У Кіеве стралялі ў казахстанскага журналіста. Зараз ён у цяжкім стане
У Кіеве ў Шаўчэнкаўскім раёне невядомы падышоў да аўто і стрэліў у казахстанскага журналіста-апазіцыянера Айдаса Садыкава, паведамляе «Украінская Праўда».
Замах адбыўся 18 чэрвеня недалёка ад дома, дзе жыве Айдас Садыкаў. Журналіст знаходзіўся ў машыне разам з жонкай. Жанчына не пацярпела.
56-гадовы Айдас Садыкаў ў цяжкім стане ў бальніцы.
Цяпер украінскія праваахоўнікі прымаюць меры, каб затрымаць нападніка. У пракуратуры паведамілі, што пачалі дасудовае расследаванне па артыкуле «Замах на наўмыснае забойства».
Выданне ўдакладняе, што Садыкаў з сям’ёй пераехаў ў Кіеў з Казахстана ў 2014 годзе. На радзіме журналіст падвергся крымінальнаму пераследу, як ён сцвярджае, па палітычных матывах.
Ва Украіне Садыкавы атрымалі статус бежанцаў і вялі ўласны Youtube-канал Бәсе, дзе крытыкавалі ўлады Казахстана, алігархаў і выступалі з падтрымкай пратэстаў у Казахстане ў 2022 годзе.
Увосень 2023 года Айдас і Наталля Садыкавы былі абвешчаныя казахскімі ўладамі ў вышук па абвінавачанні ў распальванні варожасці.
Апошняе відэа на іх канале выйшла 18 чэрвеня, яно называецца «Прэзідэнт Казахстана стаў марыянеткай расійскіх агентаў уплыву».