Украіна атрымала неафіцыйныя дадзеныя, дзе ўтрымліваюць карэспандэнта УНІАН, якога выкралі расійскія вайсковыя
Пра гэта на чарговым брыфінгу распавёў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец, паведамляе Укрінфарм. Журналіст Дзмітро Хілюк знік у сакавіку 2022 года. «Рэпарцёры без межаў» маюць пяць эксклюзіўных сведчанняў пра тое, што медыйшчыка жорстка дапытвалі ў расійскай турме.
Паводле слоў Дзмітрыя Лубінца, афіцыйна расійскі бок не пацвердзіў інфармацыю пра месцазнаходжанне Дзмітра Хілюка, але ёсць неафіцыйныя звесткі пра гэта. Да таго спадар Лубінец адзначыў, што ўздымаў пытанне катаванняў журналіста на сустрэчах у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы:
— У ПАСЕ асобна мы закраналі пытанні не толькі Дзмітра Хілюка, але і ўсіх журналістаў. У тым ліку мы перадалі спісы нашым міжнародным партнёрам, каб, магчыма, яны выкарыстоўвалі свае каналы камунікацыі для вяртання іх дадому.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека дадаў, што на наступнай сэсіі ПАСЕ, якая адбудзіцца ў кастрычніку 2024 года, можа быць распрацавана і прынята асобная рэзалюцыя па незаконным затрыманні цывільных грамадзян Украіны, у тым ліку журналістаў.
Хто такі Дзмітро Хілюк?
Дзмітро Хілюк прыйшоў у журналістыку ў 2005 годзе. Працаваў у розных украінскіх медыях. З 2013 года з’яўляўся карэспандэнтам Дэпартамента вытворчасці навін УНІАН. Ён спецыялізаваўцца на працы з судамі, праваахоўнымі органамі.
Расійскія вайскоўцы выкралі Дзмітра Хілюка 3 сакавіка 2022 года ў ягоным родным сяле Казаравічы Кіеўскай вобласці. У траўні 2024 года адзін з украінцаў, які змог вярнуцца на радзіму з расійскага палону, распавёў, што амаль 11 месяцаў сядзеў у адной камеры з журналістам. Ён перадаў, што медыйшчык жывы і спадзяецца на вызваленне.
Галоўнае ўпраўленне СБУ ў Кіеве і Кіеўскай вобласці распачало крымінальнае расследаванне па факце знікнення журналіста.