад 9 лютага 2023г.);
- borisovnews.by (сайт выдання «Борисовские новости», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ад 12 лістапада 2021 г.) ;
- belaruspartisan.by (сайт інтэрнэт-выдання «Белорусский Партизан», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 12 лістапада 2021 г.);
— b‑g.by (сайт выдання «Брестская газета», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 26 лістапада 2021 г.);
-1reg.by (інфармацыйны рэсурс «Першы рэгіён», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 27 снежня 2021 г.);
- 6tv.by (магілёўскі інфармацыйны рэсурс, прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Магілёва ад 2 лютага 2022 г.);
- rh.by (сайт выдання «Рэгіянальная газета», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ад 20 студзеня 2022 г.);
- lepel.by (інфармацыйны рэсурс «Новости Лепеля», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Чыгуначнага раёна Віцебска ад 25 студзеня 2022 г.);
- naviny97.by (інфармацыйны рэсурс «Навіны 97», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 18 лютага 2022 г.);
- honest-people.by (інтэрнэт-рэсурс грамадскай ініцыятывы «Честные люди», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Чыгуначнага раёна Віцебска ад 22 лютага 2022 г.);
- bornews.by (інфармацыйны рэсурс «Борисов-инфо», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ад 18 ліпеня 2022 г.);
- zasvojgorod.by (інтэрнэт-рэсурс «Вектор нашего города», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 5 верасня 2022 г.);
- babruisk.by (інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска ад 26 верасня 2022 г.);
- carkva-gazeta.by (інтэрнэт-выданне «carkva.by», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 14 снежня 2022 г.);
- bk-brest.by (сайт выдання «Брестский курьер», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 7 ліпеня 2023 г.);
- zbsunion.by (сайт «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Цэнтральнага раёна Гомеля ад 4 жніўня 2023 г.);
- inform-progulka.by (сайт рэгіянальнага выдання «Информ-Прогулка», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ад 20 кастрычніка 2023 г.);
- ganc-chas.by (сайт выдання «Ганцавіцкі час», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 2 лістапада 2023 г.);
- pyx.by (сайт Руху «За Свабоду», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 7 снежня 2023 г.);
- 1pinsk.by (рэгіянальны інфармацыйны рэсурс «Першы Пінскі», прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй рашэннем суда Пінскага раёна і г. Пінска ад 21 снежня 2023 г.).