Выйшла на волю Дар’я Лосік, асуджаная за падтрымку мужа — блогера Ігара Лосіка
Пра вызваленне Дар’і Лосік стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Тады быў анансаваны выхад на волю часткі палітычных вязняў.
Дар’ю Лосік асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі 19 студзеня 2023 года. Праз некалькі месяцаў яна выйшла б на волю, цалкам адбыўшы прысуджаны тэрмін.
Жанчыну затрымалі 18 кастрычніка 2022 года. У той жа дзень сілавікі зладзілі ператрус у кватэры, дзе яна жыла з дачкой Паўлінай — яе муж, блогер і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік, на той час ужо знаходзіўся ў зняволенні паводле рашэння суда.
За гэты час журналіст на знак нязгоды з абвінавачаннем двойчы трымаў у СІЗА галадоўку. На знак салідарнасці з мужам да галадоўкі далучылася і Дар’я. Яна мусіла спыніцца пасля шматлікіх просьбаў ад сваякоў і грамадскасці.
Пераслед
Нагодай для пераследу Дар’і Лосік стаў каментар пра ўмовы ўтрымання мужа за кратамі, які яна дала незалежнаму тэлеканалу «Белсат». Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса). У лістападзе 2021 года беларускі рэжым абвесціў гэтае медыя «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Паводле боку абвінавачання, у сакавіку 2022 года Дар’я дала інтэрв’ю «Белсату», дзе «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама давала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведамляла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».
На пытанне падчас судовага працэсу, ці разумела яна, што дае інтэрв’ю экстрэмісцкаму фарміраванню і што яго могуць паглядзець вялікая колькасць людзей, абвінавачаная адказала: «Так, разумела. Але я пры гэтым нікога не абражала і не заклікала да здзяйснення якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў».
На першым судовым пасяджэнні пракурор Кацярына Пакала запрасіла для Дар’і Лосік два гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі ж прызначыў у выніку суддзя Брэсцкага абласнога суда Мікалай Грыгаровіч. На судзе жанчына цалкам прызнала віну.
Сёлета ў чэрвені па беларускім дзяржаўным тэлебачанні быў паказаны прапагандысцкі фільм «Сама сябе пасадзіла» з яе ўдзелам.
У гэтым фільме Дар’я гаворыць, што пераасэнсавала жыццёвыя каштоўнасці і вырашыла, што самае галоўнае для яе — гэта дачка Паўліна, якой падчас зняволення апекаваліся ейныя бацькі і бацькі Ігара Лосіка. З прапагандысцкай стужкі стала вядома, што Дар’я развялася з мужам.
Ігар Лосік: зняволены журналіст
Адміністратар Telegram-канала «Беларусь головного мозга» і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік у снежні 2021 года быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі па так званай «справе Ціханоўскага». Яго звінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці.
Паводле звестак ад былых вязняў наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адбывае тэрмін зняволены Ігар Лосік, ён цяжка перанес паведамленне пра развод. Выказваліся меркаванні, што Дар’я зрабіла гэта пад ціскам, і галоўнай мэтай былі спробы дэмаралізаваць палітзняволенага блогера.
Былы вязень ПК № 1 таксама сведчыць, што ў калоніі на Ігара Лосіка пастаянна аказваюць маральны ціск: амаль увесь час трымаюць у адзіноце, змяшчаюць у памяшканне камернага тыпу, не заўсёды аддаюць карэспандэнцыю ад сваякоў, змушаюць падпісаць прызнанне.
На маёмасць сям’і Лосікаў у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.