Amnesty International заклікала вызваліць Алеся Бяляцкага на фоне паведамленняў аб пагаршэнні ягонага здароўя
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў зняволення, знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
На фоне паведамленняў аб пагаршэнні здароўя палітзняволенага Алеся Бяляцкага Мэры Струзэрс, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, сказала:
«Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрымання Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя іх здароўем. Мы яшчэ раз патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і настойліва просім даць ім неадкладны доступ да адэкватнай медыцынскай дапамогі, іхных адвакатаў і сваякоў».
Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках. У лістападзе 2023 году Алеся Бяляцкага на паўгода змяшчалі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу, якім караюць за парушэнне парадкаў у калоніі. Ёсць зьвесткі, што Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў і што ніводнага разу ў палітвязня не было відэазванкоў са сваякамі. Таксама стала вядома, што адміністрацыя калоніі адмаўлялася прыняць пасылкі з медыкаментамі ад сваякоў Бяляцкага. Такім чынам яна паставіла пад пагрозу стан здароўя палітвязня, на які ўжо паўплывала папярэдняе палітычна матываванае зняволенне, перадае словы Amnesty International Радыё Свабода.
«Працяглае затрыманне Алеся і яго калегаў — ня што іншае, як абуральнае злоўжыванне сістэмай крымінальнага правасуддзя, накіраванае на задушэнне іншадумства і прыгнечанне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве Amnesty International.