У абноўленым «экстрэмісцкім спісе» — інтэрнэт-рэсурсы orsha.eu, «Будзьма», «Это Минск, детка», SENS Belarus
Міністэрства інфармацыі Беларусі 12 ліпеня 2024 года абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пералік забароненых дадалі інтэрнэт-рэсурсы orsha.eu, «Будзьма», «Это Минск, детка», SENS Belarus.
Паводле сайта Мінінфарма, 12 ліпеня суд Лідскага раёна Гродненскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» TikTok-акаўнт sens.belarus (ідэнтыфікатар tiktok.com/@sens.belarus). Гэта «канал, які раскрывае сэнсы і адказвае на пытанні беларускай палітыкі» — так пішуць пра яго стваральнікі. Экстрэмісцкім прызналі і лагатып акаўнта.
Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызналі змест незалежнага рэгіянальнага сайта orsha.eu. Адпаведнае рашэнне 9 ліпеня прыняў суд горада Оршы і Аршанскага раёна. Інтэрнэт-выданне orsha.eu згадваецца ў спісе Мінінфарма ўжо другі раз. Сайт з такім жа ідэнтыфікатарам ўжо прызнавалі «экстрэмісцкім» рашэннем таго ж суда сёлета 18 чэрвеня.
Рашэннем суда Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці ад 10 ліпеня экстрэмісцкімі матэпыяламі прызнаны відэаканал «Будзьма Беларусамi» на YouTube (ідэнтыфікатар youtube.com/@thebudzma).
Экстрэмісцкімі прызналі некалькі рэсурсаў, якія маюць дачыненне да праекта «Это Минск, детка». У прыватнасці, аднайменную суполку ў месенджары Viber і акаўнт threads.net/@thisminsk, старонкі dzen.ru/id/648dc9b585c3654e55e8571c і Thisminsk.livejournal.com. А таксама лагатып праекта, паводле суда, гэта выява «ў выглядзе трох загалоўных літар «Э», «М» і «D» з чырвонай фігурай геалакацыі вакол літары «М» на чорным фоне». Рашэнне пра гэта прыняў 8 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Сёлета ў сакавіку медыяпраект «Это Минск, детка» быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. У Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, які вядзецца на сайце МУС, згаданыя і інтэрнэт-рэсурсы праекта.