• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апеляцыйную скаргу Настассі Мацяш Вярхоўны суд разгледзіць 28 чэрвеня

    Разгляд апеляцыйнай скаргі Настассі Мацяш, асуджанай па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», пачнецца ў Вярхоўным судзе Беларусі 28 чэрвеня а 10.30. Суддзёй прызначаны Сяргей Гураў.

    Настасся Мацяш Анастасія Мацяш палітзняволеная журналістка

    Настасся Мацяш. Фота са старонкі ў інтэрнэце

    Настасся Мацяш абскарджвае прысуд, паводле якога яе пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі і штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.

    Такое рашэнне 19 красавіка прыняла суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Макарэвіч. Суддзя прызнала Мацяш вінаватай паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

    Паводле боку абвінавачання, Настасся Мацяш з чэрвеня 2021 года да лістапада 2023 года, «з’яўляючыся моўным кансультантам Польскага тэлебачання «TVP», у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал «Белсат tv Bel­sat», неаднаразова на загад кіраўніцтва «Белсат», прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем, ажыццяўляла правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія ў далейшым выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання «Белсат» для экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння і распаўсюду з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі інтэрнэт, а таксама выконвала іншыя даручэнні па ўказанні кіраўніцтва «Белсат»».

    Следства заяўляла, што Мацяш нібыта атрымала «злачынны даход» у суме 40 000 польскіх злотых, 12 258 даляраў і 8575 еўра. Па рашэнні Мінскага гарадскога суда, гэтыя грошы — у пераліку 102 415 рублёў і 12 капеек — яна мусіць сплаціць дзяржаве «ў якасці даходу, атрыманага злачынным шляхам».

    27 траўня Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жанчыну палітычнай зняволенай.

    Хто такая Настасся Мацяш?

    Настасся Мацяш — беларуская лінгвістка і адданая прыхільніца беларускай мовы, маці двух сыноў. У 2017 годзе яна перапісвалася з Алесем Яўдахам — распаўсюднікам беларускіх кніг, затрыманым па справе «Белага легіёну». Тады яна казала, што ён у зняволенні «беларусізуе Пішчалаўскі замак» (так у Мінску называлі турму на Валадарскага да рэвалюцыі 1917 года). Цяпер яна сама апынулася ў СІЗА «на Валадарцы». Пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе, калі ён не адменіць вердыкту суда першай інстанцыі, жанчыну чакае этап на месца адбыцця прысуду.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці