• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогерка Алена Янушкоўская пра продаж уладамі яе хаты: Маёмасць ацанілі нашмат ніжэй за рынкавы кошт

    Улады прадаюць з аўкцыёну хату віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай. Сама гаспадыня нерухомасці — у вымушанай эміграцыі, у Беларусі супраць яе распачатыя дзве крымінальныя справы.

    Блогерка Алена Янушкоўская пра продаж уладамі яе хаты

    Алена Янушкоўская. Фота з асабістага архіву

    Алена Янушкоўская кажа, што нечага падобнага ўжо чакала: у лютым на яе хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна наклалі арышт. Цяпер жытло выставілі на аўкцыён, каб сродкамі з продажу пакрыць запазычанасць блогеркі па штрафах і падатках.

    Аўкцыён прызначаны на 30 траўня, абвешчаная цана маёмасці — 10 700 рублёў. На думку блогеркі, Бюро тэхнічнай інвентарызацыі ацаніла нерухомасць нашмат ніжэй за рынкавы кошт:

    «На пачатку 2000‑х, калі я купляла гэтую хату, я заплаціла амаль 9 тысяч долараў. Будынак не новы, але досыць прасторны, 56 квадратных метраў, чатыры пакоі. Побач уласная студня, на падворку — гаспадарчыя пабудовы, лазня, літаральна за хатай — сажалка. Тэрыторыя «маёнтка» — 25 сотак. А самае галоўнае, хата стаіць на ўскрайку вёскі, там вельмі зацішна, як на асобным хутары. Ацяпленне пячное, але вёска газіфікаваная, падвесці газ пры жаданні — не праблема. Іншая справа, што ў мяне не было на гэта лішніх грошай… Увогуле ж вёска Суйкава месціцца за тры кіламетры ад Віцебска, сюды ходзяць гарадскія маршруткі. Усё вельмі зручна».

    Блогерка Алена Янушкоўская пра продаж уладамі яе хаты

    Сума запазычанасці Алены Янушкоўскай складае 1436 рублёў 60 капеек, з іх 856 рублёў —  гэта нясплочаныя штрафы. Астатняе — падаткі, якія жанчына не мела магчымасці заплаціць з‑за мяжы. Людзі, на якіх яна паспадзявалася ў гэтай справе, падвялі. Сваякоў у Беларусі ў яе практычна не засталося.

    Калі хату прададуць і запазычанасць будзе пагашаная, ці можна будзе нейкім чынам атрымаць астатнія грошы за сваю маёмасць? Адказу на гэтае пытанне Алена Янушкоўская не ведае. І не выключае, што гэтыя грошы выкарыстаюць як «прыманку», каб заахвоціць яе вярнуцца з‑за мяжы.

    «Суседзі маёй дачкі распавядалі, што да іх днямі прыходзіў міліцыянт і распытваў, куды мы ўсе з’ехалі. Казаў, каб мне перадалі, што супраць мяне распачатыя дзве крымінальныя справы — за абразу Лукашэнкі і за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. І што мне, маўляў, прасцей прыехаць і «адсядзець» за свае правіны. Маўляў, «дадуць» мне гады тры калоніі, і праз паўтра я выйду па амністыі. Вельмі ім хочацца, каб я вярнулася», — кажа Алена Янушкоўская. 

    Блогерка Алена Янушкоўская пра продаж уладамі яе хаты

    У Беларусі і перадусім на Віцебшчыне  жанчыну ведаюць як стваральніцу шэрагу груп у сацыяльных сетках і відэаканала «Настоящая Беларусь», дзе блогерка яшчэ з 2018 года распавядала пра нялёгкае жыццё вяскоўцаў. У лістападзе 2021 года Міністэрства інфармацыі ўключыла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў некалькі відэаролікаў, размешчаных на гэтым YouTube-канале, у снежні 2022-га ў гэты спіс унеслі групу «Настоящая Беларусь» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у красавіку 2023-га — групу з такой самай назвай у «Одноклассниках», у лютым 2024 года — групу «Настоящая Беларусь» у Face­book.

    Алена Янушкоўская пакінула Беларусь у лютым 2021 года. Прычынай стаў ціск за блогерскую дзейнасць: з 2020 года блогерку неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі за яе стрымы з важных грамадска-палітычных падзей у Віцебску і ў Мінску. Арышты даводзілася адбываць, нягледзячы на істотныя праблемы са здароўем: жанчына пакутуе на астму, мае інваліднасць. Ціснулі на блогерку і праз рэпрэсіі ў дачыненні да яе блізкіх: дачку Юлію неаднаразова штрафавалі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных акцыях, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе дзвюх непаўналетніх дачок. Цяпер Юлія Уласенка разам з дзецьмі таксама знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці