• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «Беларусьфільме» цалкам звольнілі кіраўніцтва студыі, якая здымала дакументальнае кіно

    На «Беларусьфільме» працягваюцца рэпрэсіі па палітычных матывах. Як стала вядома Еўрарадыё з ананімных крыніц у Міністэрстве культуры, цалкам звольненае кіраўніцтва «Летапіса» — падраздзялення нацыянальнай кінастудыі, адказнага за вытворчасць дакументальнага кіно.

    На «Беларусьфільме» звольнілі кіраўніцтва студыі дакументальнага кіно

    “Летапіс” без галавы

    Надоечы падчас рэдкалегіі сваю пасаду дырэктаркі страціла Аксана Эйхарт. Як тлумачыць крыніца, да яе “былі пытанні” праз актыўнае адстойванне праектаў студыі падчас іх разгляду на мастацкай радзе. Цяпер чыноўнікі на яе месца шукаюць больш памяркоўнага кіраўніка.

    Таксама звольнілі дакументалістку Галіну Адамовіч, прызёрку шматлікіх кінафестываляў. Са студыяй Галіна супрацоўнічала з 1995 года. Прычынай сталі пытанні да новых працаў рэжысёркі, а апошняй кропляй стала з’яўленне ў адной са стужак фанаграмы, прысвечанай Украіне.

    З пачатку 2024 года на студыі не працуе Уладзімір Мароз — кінарэжысёр, пісьменнік і паэт, які займаў пасаду вядучага рэдактара “Летапіса”. Ён прыйшоў сюды працаваць у познія савецкія часы. А цяпер з ім не працягнулі кантракт. 

    Як кажа наш суразмоўца, цяпер на студыі засталіся толькі адносна маладыя кадры: рэжысёры Яўген СяцькоУладзімір ЛуцкіЮрый Цімафееў і яшчэ некалькі аўтараў. Хто ўзначаліць “Летапіс”, пакуль невядома. 

    Таксама істотна змяніўся мастацкі савет студыі, які займаецца “прыёмкай” замоўленых фільмаў. Цяпер туды не запрашаюць кіназнаўцаў, а завуць супрацоўнікаў Мінкульта і кінапракатчыкаў — кіраўнікоў рэгіянальных дзяржаўных кінасетак. Такім чынам дзяржава плануе вызначаць кантэнт, які будзе запатрабаваны ў масавага гледача. 

    Звальненні аніматараў

    Цягам апошніх гадоў адбываюцца перастаноўкі і на самім “Беларусьфільме”. Так, на пасаду гендырэктара ў 2023 годзе прыйшоў былы гродзенскі ідэолаг і экс-кіраўнік мясцовага кінапракату Юрый Аляксей. А нядаўна яго намеснікам стаў Павел Скалабан, былы ідэолаг і цэнзар Мінгарвыканкама, кіраўнік “Мінсккінавідэапраката”.

    Акрамя “Летапіса” хваля звальненняў пракацілася і па анімацыйнай студыі “Беларусьфільма”. Як пісала ў красавіку выданне Reform.news, супрацу спынілі з мастаком-мультыплікатарам Аляксандрам Ленкіным, які папрацаваў на студыі 40 гадоў, вядучай спецыялісткай падраздзялення Валянцінай Нікіфаравай. І гэта не ўсё.

    “Многія дасведчаныя рэжысёры-аніматары даўно выведзеныя за штат, прыцягваюцца «па дамове», таму звальняць іх і не трэба, проста не прыцягваць да супрацоўніцтва. Аказаліся не пры справее шматлікія таленавітыя рэжысёры… Гэта вельмі зручная схема, каб пазбавіць працы «непажаданых», —  апісвае сітуацыю крыніца выдання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці