Украінскае МЗС прэзентавала згенераванага штучным інтэлектам прэс-сакратара
Галоўнай прычынай стварэння прэс-сакратара па імені Вікторыя стала «эканомія часу і рэсурсаў» дыпламатаў.
У сераду Украіна прадставіла згенераванага штучным інтэлектам прэс-сакратара па імені Вікторыя, якая будзе рабіць афіцыйныя заявы ад імя ўкраінскага Міністэрства замежных спраў, паведамляе «Голас Амерыкі».
Міністэрства заявіла, што «ўпершыню ў гісторыі» будзе выкарыстоўваць лічбавага прэс-сакратара для чытання сваіх заяў. Прэс-служба Міністэрства замежных спраў паведаміла, што заявы Вікторыі не згенераваныя штучным інтэлектам, а «напісаныя і правераныя рэальнымі людзьмі», а ШІ дапамагае генераваць толькі візуальную частку.
👋 Meet Victoria Shi — a digital representative of the MFA of Ukraine, created using AI to provide timely updates on consular affairs!
For the first time in history, the MFA of Ukraine has presented a digital persona that will officially comment for the media. pic.twitter.com/KTtuCVR1ku
— MFA of Ukraine 🇺🇦 (@MFA_Ukraine) May 1, 2024
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што новы прэс-сакратар — гэта «тэхналагічны скачок, якога яшчэ не здзяйсняла ніводная дыпламатычная служба ў свеце».
Паводле яго слоў, галоўнай прычынай яе стварэння стала «эканомія часу і рэсурсаў» дыпламатаў.
Стваральнікі Вікторыі — каманда пад назвай The Game Changers, якая таксама рабіла кантэнт віртуальнай рэальнасці, звязаны з вайной ва Украіне.
Прататыпам Вікторыі стала Разалі Номбрэ, спявачка і былая ўдзельніца ўкраінскай версіі рэаліці-шоу «Халасцяк».
Номбрэ нарадзілася ў Данецку на ўсходзе Украіны.
У яе 54 000 падпісчыкаў у інстаграме. У Міністэрстве заявілі, што Номбрэ ўдзельнічала ў праекце бясплатна. У заяве міністэрства падкрэсліваецца, што Вікторыя і Номбрэ «два розныя чалавекі» і што афіцыйныя заявы робіць толькі Вікторыя.
Каб пазбегнуць падробак, заявы будуць суправаджацца QR-кодам, які звязвае іх з тэкставымі версіямі на сайце Міністэрства.