«Экстрэмісцкімі» прызналі інфармацыйныя рэсурсы оrsha.eu, «Народны рэпарцёр» у «Одноклассниках» і «Новы Час» у TikTok
Міністэрства інфармацыі 20 чэрвеня абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да забароненых інтэрнэт-старонак сярод іншага дадалі: «Народны рэпарцёр» у «Одноклассниках», «Новы Час» у TikTok, сайт і сацсеткі рэгіянальнага выдання оrsha.eu.
Рашэннем суда Аршанскага раёна і г. Орша ад 18 чэрвеня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны партал оrsha.eu і афіляваныя з ім сацыяльныя сеткі і месенджары. Гэта:
- Telegram-канал «Orsha.eu навiны пра Оршу» (ідэнтыфікатар t.me/orshaeu);
- YouTube-канал «orshaeu» (ідэнтыфікатар youtube.сom/@orshaeu);
- група «orsha.eu» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/orsha.eu);
— группа «Orsha.eu / Навiны твайго рэгiёну» ў сацсетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/orshaeu);
-Instagram-канал з назвай «Orsha.eu» (ідэнтыфікатар instagram.com/orsha_eu).
У снежні 2021 года Мінінфармацыі на патрабаванне пракуратуры абмежавала доступ да сайт orsha.eu. Заснавальнік і рэдактар выдання Ігар Казмярчак быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля таго, як супраць яго распачалі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі. Зараз ягоная маёмасць у Оршы арыштаваная, а сам Казмярчак абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Гэтаксама 18 чэрвеня суд Мінскага раёна прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй змест групы ў TikTok пад назвай «novy chas» з ідэнтыфікатарам @novy.chas. Раней беларускія суды прызнавалі «экстрэмісцкімі» і іншыя інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з незалежным выданнем «Новы Час».
19 чэрвеня суд Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці пастанавіў лічыць экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй змест групы «НАРОДНЫЙ РЕПОРТЕР» у сацсетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар m.ok.ru/narodnyreporter). За чатыры дні да гэтага суд Пінскага раёна і г. Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў экстрэмісцкай старонку NARODNYREPORTER у сацсетцы TikTok.
«Народный репортер» — гэта супольны праект брэсцкіх блогераў, экс-палітвязняў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. 8 траўня 2024 года Міністэрствам унутраных спраў ён быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.