«Гэта быў КДБ». Вялікая размова з фотажурналістам Аляксандрам Васюковічам пра працу ва Украіне, СІЗА і эвакуацыю з Беларусі
Вядомы беларускі фотажурналіст Аляксандр Васюковіч выехаў з Беларусі з дапамогай BySOL. Аўтар БАЖ сустрэўся з Аляксандрам у Варшаве і паразмаўляў пра тое, як змянілася жыццё фатографа пасля пратэстаў, пра працу ва Украіне, пра затрыманне і тое, як быць па іншы бок у залі судовага паседжання.
«Усё трэба пачынаць з нуля. Але ўсё адно лепей, чым сядзець у турме»
Мы сустракаемся з Аляксандрам у адной з варшаўскіх кавярняў на правым беразе Віслы. Ён заходзіць у капялюшы і сонечных акулярах. Замаўляе амерыкана, кажа «дзенькуе» і мы пачынаем размову.
— Саша, як справы?
— Толькі выехаў. Я прыехаў у Варшаву ў нядзелю а 4‑й раніцы. Таму пакуль паспаў, адышоў, паспеў пашукаць сабе кватэру. Пакуль спыніўся ў сяброў. Нават наконт працы яшчэ нічога не даведаўся.
Аляксандра Васюковіча ў студзені 2024 года асудзілі па артыкуле 342 ч.1 КК РБ за ўдзел ў масавых беспарадках на 3 гады дамашняй «хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
— Адчуваеш сябе ў бяспецы?
— Я бяспечна сябе адчуваў яшчэ калі з’ехаў з Мінску. А калі апынуўся ў Еўразвязе, то адразу ўсю трывожнасць як рукой зняло. Хаця, хутчэй за ўсё, гэта адкаціцца крыху назад, бо тут трэба будзе шмат чаго новага рабіць, усё пачынаць з нуля. Але ўсё адно лепей, чым сядзець у турме.
— Было адчуванне, што ты той чалавек, які будзе ў Мінску да апошняга. Цяжка было вырашыцца выехаць?
— Я і сядзеў у Мінску да апошняга. Я не хацеў з’язджаць з Мінску. Мне ён падабаецца, я люблю Мінск. Я шмат на што мог бы заплюшчыць вочы, акрамя таго, што час ад часу ў нас не да законаў.
— Ці пачуваў ты, чалавек з фотаапаратам, бяспеку на вуліцах горада? Ці памяняўся Мінск за апошнія гады?
— Горад памяняўся. Ён не тое, каб стаў пусты, ён стаў стэрыльны. Усе ходзяць, усе аднолькавыя, ніхто нічога не выказвае. Людзі як жылі, так і жывуць. За тое, што ты ходзіш па вуліцы з фотаапаратам, мяне ні разу не тое, што не затрымлівалі, нават пытанняў ніхто не задаваў.
Але ўсё адно ты разумееш, што ставіш для сябе занадта шмат рамак, самацэнзуры, дзе ты можаш хадзіць з фотаапаратам, а дзе лепей не хадзіць.
«Праекты ў Мінску мне рабіць не хацелася, каб нікога не падставіць»
— Ці здымаў ты нешта за гэты час? Можа ёсць новыя праекты?
— Я крыху здымаў у гэты час, але праекты ў Мінску мне рабіць не хацелася, каб нікога не падставіць і не падставіцца самому.
— Ты здымаў пахаванне Алеся Пушкіна. Я памятаю, якая напружаная сітуацыя была напярэдадні. Ці было гэта бяспечна для цябе?
— Там была міліцыя. Але я здымаў гэта выключна для сябе. Калі б я гэта камусьці прапанаваў, ніхто б не захацеў гэта публікаваць. А калі б я апублікаваў гэта недзе, акрамя свайго інстаграма, мяне б вылічылі. Хаця я прыняў меры, каб мяне нельга было адсачыць. Тым не менш, я лічыў, што раз я тут, то я еду, бо мяне гэтая смерць вельмі абурыла.
— Што было для цябе самым складаным за гэтыя амаль тры гады, пасля таго як пачаліся пагромы рэдакцый і эміграцыя калег?
— Чаканне: прыйдуць за табой ці не прыйдуць.
Так атрымалася, што сядзець ціха па клічы сэрца я не мог. Я ездзіў з Мінска ва Украіну праз Варшаву і кожны раз гэта магло скончыцца тым, чым скончылася. Зараз я разумею, што гэта быў не вельмі правільны выбар. Магчыма, я не настолькі, наколькі патрэбна, цаніў сваю свабоду. Але лепей навучыцца на сваіх памылках, калі не на чужых.
— Ты маеш на ўвазе, што выезды ва Украіну маглі паспрыяць твайму затрыманню?
— Так, я думаю, што гэта і паспрыяла. Падчас вяртання з апошняй паездкі мяне вельмі доўга дапытвалі на мяжы. Потым выпусцілі і я паехаў дадому. А праз два тыдні прыйшлі дадому з вобшукам.
«Больш цікавіліся маёй працай ва Украіне»
— Як гэта было?
— Нехта званіў у дзверы, пакуль я яшчэ спаў. Але я не ўставаў. Потым мне патэлефанавалі на мабілу і сказалі, што трэба пад’ехаць у камітэт [КДБ – заўв. БАЖ] і паразмаўляць. Я пагадзіўся. Калі сабраўся і адчыніў дзверы, то мне паказалі пасведчанне. Гэта быў КДБ.
Са мной усе вельмі культурна размаўлялі. Вельмі культурна праводзілі вобшук – нічога не параскідвалі, ніхто не пагражаў і не біў. Але ўсё роўна гэта не вельмі прыемна.
—Што яны казалі?
— Што праводзяць вобшук па вялікай справе, якую завялі 9 жніўня 2020 года аб масавых беспарадках. Паказалі пастанову на вобшук ад следчага камітэту.
— Ці была з боку КДБ цікавасць да твайго фотаархіву?
— Яны больш цікавіліся маёй працай ва Украіне. Узялі блакнот, дзе былі запісы, камп’ютар, дыскі і флэшкі, якія былі дома. А таксама арыгіналы раздрукаваных фатаграфій з майго праекту «Фота на памяць», якія былі дома. Але потым усё вярнулі.
Да іх трапіла невялікая падборка апублікаваных фатаграфій, з якімі я працаваў, каб высылаць на конкурсы і выставы.
— Ты адразу зразумеў, што трапіш у СІЗА?
— Не тое, каб адразу. Але я думаў, што хутчэй за ўсё так і будзе.
Спачатку я быў на Акрэсціна. А потым мне прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 342 частцы 1 на падставе фотаздымкаў акцый, якія я рабіў, стоячы на праезнай частцы.
— Родныя прасілі журналістаў не пісаць пра тваё затрыманне. Чаму вы абралі такую тактыку?
— Мы вырашылі з адвакатам, што галоўнае для нас – выйсці на хатнюю «хімію» ці на «хімію» з накіраваннем. Бо сядзець у турме з‑за прынцыпаў я ня бачыў ніякага сэнсу.
Я не ведаю, ці дапамагло гэта. Але не хацелася, каб гэта [публічнасць] магло даваць падставу для паказальнага суду.
— Як і з кім ты сядзеў у камеры?
— Спачатку я заехаў на «шанхай» і прабыў там каля месяца. А потым гэтую частку турмы ўвогуле закрылі назаўсёды, таму што там вельмі вялікая шчыльнасць людзей на адну камеру. Нас усіх перавялі ў іншыя. Я трапіў у іншую камеру з парай чалавек, з якімя я быў на «шанхаі». У новай камеры палітычных было адсоткаў 40. Другая найбольш вялікая група – гэта тыя, чыі артыкулы звязаныя з наркотыкамі, а таксама з махлярствам.
— Як ты бавіў час у камеры?
— Чытаў кніжкі, маляваў. У нас нават быў тэлевізар, але я не вельмі любіў яго глядзець. Першы час мяне гэта ўсё крыху раздражняла. Але ён шмат каму дапамагаў, як мне дапамагалі кніжкі. А ўжо потым я прывык.
Я чытаў там ад мастацкай літаратуры, Керуака, Паланіка і Сэленджэра, да кніжак Стывена Хокінга і Махатмы Гандзі. Крыху маляваў на турэмную тэму, крыху перамалёўваў партрэты людзей з кніжак, якія там былі, напрыклад Гандзі, Хантэра Томсана. Можна было хадзіць на прагулкі, парабіць нейкія фізічныя практыкаванні ў камеры. Стараўся рабіць іх хаця б праз дзень, праз два.
— Ці даходзілі да цябе лісты?
— Лісты даходзілі толькі ад блізкіх людзей. І ад сяброўкі два прыйшло ў самым пачатку. Потым перасталі. Усе пісалі, што сумуюць і спадзяюцца на лепшае. Я дасылаў малюнкі, якія маляваў.
13 дзён у карцары
— Стаўленне ў СІЗА да цябе было як да палітычнага?
— У СІЗА на Валадарцы значна лепей ставяцца да людзей, чым на Акрэсціна. Але ёсць адна гісторыя. Адзін з канваіраў узяў за сістэму пісаць на мяне рапарт, нібыта я сплю, калі было нельга, хаця я не спаў. Мне ўсе казалі, ад супрацоўнікаў да сукамернікаў, што трэба гэта прызнаць і дадуць [пакаранне] па-мінімуму, казалі пра трое сутак у карцары. У выніку начальнік турмы паглядзеў на мой артыкул і выдаў мне 17 сутак. У астатнім я не бачыў розніцы ў стаўленні да мяне як да палітычнага.
—17 дзён у карцары – як гэта?
— Слухай, ну ты сядзіш і заганяешся ўвесь час у гэтым карцары. Калі ў цябе трывожны разлад, то гэта не вельмі прышпільна. Пачынаеш бачыць нейкія малюнкі ў плямах на сценах. А калі ты ў карцары даведваешся, што ў цябе суд праз 10 дзён, то ўвогуле становіцца не вельмі прыемна. Ты не можаш сябе нічым заняць, акрамя як сядзець і думаць пра тое, што будзе.
Але тут таксама гісторыя пра стаўленне да палітычных. Я напісаў заяву на начальніка медчасткі, што я сябе вельмі дрэнна адчуваю ў псіхічным стане перад судом. Я папрасіў выпусціць мяне з карцару за два дні да суду, а калі мяне асудзяць на калонію, то я туды вярнуся. Мне пайшлі насустрач. Правёў у спакойнай абстаноўцы ў камеры са знаёмымі людзьмі гэты час, падрыхтаваўся да суду.
У выніку я правёў у карцары 13 дзён.
— Раскажы пра дзень суда. Ты шмат разоў здымаў судовыя паседжанні і людзей у клетцы. Як яно было па той бок?
— Гэта вельмі адрознівалася ад таго, калі я здымаў у судах. Там быў натоўп, увесь паверх быў заняты. Мы пхаліся, каб зайсці. А зараз прыйшлі літаральна мае бацькі. Ніхто не здымае, нікога няма.
— Было крыўдна з‑за гэтага?
— Ды не, чаму крыўдна? Большасць маіх сяброў даўно з’ехала. Ніхто не хоча рызыкаваць і я гэта цалкам разумею. Людзям лепей не адсвечваць, калі яны сабраліся спакойна дасядзець у Беларусі. Таму ні пра якую крыўды не можа ісці размовы.
Суд паставілі на паўтары гадзіны, але толькі 40 хвілін зачытвалі абвінавачванне. Таму працяг быў на наступны дзень.
— І што там зачытвалі ўсе гэтыя 40 хвілін?
— Што я хадзіў па дарозе шмат разоў.
— Гэта ўсё за 9 жніўня 2020 года?
— Не, за шмат эпізодаў.
— Першапачаткова табой зацікавіліся з‑за паездак ва Украіну, а потым з’явіўся артыкул пра ўдзел у масавых беспарадках?
— Калі я знаёміўся з матэрыяламі справы перад судом, я ўбачыў, што падставай для майго затрымання сталі аператыўныя дадзеныя аб маёй ранейшай супрацы з незалежнымі СМІ. То бок я пра гэта не ведаў адразу.
«Мне хацелася толькі з’ездзіць з палатачкай на Іслач»
— Ты агулам правеў у СІЗА каля трох месяцаў. Наколькі за гэты час ты выпаў з інфармацыйнай прасторы? Было адчуванне, што за гэты час нешта змянілася?
— Я быў на Акрэсціна і ў СІЗА без пяці дзён тры месяцы. Калі выйшаў, то нічога не змянілася. У СІЗА хоць і крыва-коса, але можна паглядзець, што адбываецца ў свеце. Гэта будзе расказана з іншага боку, але ты можаш падзяліць на два.
— Ці былі ў цябе нейкія праблемы са здароўем у СІЗА ці пасля яго?
— У СІЗА ў мяне здарыўся прыступ перыядантыту на пярэднім зубе, які я не далячыў, выязджаючы з Варшавы [пасля вяртання з Украіны]. Пакуль я ў Мінску стаяў у чарзе, мяне загрэблі. І што я магу сказаць? Мне гэты зуб з СІЗА вылечылі. Я быў чатыры разы ў стаматолага. Ён быццам зразумеў, як мне балюча і зрабіў гэты зуб. Я потым правяраў, ці трэба нешта перарабіць, але сказалі, што ўсё добра. Так, прыйшлося пачакаць пэўны час – гэта не так, што ты напісаў і адразу трапіў да стаматолага.
На шчасце, у здароўі я нічога не згубіў, мне падаецца, хаця я і не правяраў.
— Калі ты выйшаў, што зрабіў адразу?
— Абняў усіх, хто прыйшоў і потым мы паехалі дадому. Вечарам пайшлі ў бар.
— Тэрмін, які ты атрымаў, супаў з тым, што прасіў пракурор?
— Так. Мы прасілі менш. Але ў выніку далі 3 гады хатняй «хіміі».
— Калі агучылі прысуд, у цябе былі думкі, што трэба ехаць?
— У мяне гэтыя думкі былі адразу, як я трапіў на Акрэсціна, што мне трэба ехаць, як я выйду, і пофіг, што будзе.
Але за той час, пакуль я пабыў на свабодзе і чакаў свайго выезду, гэта ўпэўненасць наадварот губляецца, і ты ўжо не ўпэўнены, што атрымаецца знайсці працу, як ты будзеш жыць і гэтак далей.
— Доўга чакаў выезду?
— У мяне не было пашпарту. Яго забралі пры вобшуку і маглі аддаць толькі пасля таго, як вырак набудзе моц. А яшчэ я падаў апеляцыю, каб у мяне быў час парабіць нейкія справы. Пасля таго, як вырак набыў моц, я не адразу знайшоў свой пашпарт. Потым яго давялося памяняць. Таму ўсё зацягнулася даволі надоўга.
— Ці было нейкае развітанне з сям’ёй, сябрамі і месцамі?
— Мне хацелася толькі з’ездзіць з палатачкай на Іслач, на адно з маіх улюбёных месцаў. Я гэта зрабіў. Літаральна перад выхадам на маршрут я заставаўся адзін дома. Таму сабраўся і пайшоў.
«Пакуль што я як сляпое кацяня»
— Якія планы на бліжэйшы час? Можа хочацца адпачыць?
— Я адпачываць проста закалупаўся ў Менску! Планы на бліжэйшы час — зняць кватэру ў Варшаве і высветліць, што з працай, якая была ў мяне да таго, як я сеў у турму.
Мне хацелася б працягнуць і далей здымаць тое, што я здымаў і што цікава для мяне – гэта вайна ва Украіне і барацьба украінцаў за іх незалежнасць, тое, які яны плацяць кошт за гэта. Але пакуль я не ведаю як гэта рабіць. Калі ў цябе ёсць заробак, ты можаш адкласці грошы і паехаць здымаць свае праекты. Але зараз усе новае. Пакуль што я як сляпое кацяня – ёсць намеры, а як канкрэтна гэта рабіць, я высвятляю. Таму буду ўдзячны ўсім за любую дапамогу.
Я ж фатограф-дакументаліст – вось гэта я ўмею рабіць. Магу чыніць матацыклы Honda Transalp, як у мяне (смяецца). Мне патрэбна праца, каб плаціць па рахунках, каб ездзіць ва Украіну. Ну і патрэбны грошы на першы час, пакуль не знайду працу.