• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Місія ўсё яшчэ выканальная, хаця і зацягнулася». На юбілеі «Радыё Свабода» гаварылі пра пагрозы каланіялізму і становішча палітвязняў

    22 траўня ў Сейме Літвы старшыня Сейма Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн, лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская, прэзідэнт «Радыё Свабода» Сцівен Капус віншавалі Беларускую службу «Радыё Свабода» з 70-годдзем. Вельмі хутка напаўюбілейныя матывы змяніліся абмеркаваннем больш надзённых праблем: становішча незалежнай журналістыкі, як дапамагчы беларускім палітвязням і як змагацца з расійскай прапагандай.

    Злева направа: спікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, кіраўніца бюро беларускай службы «Радыё Свабода» ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене, прэзідэнт «Радыё Свабода» Стывэн Капус. Фота: RFL/RL

    Жудасны рэйтынг рэжыму Лукашэнкі

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў павіншаваў калектыў «Радыё Свабода» з юбілеем. І ўзгадаў палітвязняў-свабодаўцаў Ігара Лосіка і Андрэя Кузнечыка, а таксама фрылансера «Радыё Свабода» Ігара Карнея, які таксама сёння знаходзіцца ў зняволенні.

    — Беларускі рэжым робіць усё, каб журналістаў, якія нясуць праўду, не ведалі ў Беларусі. Супраць незалежных рэпарцёраў вядзецца самая сапраўдная вайна: 35 супрацоўнікаў медыя сёння знаходзяцца ў зняволенні. «Рэпарцёры без межаў» паставілі Беларусь на трэцяе месца па ўзроўні рэпрэсіяў супраць журналістаў: большыя рэпрэсіі назіраюцца толькі ў М’янме ды Кітаі. Аднак памеры гэтых краін несупастаўляльныя. Па колькасці рэпрэсаваных журналістаў на 100 тысяч насельніцтва ў жудасным рэйтынгу рэжым Лукашэнкі больш за ўсіх у свеце трымае журналістаў за кратамі, — падкрэсліў Алег Агееў.

    Беларускі рэжым імкнецца маніпуляваць свядомасцю беларусаў, а «Радыё Свабода» супрацьдзейнічае памкненням рэжыму. А таксама змагаецца з расійскай прапагандай:

    — Праз праўду, праз данясенне інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Сёння ў Беларусі існуюць дзве крыніцы прапаганды: без купюр транслюецца расійская і лукашэнкаўская, — дадаў юрыст. — Толькі праз салідарнасць журналістаў, журналісцкіх арганізацый мы можам рабіць асноўнае — даносіць праўду, каб людзі ведалі, што насамрэч адбываецца.

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Дарэчы, старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус стаў сябрам БАЖ некалькі тыдняў таму ў салідарнасць з беларускамі калегамі.

    Алег Агееў нагадаў літоўскаму калегу, што сяброўства ў «экстрэмісцкім фарміраванні» — гэта тры гады турмы па новых беларускіх законах.

    Каланіялізм Лукашэнкі і разбурэнне нацыянальнай свядомасці

    Вельмі балючае пытанне — расійская прапаганда ў Беларусі і метады барацьбы з ёй.

    Моўны рэдактар Беларускай службы «Радыё Свабода» Вінцук Вячорка назваў галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

    — Стратэгічны выклік у нашым рэгіёне — выжыванне перад пагрозай каланізацыі, яна была і застаецца. Неад’емнай часткай пагрозаў з’яўляецца разбурэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, якіх Лукашэнка назваў «рускімі са знакам якасці». Тым самым беларускі рэжым пазбаўляе ўсю нацыю суб’ектнасці, — адзначыў выступоўца.

    Лукашэнкаў рэжым свядома працягвае традыцыі каланізацыі: у краіне вынішчаецца ўсё нацыянальнае, усё беларускае.

    Нават беларускія класікі ХІХ стагоддзя зараз уносяцца ў экстрэмісцкія спісы. «Бо беларуская мова сама па сабе не толькі інструмент перадачы інфармацыі, гэта пасыл», — кажа мовазнаўца.

    Шматлікія публікацыі пра «ліцвінізм» Вінцук Вячорка лічыць «спробай распачаць канфлікт паміж беларусамі і літоўцамі», грунтуючыся на нейкіх міфах пра падзеі 700-гадовай даўніны.

    Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус на літоўскіх прыкладах паказаў прысутным, што «доўгая стратэгія замагання з прапагандай Расіі — адна з самых паспяховых стратэгій Літвы». Ён нагадаў пра літоўскага пісьменніка і рэдактара пачатку ХХ стагоддзя Ёзаса Тумаса, які, «робячы маленькія СМІ, рабіў вялікую журналістыку».

    Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Спадар Радзявічус згадаў таксама і гістарычную асобу Антанаса Маціяўскаса, які 120 гадоў таму, у 1900 годзе, падрыхтаваў ды выдаў карту «Літоўска-латышскага краю» з літоўскімі назвамі. Праз восем месяцаў больш за палову 2‑тысячнага накладу карты канфіскавалі. Аднак Антанас Маціяўскас, затраціўшы процьму ўласнага часу ды грошай, усё ж выйграў справу праз суд, тым самым паказаўшы прыклад асабістага змагання.

    «Не забывайма змагацца з прапагандай Пуціна ці Расіі. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну мы выдалі з украінскімі калегамі газету «Мы з Украінай», невялікім накладам і ў знак салідарнасці. Трэба шукаць невялікія інструменты супраць вялікай прапаганды», — адзначыў Дайнюс Радзявічус.

    Дэпутат Сейма Літвы Томас Тамілінас лічыць, што Літва і Еўрасаюз яшчэ могуць дапамагчы Беларусі захаваць сваю незалежнасць:

    — Місія ўсё яшчэ выканальная, хаця і зацягнулася. Калі мы будзем ваярамі інфармацыйнай вайны, уплываючы на грамадскую думку, то мы зможам вярнуць пачатковы баланс сіл, які быў да вайны. Але ў той жа час трэба выконваць журналісцкую місію, раскрываць прапаганду, дэмаскіраваць яе наратывы. І толькі якасная праца і строгае вытрыманне стандартаў працы пераканае і супольнасць, і грамадства, што наш бок — бок святла.

    На кожнага палітвязня цяжка знайсці хроснага бацьку

    Размова пра зняволеных журналістаў плаўна перацякла ў абмеркаванне праблемы палітвязняў.

    Кіраўніца фонда «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская распавяла пра новы ўзровень рэпрэсіяў у Беларусі.

    — У студзені 2024 года беларускі рэжым затрымліваў каля 700 чалавек толькі за тое, што людзі атрымлівалі харчовую дапамогу. Канвеер рэпрэсіяў не спыняецца, небяспечна атрымліваць дапамогу, бо можна атрымаць сем гадоў турмы.

    Як кажа Вольга Зазулінская, дапамога рэпрэсаваным сем’ям з дзецьмі — галоўны накірунак працы фонда. Цяпер у Беларусі 207 бацькоў, якія маюць непаўналетніх дзяцей, сядзяць у турмах, 365 дзяцей не могуць бачыцца ці з адным, ці з абодвума бацькамі.

    Выступоўца назвала цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі «гуманітарнай катастрофай». Нават калі плаціць кожнай сям’і ўсяго па 100 еўра ў месяц, на дапамогу рэпрэсаваным сем’ям цягам года спатрэбіцца 1 мільён 800 тысячаў еўра. Яшчэ 1 мільён 200 тысяч еўра неабходныя на рэабілітацыю людзей, якія выйшлі з‑за кратаў. То бок, у 2024 годзе трэба знайсці дадатковыя 800 тысяч еўра толькі на рэабілітацыю.

    Чаму беларускі рэжым не вызваляе палітвязняў?

    — У яго няма прадмета для размовы: ні з намі, ні з вамі (з еўрапейскай супольнасцю), — падкрэсліла спадарыня Зазулінская.

    У Сейме Літвы падчас сустрэчы ў гонар 70-годдзя Беларускай службы«Радыё Свабода». Фота: : RFL/RL

    Кіраўнік літоўскага офіса Free­dom House Віціс Юрконіс прытрымліваецца вельмі жорсткай пазіцыі: каб дабіцца вызвалення палітвязняў, трэба нарошчваць ціск на рэжым Лукашэнкі.

    — Нельга параўноўваць рэпрэсіі ў 2015 і ў 2024 гадах. Не трэба забывацца, што ў 2010 годзе Мікола Дзядок ці Мікола Статкевіч ужо сядзелі ў турме па 4 гады. Але тады беларускі рэжым быў трохі інакшы: заігрываў з Еўрасаюзам, імітаваў лібералізацыю і марыў пра палітыку балансавання. Памятаю, як арганізоўвалі акцыі салідарнасці з палітвязнямі каля Сейма Літвы, каля Еўрапарламента, калі кожны палітвязень атрымаў «хроснага бацьку». Але тады налічвалася толькі 10 палітвязняў, цяпер — больш за тысячу. Для кожнага цяжка будзе знайсці хроснага бацьку, — падкрэсліў Віціс Юрконіс.

    Выступоўца мяркуе, што чым большы ціск будзе аказвацца на рэжым Лукашэнкі, тым большыя шансы вызваліць беларускіх палітвязняў:

    — Нам трэба дзейнічаць больш строга і жорстка да рэжыму. Трэба вызначыцца: мы змагаемся з наступствамі ці з праблемай. Мысленне ў рэжыма як у тэрарыстаў: аднаго-двух палітвязняў могуць выпусціць, а потым будуць чакаць, што Захад здыме санкцыі. Поўны ціск, сінхранізацыя санкцый супраць Беларусі і Расіі, трэба пазбавіць беларускі рэжым выгаднай пазіцыі, трэба пазбавіць яго статуса транзітнага вузла, — кажа спадар Юрконіс. — Многія дыпламаты размаўляюць з Мінскам пра гандаль, міграцыю, пра ўсе пытанні, акрамя палітвязняў. Неабходна выразна заявіць, што прырытэт №1 — палітвязні. Гэтую тэму трэба ўздымаць у Жэневе, у Вене, у Бруселі — паўсюдна. А суддзяў, пракурораў трэба адразу ўносіць у санкцыйныя спісы з усімі наступствамі, а не праз год-два. Сотні людзей адразу трэба ўключаць у санкцыйныя спісы. Інакш рэжым сітуацыю бачыць так: мы перагарнулі старонку, дык давайце цалкам ізаляваць рэжым.

    «Рэжым нічога не баіцца, бо нажываецца на вайне»

    Тоўстую рысу пад дзвюхгадзіннымі дэбатамі падвёў журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч. Нагадаем, журналіста ў Беларусі асудзілі да 1,5 года зняволення. За кратамі Алег Груздзіловіч прабыў 9 месяцаў: яго вызвалілі 21 верасня 2022 года. У Сейме Літвы рэпарцёр падзякаваў «Радыё Свабода», БАЖ — усім, хто спрычыніўся да ягонага вызвалення.

    Алег Груздзіловіч адзначыў, што ніхто дакладна не ведае, колькі палітвязняў памерлі за кратамі з 2020 года. 

    — Я асабіста ведаў трох чалавек, больш за тое, мастак Алесь Пушкін, які загінуў у ліпені 2023 года, быў маім сябрам.

    hruzdzilovich1

    Алег Груздзіловіч у Вільні праз некалькі месяцаў пасля вызвалення. Фота: БАЖ

    На аснове ўласных турэмных універсітэтаў Алег Груздзіловіч зрабіў некалькі высноў. Па-першае, усе палітвязні аказваюцца ў асобнай групе, пазначаюцца жоўтымі біркамі, на іх аказваецца ціск нібыта па законе. Самога Алега ў калоніі запісалі ў «экстрэмісты» ўжо на другі дзень.

    Па-другое, «медыцына не проста дрэнная, яна вельмі дрэнная: на маіх вачах чалавек двойчы губляў прытомнасць, яму патрэбна тамаграфія, а потым людзі паміраюць у лазарэце», — кажа журналіст.

    Трэцяе: улады пагаршаюць умовы знаходжання палітвязняў, напрыклад, уводзяць рэжым інкамунікада (парушэнне ўсіх базавых правоў чалавека — заўвага БАЖ). Першымі ахвярамі такога жорсткага падыходу сталі  Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. А паколькі дэмакратычная супольнасць не адрэагавала належным чынам на новыя практыкі — улады пашыраюць іх выкарыстанне.

    Чацвёртае: з 2024 года ўлады ўжываюць прамы ціск на сваякоў вязняў. З пачатку года больш за 100 чалавек затрыманыя за атрыманне харчовай дапамогі, а цяпер — пагрозы адабрання маёмасці.

    — Калі два гады таму выходзіў на волю, думаў, будзе лепш, стануць адкрывацца турэмныя брамы, але аказалася, што сітуацыя становіцца горшай. Не працуюць санкцыі, не працуюць іншыя стрымліваючыя рэчы. Рэжым дэманстратыўна здзекуецца з міжнароднай супольнасці, — падсумоўвае спадар Груздзіловіч. — Улада нічога не баіцца. Асноўная прычына — беларускі рэжым нажываецца на вайне ва Украіне. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці