• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    15 ліпеня пачнецца суд па справе экс-супрацоўніц tut.by Лойка, Талкачовай і Ткачэнка

    Мінскі гарадскі суд 15 ліпеня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да былых супрацоўніц партала tut.by Вольгі Лойка, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнка, вынікае з раскладу пасяджэнняў на сайце электроннага судаводства.

    суд над журналісткамі tut.by Вольгай Лойка і Аленай Талкачовай

    Фота: tut.by

    Абвінавачванне прад’яўленае паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы),
    • ч. 2 арт. 243 (у старой рэдакцыі КК — ухіленне ад выплаты падаткаў),
    • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
    • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

    Верагодна, судовы працэс будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

    Весці працэс прызначаная суддзя Валянціна Зянькевіч.

    10 красавіка 2023 года паведамлялася, што Мінгарсуд аштрафаваў на 500 базавых велічынь (на той момант 18.500 рублёў) кожнага паручыцеля Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь.

    Паручыцелямі Талкачовай з’яўляліся палітолаг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, Лойка — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

    Паручыцелі былі выкліканыя ў суд на падставе арт. 134 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (парадак накладання грашовага спагнання і звароту закладу ў даход дзяржавы). Рашэнні вынесла згаданая Зянькевіч.

    17 сакавіка мінулага года яна прыгаварыла галоўрэда tut.by Марыну Золатаву і гендырэктара “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі.

    Іншыя абвінавачаныя — рэдактар палітыка-эканамічнага блока Лойка, журналістка Талкачова і юрысконсульт Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, бо пасля вызвалення з‑пад варты пакінулі краіну. Яны былі абвешчаныя ў вышук.

    Чэкінай, Золатавай, Лойка і Талкачовай па справе былі інкрымінаваныя арт. 243, арт. 130, арт. 361 КК. Ткачэнка абвінавачвалі паводле арт. 243 і 342 КК.

    У кастрычніку 2022 года Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

    Усяго па “справе tut.by” было затрымана 15 чалавек. З цягам часу агульная колькасць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазней пад вартай засталося два чалавекі (Золатава і Чэкіна).

    Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж года стварыла праект zerkalo.io, які ў асноўным працуе ў традыцыях tut.by. У Беларусі і Расіі доступ да сайта заблакаваны. Кантэнт сайта ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

    3 снежня 2020 года Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 года — прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

    У чэрвені 2023 Лойка заснавала ў эміграцыі аўтарскі медыяпраект Plan B, які асвятляе падзеі ў Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці