«Памяць, у якую можна ўвайсці»: медыяпраект, прысвечаны крытыку Аляксею Стрэльнікаву, а таксама музыкам Арцёму Залескаму і Леаніду Нарушэвічу, загучаў у сеціве
«Чтобы выжить, необходимо счастье, помощь», — у плыні музыкі гучаць словы тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава. Занурыцца ва ўспаміны і здзейсніць шпацыр памяці запрашае Sad Orchestra — медыяпраект, прысвечаны музыкам Леаніду Нарушэвічу, Арцёму Залескаму і тэатральнаму крытыку Аляксею Стрэльнікаву, якія сышлі з жыцця заўчасна ў 2019 і 2022 гадах.
Аўтары эксперыментальнага праекта, што з’яўляецца віртуальнай версіяй рэальнай мемарыяльнай прасторы на беразе Чарэйскага возера, у вядомай вёсцы Белая Царква ў Беларусі, — каманда фестывалю Sprava.
«Леанід, Арцём і Аляксей былі эксперыментатарамі, візіянерамі і суперфайнымі актарамі незалежнай беларускай сцэны, — адзначаюць стваральнікі. — Ствараючы «Аркестр Сад», мы пракладаем нябачныя, сімвалічныя повязі паміж нашымі героямі і намі, паміж мінулым і будучыняй — і нашымі, і альтэрнатыўнай культуры».
Вандраваць па віртуальным садзе на платформе можна ў двух рэжымах: Аўтадырыжор і Партытура. У любым выпадку гэта сустрэча з музыкай і галасамі творцаў.
«Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова
На платформе можна паслухаць разважанні тэатральнага крытыка і падзвіжніка Аляксея Стрэльнікава (электраакустычны праект музыкі і кампазітара Мацея Сабурава), убачыць творы мастака Bazinato, пазнаёміцца з дыскаграфіяй культавага бубнача Арцёма Залескага, трапіць на старонку кампазітара і музыкі-імправізатара Леаніда Нарушэвіча (як і Аляксея Стрэльнікава), паслухаць музыку Anton Anishchanka, які ўступіў у размову з гітарнымі партыямі Леаніда Нарушэвіча…
Sad Orchestra — гэта важны і інтымны досвед блукання па садах і парках нашай памяці, актуальныя знаёмствы — калі мы яшчэ кагосьці не ведаем, досвед стварэння прасторы, у якой мінулае, цяперашняе і будучыня — не лінія, а тое, што адбываецца з намі адначасова. Прызнанне ў любові, архіў гукаў і слоў…
Фізічныя каардынаты Сада — 54°38’30.0″N 29°18’29.6″E.
Віртуальны ўваход — тут.