• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзень народзінаў за кратамі сустракае журналістка Ірына Слаўнікава

    Былая супрацоўніца «Белсата», потым штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) Ірына Слаўнікава сёння сустракае свой трэці дзень народзінаў за кратамі. Ёй спаўняецца 54 гады.

    У жніўні 2022 года Ірына Слаўнікава была асуджаная да 5 гадоў зняволення. 

    Ірына Слаўнікава. Фота: Аляксей Дзікавіцкі

    Журналістку Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце ў Мінску 30 кастрычніка 2021 года, пасля вяртання з адпачынку ў Егіпце. Спачатку ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнаму нібыта за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў», пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі яшчэ па 15 сутак.

    26 лістапада стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай па крымінальнай справе паводле часткі 1 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У снежні яе перавялі ў СІЗА № 1.

    Напрыканцы красавіка 2022-га стала вядома, што яе дадаткова абвінавацілі ў «кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Следства сцвярджала, што ў яго з’явіліся «доказы», што Ірына Слаўнікава кіравала рэдакцыяй «Белсата» ў Беларусі: «Аб’яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраўніцтвам і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на медыярэсурсах, фарміравала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала парадак навін, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы».

    Сама Ірына Слаўнікава і не абвяргала, што калісьці супрацоўнічала з «Белсатам», брала ўдзел у праваабарончай праграме «Маю права». Але на момант затрымання яна ўжо працяглы час з’яўлялася штатнай адзінкай польскага тэлеканала TVP. Але гэта ніяк не паўплывала ні на следства, ні на суд, які пачаўся ўлетку 2022-га.

    3 жніўня 2022 года Гомельскі абласны суд прызначыў Ірыне Слаўнікавай 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе накіравалі ў гомельскую ПК № 4.

    «Верыла ў здаровы розум і ў тое, што прафесія — гэта не нагода садзіць чалавека ў турму»

    Ірына Слаўнікава не мае журналіскай адукацыі, яна дыпламаваны эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў камерцыйных фірмах, затым бухгалтарам у газеце «Беларуская маладзёжная», дзе журналістыка яе і захапіла.

    Журналістка Галіна Уласік, сяброўка Ірыны яшчэ па наргасу (у журналістыку прыйшлі абедзве падчас працы ў бухгалтэрыі «Беларускай маладзёжнай»), у інтэрв’ю «Прэс-клубу» ўзгадвае, што пасля 2020-га «некалькі разоў заводзілі размову пра тое, што ёй лепш з’ехаць з краіны, але яна ўсё ж засталася».

    «Чаму? Мне падаецца, яна занадта верыла ў чалавечую прыстойнасць і здаровы розум. І што прафесія — гэта не нагода садзіць чалавека ў турму», — сказала Галіна Уласік.

    Журналістка Анастасія Рубанава ўспамінае сумесную працу ў «Беларускай маладзёжнай»: «Не памятаю, каб былі тэмы, ад якіх яна адмаўлялася. Мы разам і ў салігорскую шахту спускаліся, і па «незабытых вёсках» маталіся (быў у нас такі праект), і нават жартаўлівы агляд прэзерватываў рабілі. Іра — «універсальны салдат».

    Слаўнікава — наш агеньчык-запальнічка. Яе своеасаблівая манера гаварыць, фірмовы смех і гумар — без усяго гэтага немагчыма ўявіць тую «маладзёжку». Дый потым, калі ўсе мы разбегліся па розных працах, але захаваліся як кола сяброў, Іра падтрымлівала гэтую атмасферу.

    Я вельмі паважаю яе за прафесійны шлях. Справядліва сказаць, што яна зрабіла сябе сама, коштам неверагоднай працаздольнасці і самаарганізаванасці. Увогуле, Іра — чалавек, які ўмее жыць прыгожа, у нармальным сэнсе гэтага слова. І часам па-добраму ёй зайздросціш. Усё ў яе неяк уладкавана, у хаце і на працы парадак, што задумала — атрымалася. Іра мае бездакорны густ і імкненне зрабіць вакол сябе прыгажосць і ўтульнасць. Яна цудоўная гаспадыня, любіць гатаваць розныя стравы, вязаць. Захапляецца ёгай, “А што, падчас працы зрабіла пару асан — і добра!”, — казала яна».

    Ёсць праблемы з сувяззю і здароўем

    Аляксандр Лойка, муж Ірыны Слаўнікавай, праз пагрозу крымінальнага пераследу вымушана пакінуў Беларусь і паслядоўна выступае за арганізацыю перамоўнага працэсу з рэжымам дзеля вызвалення закладнікаў.

    «Мы з ёй некалькі разоў да арышту абмяркоўвалі тэму ад’езду. Яе пазіцыя была такая: «Навошта з’язджаць, калі мы нічога не зрабілі?». Акрамя таго, у нас сталага веку бацькі ў Беларусі», — распавядаў Аляксандр Лойка «Прэс-клубу» ў 2022 годзе.

    Ужо тады, у 2022‑м, былі праблемы з сувяззю: «Ірыне не перадаюць усе лісты. Нават ад родных перадаюць вельмі выбарачна. Яна атрымлівае лісты ад мяне, бацькоў, часам — ад маёй маці, сястры. А вось лісты ад сына — не. Пра сяброў увогуле маўчу».

    У нядаўнім інтэрв’ю Deutsche Welle Аляксандр Лойка сказаў, што «паводле лістоў і паводле тых звестак, якія да мяне ад іншых людзей даходзяць, у Ірыны больш-менш усё нармальна, але вы ж разумееце, што гэта — не санаторый».

    Мужчына перажывае, што пасля вызвалення Ірыне будзе складана адаптавацца да нармальнага жыцця. Ён кажа, што зробіць усё, каб гэта адбылося як мага хутчэй, «галоўнае, каб хапіла маёй любові». «Але хто верне нам час? Пяць гадоў зняволення — гэта вельмі вялікі тэрмін», — заўважае Аляксандр Лойка.

    Паводле яго інфармацыі, Ірына працуе на швейнай вытворчасці — «даволі цяжкая, напружаная праца», «акрамя таго, што пагоршыўся зрок і мусіла заказаць новыя акуляры, дык адбіваецца ранейшая хвароба, ёй патрэбна добрая тэрапія». «Паведамляла, што спрабавала там займацца ёгай, але не пайшла справа. Магчыма, няма ўмоў», — сказаў ён у інтэрв’ю «Радыё Свабода» ўвосень мінулага года.

    На судзе Ірына Слаўнікава не прызнала віны, у калоніі не пісала прашэння аб памілаванні.

    30 лістапада 2021 года праваабарончая супольнасць прызнала Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай.

    Напісаць ліст журналістцы: Ірына Аляксандраўна Слаўнікава, ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці