• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вучыўся ў Караткевіча, перамагаў у велагонках і быў сапраўдным рыцарам: успамінаючы журналіста і пісьменніка Яўгена Пушкіна

    Празаік, журналіст і спартсмен Яўген Пушкін (1939–1992) – таленавіты чалавек, якога ведалі і з якім сябравалі многія пісьменнікі і журналісты. І які пісаў добрыя апавяданні, мініяцюры, нарысы. Пасля смерці Яўгена Пушкіна прайшло больш за 30 гадоў. І ніхто за гэты час яго ніколі не згадаў і не перавыдаў яго творы.

    журналіст Яўген Пушкін

    Журналіст Яўген Пушкін. Архіўнае фота

    Аршанскае дзяцінсва і знаёмства з Караткевічам

    У бацькі Яўгена Пушкіна Рыгора Пушкіна, які быў жанаты на Ганне Масалковай, нарадзілася трое дзяцей: Тамара (1937 года нараджэння), Люба (1947 года нараджэння) і Яўген (1939 года нараджэння).

    Калі пачалася вайна Рыгор Пушкін пайшоў на фронт. Летам 1943 года ён быў паранены і трапіў у палон. Знаходзіўся на тэрыторыі пазней акупаванай саюзнікамі – Англіяй і ЗША. Пасля вайны яго ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Вярнуўся з палону на Бацькаўшчыну Рыгор Пушкін у 1946 годзе. Набыў у Оршы хату, меў вялікі сад і агарод. Працаваў на Аршанскім ільнокамбінаце. Памёр ад хваробы сэрца, як толькі пайшоў на пенсію.

    Сын Рыгора будучы празаік і журналіст Яўген Пушкін нарадзіўся ў Оршы ў 1939 годзе. Калі быў школьнікам, ён пазнаёміўся з пісьменнікам-земляком Уладзімірам Караткевічам. Уладзімір Сямёнавіч працаваў у Оршы ў школе № 8. У класе, дзе вучыўся Яўген Пушкін, пісьменнік выкладаў расейскую і нямецкую мовы.

    Пасля школы Яўген Пушкін паступіў у Белдзяржуніверсітэт на філалагічны факультэт па спецыяльнасці журналістыка.

    Вось як прыгадвае пра свайго аднакурсніка Альбін Макарэвіч: “Быў сярод нашых аднакурснікаў i аднафамілец вялікага рускага паэта Пушкін Яўген. Ён паказаў сябе не толькі здольным журналістам, але i спартсменам-веласіпедыстам. Не адзін раз займаў прызавыя месцы сярод велагоншчыкаў БДУ i горада Менска. Кожную свабодную хвіліну ездзіў на сваім велакані ў тыя мясціны, куды нi на якім аўтамабілі дабрацца было нельга. Пicaў пра людзей, якія ніякімі гучнымі пасадамі не вызначаліся. Паступова гepoi яго нарысаў сталі героямі кароткіх апавяданняў з не прыдуманымі, а сапраўднымі імёнамі i прозвішчамі…”.

    Пасля ўніверсітэта Яўген Пушкін паехаў на будоўлю Волжскай ГЭС, служыў у Савецкай Арміі. Потым вярнуўся ў Менск, працаваў загадчыкам аддзела ў газеце “Чырвоная змена”. Жонка паэта Уладзіміра Скарынкіна Валянціна Пятроўна Скарынкіна, якая 35 гадоў адпрацавала ў “Чырвонай змене”, добра ведала Яўгена Пушкіна.

    Праз дзесяткі гадоў, што ўжо мінулі з той пары, яна падрабязнасцяў там усялякіх прыгадаць не змагла, а на пахвалу не паскупілася: “Яўген быў добрым, вельмі добрым і чалавекам, і журналістам, ніколі пра яго нічога кепскага ў рэдакцыі ні разу не чула”.

    Напрыканцы 1960‑х гадоў Яўген Пушкін разам з Міхасём Ткачовым збіраюць матэрыялы пра партызанку Любу Гайдучонак (1921–1943), якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам працы пошукаў пра Любоў Гайдучонак стала кніжка “Камсамольскі камісар”, якую Яўген Пушкін і Міхась Ткачоў напісалі і выдалі ў выдавецтве “Беларусь” у 1969 годзе.

    Калі Яўген Пушкін жыў у Менску і працаваў у “Чырвонай змене”, ён часта прыязджаў у родную Оршу. Яму давалі ў гаркаме кампартыі службовы аўтамабіль і ён вандраваў па Аршаншчыне. Добрыя адносіны былі ў Яўгена Пушкіна са стрыечным братам Аляксандрам Барысавічам Пушкіным – бацькам гісторыка Ігара Пушкіна, які жыў у Оршы, працаваў электрамеханікам на чыгунцы, дапамагаў яму набываць чыгуначныя квіткі, каб з’ездзіць да сёстраў і маці ў г. Волжск.

    А калі ў Оршы руйнавалі помнік архітэктуры позняга барока – комплекс базыльянскага манастыра XVIII стагоддзя, Яўген Пушкін выступіў супраць гэтага і напісаў абуральны артыкул, са зваротам прыпыніць “дзікунства”. На сёння захаваўся толькі жылы корпус.

    Журналістыка і напісанне кніг

    Яшчэ ў школе, Яўген Пушкін “хіліўся” да земляка-пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Старэйшы літаратар убачыў у юнаку талент, дапамагаў яму, раіў. Хаця яшчэ ў школе Яўген пачаў займацца веласпортам, выступаў на розных спаборніцтвах, але любіў моцна і літаратуру, журналістыку. І пасля школы Яўген Пушкін часта сустракаўся і перапісваўся з Уладзімірам Караткевічам.

    На вялікі жаль, пакуль не ўдалося адшукаць дачку і сына Яўгена Пушкіна, але пошукі працягваюцца. А ў іх могуць захавацца лісты Уладзіміра Караткевіча і фотаздымкі.

    Яўген Пушкін вокладка кнігі

    Вокладка кнігі Яўгена Пушкіна. Фота: з сайта racyja.com

    Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, Яўген Пушкін падрыхтаваў першы свой зборнік апавяданняў і мініяцюр “Бабіна лета”, які пабачыў свет у 1974 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У кнігу ўвайшлі 11 апавяданняў і 14 мініяцюр. Галоўнай тэмай літаратурных твораў першай кніжкі Яўгена Пушкіна быў чалавек працы, яго клопаты, радасці і перажыванні, запаветныя мары і спадзяванні.

    Зборнік выйшаў пад рэдакцыяй таго ж Уладзіміра Караткевіча. Уладзімір Караткевіч напісаў і прадмову да “Бабінага лета”. На вялікі жаль, пра сяброўства Уладзіміра Караткевіча і Яўгена Пушкіна, пра прадмову земляка да кнігі Яўгена Пушкіна нідзе і ніхто не прыгадаў ва ўсіх выданнях Уладзіміра Караткевіча, а тым больш ні ў зборы твораў у васьмі тамах Уладзіміра Караткевіча, ні ў персанальнай энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч”, нідзе.

    Прадмова Уладзіміра Караткевіча да кнігі “Бабіна лета” Яўгена Пушкіна не мае загалоўка. І хоць яна невялікая, але вельмі шчырая, добрая, з пажаданнямі плёну на ніве літаратуры. Гучыць яна так: “Цяжкавата бывае гаварыць пра чалавека, з якім звязваюць вузы зямляцтва, сяброўства і, шчыра кажучы, “вучнёўства”. Не таму, што Я. Пушкін вучыўся ў мяне пісаць. Якраз у гэтым сэнсе ён чалавек дужа самастойны і нікому не дазволіў бы вучыць сябе. А так, у вельмі простым і празаічным сэнсе: калі ён вучыўся ў дзесятым класе, я выкладаў у гэтым класе літаратуру.

    У свой час я ганарыўся Яўгенам Пушкіным як адным з найбольш здольных спартоўцаў рэспублікі. І не толькі спартсменам, а і рэкардсменам. Ганарыўся ім як журналістам з на дзіва дакладным, прыцэльным вокам, журналістам, які заўсёды ў час трапляе на тое сама месца, якое вымагае яго прысутнасці.

    Цяпер, думаецца мне, я не буду саромецца і празаіка Яўгена Пушкіна, чалавека рэдкіх пакуль што ў нашай літаратуры тэм. Пісьменніка з паглыбленай увагай да чалавечай псіхалогіі так званых «маленькіх» вялікіх людзей. Ён умее пранікнуць у іхныя душы. Хай сабе гэта старая сялянка, веласіпедыст-спрынтар, шафёр у “Лютым рэйсе” або проста пляжны курортнік, які плыве “за пацалункам”.

    Мне было б крайне цікава пражыць яшчэ некалькі дзесяткаў год і прасачыць, у што разгорнуцца самабытныя здольнасці Яўгена Пушкіна, прачытаць яшчэ некалькі ягоных кніг і парадавацца ім. А пакуль што мне хочацца проста сказаць яму “на добры шлях”, гэтаму добраму хлопцу і, спадзяючыся, добраму літаратару”.

    Карэспандэнт “Лесной газеты” і новая кніга

    У 1975 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выходзіць новая невялікая кніжачка Яўгена Пушкіна “Песня ў сімфоніі працы”. Яна распавядае пра вопыт арганізацыі адпачынку рабочых галоўнага прадпрыемства Бабруйскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання – фанера-дрэваапрацоўчага камбіната. Пэўны час Яўген Пушкін працаваў уласным карэспандэнтам маскоўскай “Лесной газеты” па Беларусі.

    Яўген Пушкін кніга

    Вокладка кнігі Яўгена Пушкіна. Фота: з сайта racyja.com

    Больш з друку кніг Яўгена Пушкіна не выйшла. І ці пісаў ён апавяданні і мініяцюры, аповесці хаця б у шуфляду, ці спраўдзіў надзеі Уладзіміра Караткевіча – невядома. Часцей за ўсё свае творы празаік друкаваў у часопісе “Маладосць” у канцы 1960‑х — напачатку 1970‑х гадоў.

    Да каго б са старэйшых нашых літаратараў я не звярталася, тыя, хто ведаў Яўгена Пушкіна, успаміналі яго самымі шчырымі і добрымі словамі.

    Яшчэ Яўген Пушкін займаўся веласпортам. Таму тэма пра спартсменаў-велагоншчыкаў была яму блізкая са студэнцкіх гадоў, нават змог атрымаць званне “Майстар спорту СССР”. Ён выступаў на спаборніцтвах самага высокага роўню.

    Кветкі з бронетранспарцёру

    Яўген Пушкін быў у добрых адносінах з Рыгорам Барадуліным. Жэня вельмі паважліва ставіўся да жанчын. Асабліва да жонкі Рыгора Барадуліна Валянціны Міхайлаўны, жанчыны такой жа зычлівай і лагоднай па натуры, як і ён быў сам.

    Не без гумару прыгадваецца той перапалох, як распавядалі яго равеснікі, які ўчыніў аднойчы вечарам Яўген Пушкін сярод жыхароў дома № 26 па вуліцы Рэспубліканскай (цяпер – Раманаўская Слабада), куды сям’я Барадуліных перабралася на новае месца жыхарства з вуліцы Бялінскага. Цяпер гэта, напэўна, нікога б не здзівіла і не ўстрывожыла асабліва, а тады…

    З’яўленне ў прыцемках у двары дома армейскага бронетранспарцёра выклікала ў жыхароў бліжэйшых пад’ездаў сапраўднае недаўменне і спалох: што здарылася? А бронетранспарцёр спыніўся насупраць барадулінскага пад’езда. Людзі ўбачылі, як з яго выскачыў афіцэр з букетам палявых кветак і шпарка знік у пд’ездзе. А праз адну-дзве хвіліны ён ужо стаяў перад кватэрай пад нумарам 26 і націснуў на кнопку званка.

    Нечаканым госцем быў Жэня Пушкін. А прыехаў ён павіншаваць Валянціну Міхайлаўну Барадуліну з днём нараджэння. У той час Яўген знаходзіўся на вайсковых зборах. Вяртаючыся з вучэнняў у сваю часць, карыстаючыся правамі камандзіра мотастралковага ўзвода, дазволіў сабе такі незвычайны “рыцарскі” ўчынак, калі з’явіўся да жанчыны з кветкамі не на белым кані, а на “жалезным кані”.

    Затое сярод нас, усіх сяброў-знаёмых, гэты Жэнеў “конік” доўга не забываўся, не абыходзіўся без жартаў…

    Пасля “Чырвонкі”Яўген Пушкін з’яўляўся ўласным карэспандэнтам усесаюзнай тады “Лясной газеты” па Беларусі. Перад смерцю Яўген Пушкін працаваў у рэспубліканскай газеце “Набат”. На працу яго ўзяў рэдактар газеты, пісьменнік Васіль Якавенка (1936–2018).

    Магчыма адгукнуцца сваякі пісьменніка і журналіста, які нават не быў сябрам Саюза пісьменнікаў, з вуснаў якіх мы зможам больш даведацца пра таленавітага чалавека Яўгена Пушкіна, які варты нашай светлай памяці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці