Каталіцкае «Радыё Марыя» пераехала ў сінагогу
Каталіцкае «Радыё Марыя» знайшло новае часовае памяшканне для працы. Зараз супрацоўнікі рэдакцыі займаюцца яго абсталяваннем. На гэта накіраваны сабраныя ахвяраванні, паведамляе сайт katolik.life.
Нагадаем, рэдакцыі давялося з’ехаць з арэнднага памяшкання, дзе каманда працавала восем гадоў, з‑за таго, што будынак прадалі новаму ўласніку. Пераезд быў тэрміновым — гаспадары пачалі рамонт раней запланаванага тэрміну.
Знайсці новае, пакуль часовае памяшканне дапамог выпадак. Удзельнікі каманды заўважылі абвестку аб арэндзе памяшкання ў адной з сінагог Мінска. Вырашылі патэлефанаваць – там не толькі не адмовілі, але і былі рады, даведаўшыся, што памяшканне патрэбна каталіцкаму медыя. Дамову замацавалі пячаткамі з выявамі Марыі і юдэйскай міноры.
Зараз у супрацоўнікаў радыё шмат працы: трэба не толькі пераабсталяваць пакоі пад студыю, але і замяніць старую праводку, падрыхтаваць праект гукаізаляцыйных работ. На гэта накіраваны ахвяраванні, якія сабралі беларусы пасля таго, як стала вядома пра высяленне рэдакцыі.
Зараз збор працягваецца, бо наперадзе шмат выдаткаў. Жадаючыя могуць падтрымаць «Радыё Марыя» (толькі з тэрыторыі Беларусі – дапамогу з‑за мяжы арганізацыя прымаць не можа) і пералічыць ахвяраванне любым спосабам, апісаным на афіцыйнай старонцы радыё.