• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На варшаўскай выставе можна ўбачыць партрэты журналістаў-палітвязняў

    На Банкавай плошчы ў Варшаве размясцілася вулічная экспазіцыя, якая нагадвае мінакам пра ахвяр палітычных рэпрэсій у сённяшняй Беларусі.

    партрэты беларускіх журналістаў-палітвязняў у Варшаве

    Фота: БАЖ

    Гэта 238 партрэтаў палітвязняў, створаных беларускай мастачкай Ксішай Ангелавай, і скульптура «Алея ўзыходзячага сонца» — супольная праца Паўла Альтхамера, Гжэгажа Яжыны і Ганны Аксер-Фіялкоўскай. Гэтыя творцы разам з культурным цэнтрам Wola падрыхтавалі інсталяцыю, якая «нагадвае пра становішча апазіцыянераў, журналістаў і мастакоў, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі», гаворыцца ў апісанні праекта.

    Мастацкі праект мае назву «Алея свабоды» (Ale­ja wol­noś­ci) і прадстаўляе, паводле аўтараў, «сітуацыю ў будучыні, абвяшчаючы перамогу і сустрэчу на волі», калі палітвязні выйдуць з‑за кратаў.

    партрэты беларускіх журналістаў-палітвязняў у Варшаве

    Але сёння «кампазіцыя з’яўляецца мастацкім выказваннем, якое ёсць адначасова і самаздзяйсняльным прароцтвам, і сведчаннем грамадскай думкі наконт прычын, па якіх гэтыя людзі адбываюць жорсткія прысуды».

    Экспазіцыя ва ўнутраным дворыку гарадской адміністрацыі Варшавы  сустракае гледачоў вялікім партрэтам Анджэя Пачобута — палітзняволенага, былога карэспандэнта Gaze­ty Wybor­czej, асуджанага да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

    партрэты беларускіх журналістаў-палітвязняў у Варшаве

    Усяго на выставе прадстаўленыя 238 партрэтаў палітвязняў з серыі «Беларускі мартыралог», якую мастачка Ксіша Ангелава стварае з 2020 года. Сярод іх — выявы зняволеных па палітычных прычынах прадстаўнікоў СМІ Ігара Лосіка, Ксеніі Луцкінай, Андрэя Кузнечыка, Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), Аляксандра Манцэвіча, Валерыі Касцюговай, Марыны Золатавай, Ірыны Леўшынай, Аляксандра Любенчука, Дзмітрыя Семчанкі, Паўла Падабеда, Паўла Мажэйкі, Ігара Карнея, магілёўскіх журналістаў Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова, якіх у чаканні суда трымаюць пад вартай у магілёўскім СІЗА. У склад выставы ўключаныя і партрэты беларускіх блогераў — Дзмітрыя Казлова і Дзмітрыя Сельвяструка. партрэты беларускіх журналістаў-палітвязняў у Варшаве

    Наведнікі экспазіцыі ўбачаць і выявы вядомых грамадскіх дзеячаў — нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, палітыкаў Паўла Севярынца, Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча, Рыгора Кастусёва і іншых, а таксама партрэты звычайных беларусаў, якіх пазбавілі волі за смеласць у выказваннях і адкрытую дэманстрацыю сваёй грамадзянскай пазіцыі.

    Выставу пад адкрытым небам можа паглядзець кожны ахвотны, яна распачалася 16 траўня і будзе працаваць да 16 чэрвеня, уваход вольны. 

    партрэты беларускіх журналістаў-палітвязняў у Варшаве

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці