• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жырафы ў намёце, беларускія паралелі і дзіўная паліцыя Уганды. Афрыка журналісткі Таццяны Гендзель

    Наша калега аб’ехала 64 краіны свету, 13 з іх – афрыканскія. І зноў збіраецца ў дарогу. У ліпеньскую спёку пра афрыканскія падарожжы Таццяна Гендзель расказала ў інтэрв’ю БАЖ.

    Журналістка Таццяна Гендзель пра афрыканскія падарожжы

    Таццяна Гендзель, Кенія, 2015 год. Фота з асабістага архіва

    Афрыканскія вандроўкі Таццяны Гендзель пачаліся ў 2014 годзе, з таго часу яна перыядычна адпраўляецца ў падарожжы на «чорны кантынент». У красавіку наведала Эрытрэю, а 16 ліпеня разам з мужам едзе ў Бурундзі і Руанду. Падарожнікі пракладваюць маршруты праз самыя бедныя і небяспечныя краіны Афрыкі.

    Свае прыгоды журналістка паказвае і апісвае ў беларускамоўным блогу «Першы вандраўнічы» ў Tik­Tok.

    Пра гераіню

    Таццяна Гендзель – 36 гадоў, ураджэнка Камянца, пасля школы пераехала вучыцца ў Берасце і там і засталася. Журналістка і рэдактарка Зялёнага партала.  З 2021 года жыве ў Генце (Бельгія) разам з мужам Крысам. Падарожнічаюць разам.

    «Выбрала самы танны білет»

    — Чым вас так вабіць Афрыка? Чаму ездзіце па найбольш турбулентных і бедных краінах кантынента?

    — У Афрыку ўпершыню я паехала ў 2014 годзе. Мне было 25 гадоў, тады думалася, што я бессмяротная: ні прышчэпак не зрабіла, не было і грошай. На руках быў толькі квіток у адзін бок – і я з сябрам адправіліся, узяўшы намёты.

    Чаму туды? Адказ не вельмі рамантычны: з усіх экзатычных краін, якія я прагледзела (Індыя, Тайланд), я знайшла па акцыі самы танны квіток у Кенію недзе каля 170 долараў. А візу ў Кенію можна атрымаць прама на месцы. Гэтая акалічнасць і стала на той момант вырашальнай.

    Племя туркана на поўначы Кеніі, люты 2015. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Так сталася, што побач з Кеніяй аказалася Уганда, Танзанія, а там і Замбія, а далей ячшэ і Намібія – так мая паездка перарасла ў пяцімесячнае падарожжа па Афрыцы. Яно аказалася неверагодна цяжкім, але адначасова і неверагодна цікавым. Самыя крутыя прыгоды ў маім жыцці адбыліся менавіта падчас гэтага падарожжа. Пазней я многа ездзіла па Азіі, трохі пазнаёмілася з Лацінскай Амерыкай, Еўропай, але нічога мяне не захапіла так моцна, як Афрыка. 

    І вельмі цяжка адказаць на простае пытанне: чаму? Гэта кантынент кантрастаў, там жывуць народы і плямёны, якія апранаюцца ў традыцыйнае адзенне (асабліва ў невялікіх краінах Заходняй Афрыкі), неверагодная па разнастайнасці і прыгажосці прырода – захапляе літаральна ўсё. 

    Канешне, чорная Афрыка не самае папулярнае месца для турыстаў, гэта не Тайланд, таму, відаць, я цешу сваё самадавольнае пачуццё першаадкрывальніцы. Я разумею, што я там зусім не першая, але ёсць адчуванне, што дакранаешся да нечага рэдкага і цнатлівага. 

    — Пасля 2014 года вы рабілі перапынак у афрыканскім падарожжы ці перыядычна ездзілі ўвесь гэты час?

    — Я была ў Афрыцы некалькі разоў, хвалямі. Прыязджаю туды і наведваю адразу некалькі краін рэгіёна. Самы вялікі этап – гэта пяцімесячнае падарожжа па пяці краінах [у 2014 годзе], затым я пабывала ў Сьера-Леонэ, Ліберыі, Кот‑д’Івуары, асобная вандроўка была ў Эрытрэю, асобная – у Гамбію, асобная – у Гвінею і Марока. Сумарна атрымалася 5—6 вандровак, не было так, што з 2014 года я там, не вылазячы, жыву.

    Чым «афрыканскі рай» нагадвае Беларусь

    — Куды ездзілі апошні раз?

    — У красавіку мы з мужам наведалі Эрытрэю. 

    Чысценькія і ўтульныя вуліцы Асмэры — сталіцы Эрытрэі, красавік 2024. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Гэта адна з самых жорсткіх дыктатур у свеце. Калі не ведаць гэтага, то падарожнік можа ўбачыць вельмі прыгожую краіну, вельмі чысценькую (адразу паралелі з Беларуссю ўсплываюць). Як толькі мы прызямліліся, мяне гэта найперш уразіла: як тут чыста, нават вуліцы ці не з шампунем мыюць. Добрыя ветлівыя людзі, там супербяспечна, добрая ежа – на першы погляд Эрытрэя выглядае як сапраўдны афрыканскі рай. 

    А пасля ты пачынаеш размаўляць з людзьмі. Жыхары расказваюць пра вайсковую службу, пра адсутнасць магчымасці атрымаць пашпарт, а значыць, выехаць з краіны амаль немагчыма, заробкі вельмі малыя, праблемы з электрычнасцю і прэснай вадой. Мяне моцна ўразіла, наколькі знешняя карцінка адрозніваецца ад рэальнага жыцця. 

    — Асабіста вы сутыкаліся з рэальнасцю «афрыканскага раю»?

    — Не, асабліва не давялося. Хоць ўсе і баяцца гаварыць з чужынцамі, але мясцовыя жыхары расказвалі – не прама, а намёкамі. Калі ты хочаш атрымаць пашпарт, то мусіш адбыць воінскую павіннасць, якая можа зацягнуцца на ўсё жыццё; грошай мала, няма замежнай літаратуры, падручнікаў, каб вучыцца мовам, напрыклад. І няма інтэрнэту, таму здабываць інфармацыю вельмі цяжка. 

    Крыс і Таццяна гуляюць па наваколлях Асмэры, сталіцы Эрытрэі, красавік 2024. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    — Адсутнасць інтэрнэту на афрыканскім кантыненце – гэта рэдкасць ці паўсядзённасць?

    — Не, у Эрытрэі інтэрнэт забаронены: яго глушаць. У іншых афрыканскіх краінах інтэрнэт, канешне, ёсць, але там другая праблема: гэта дарагое задавальненне, якое не кожны можа сабе дазволіць. Як сам інтэрнэт, так і смартфон. 

    «Палову начэй мы спім у намёце»

    — Мы больш не ездзім поўным аўтаспынам па Афрыцы, як было ў першую вандроўку. Але час ад часу практыкуем. Аўтобусы ёсць не заўсёды, але ў многіх краінах існуюць службы шэрынгавых таксі. У нас у Беларусі існуе падобная практыка. Ты прыходзіш на аўтобусную станцыю, вадзіцелі зазываюць шэсць чалавек, якія едуць ў адно месца: двух саджаюць спераду, чатырох ззаду – гэта вельмі нязручна. Як толькі вадзіцелі знаходзяць патрэбную колькасць пасажыраў, тады і адпраўляюцца ў дарогу. Але трэба памятаць, што пошук пасажыраў можа зацягнуцца і на тры, і на пяць-шэсць гадзін. А здараецца так, што прыходзіш, а засталіся апошнія два чалавекі – машына адразу адпраўляецца.

    Вось так выглядае мясцовы транспарт, унутры і звонку. З паездкі па Заходняй Афрыцы, снежань 2023. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Часам падарожнікі перамяшчаюцца аўтаспынам. На фота: Таццяна Гендзель стаіць пад знакам «аўтастоп забаронены» ў Намібіі, 2015. На іншых фота гераіня ў кузаве грузавіка, які вязе смалу са Сьера-Леонэ ў Ліберыю, і яе муж Крыс з кіроўцам гэтага грузавіка, снежань 2023 года. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Планаваць вандроўкі па часе амаль немагчыма, але, калі маеш пэўны досвед, то можаш прадказаць час адпраўлення, асабліва ў папулярным накірунку. 

    То-бок любым транспартам, якім карыстаюцца мясцовыя, тым ездзім і мы. 16 ліпеня мы плануем паехаць у Руанду, там упершыню збіраемся арэндаваць машыну самастойна, а да гэтага былі вымушаны арэндаваць з кіроўцам — такія правілы ў Эрытрэі. Арэнда машын каштуе велізарныя грошы, на рынку можа працаваць толькі адна кампанія для «багатых еўрапейцаў”. Але Руанда больш развітая краіна, і мы знайшлі больш-менш прымальны варыянт па кошце. 

    Палатка пад зорамі пустыні Наміб у Намібіі, травень 2015. Часам Таццяна з Крысам акуратна разводзяць вогнішчы. Начлег каля вадаспаду ў Гамбіі, жнівень 2022. І намёт на фоне вулкана Кіліманджара, Танзанія, сакавік 2015. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Амаль заўсёды мы возім з сабой намёт, а на прыродзе даводзіцца начаваць вельмі часта. Напрыклад, прыязджаем адвячоркам да вадападу, які хочам паглядзець, разбіваем намёт і начуем. Альбо спыняемся каля невялікай вёсачкі, і просім дазволу ў старэйшын пераначаваць побач. Я б сказала, 50% часу мы начуем у намётах, другую палову – у маленькіх гатэльчыках.

    Выбар балансу паміж звярамі і людзьмі 

    — Хто больш небяспечны ў Афрыцы: жывёлы ці людзі? 

    — Людзі, больш небяспечныя людзі. Таму заўсёды трэба выбіраць правільны баланс: ставіць намёты досыць далёка ад дарогі, каб твой лагер не заўважылі людзі, але не надта далёка, каб звяры не падышлі. Калі вы спыняецеся каля невялікіх вёсачак, просіце дазволу ў старэйшын, то ў камунах табе ніхто нічога не зробіць: старэйшыны сочаць за парадкам. Таму калі ты дамовіўся, то можаш быць упэўнены на 100 адсоткаў, што цябе ніхто не будзе чапаць. Але ў іншых выпадках лепш усё-такі хавацца дзеля бяспекі. Перада мной заўсёды стаяў выбар балансу паміж звярамі і людзьмі. 

    Часам гігіенічныя працэдуры даводзіцца выконваць і так. Вадаспад Барра-Кунда, Гвінея, снежань 2022. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Так атрымалася, што ў першай афрыканскай вандроўцы нас абрабавалі, з нажамі, у Намібіі. А звяры нас ні разу не чапалі: неаднойчы мы прачыналіся зранку ў акружэнні жырафаў, якія мірна пасвіліся вакол нашага намёта. Добра, канешне, што жырафы, а не драпежныя звяры, хоць і разок прыходзілася збягаць ад буйвалаў. Але так атрымалася, што з людзьмі ў нас больш негатыўнага досведу, чым з жывёламі. 

    — Ці здаралася так, што прачынаецеся зранку, а вакол вас – не толькі жырафы, а бегемоты, насарогі, сланы?

    — Бегемотаў, сланоў я бачыла ў дзікай прыродзе, але ўцякаць ад сланоў не даводзілася. Жырафы, дробныя малпы і вельмі-вельмі шмат анцілоп. Памятаю, першы месяц прачыналіся – і я хапала свой фотаапарат, каб сфатаграфаваць антылопу. Але затым я проста перастала на іх звяртаць увагу – іх і праўда вельмі шмат. 

    Тыя самыя жырафы, якія пасвяцца ля палаткі падарожнікаў ў Кеніі, люты 2015. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    У Афрыцы ўвогуле не бачыла вялікіх змеяў. Хіба ў Марока бачыла нейкага гада, але нічога вялікага і рэальна небяспечнага. 

    «Мы ніяк не маглі зразумець: чаму ва Угандзе ўсе хацелі здаць нас у паліцыю?»

    — Якая афрыканская краіна запомнілася вам найбольш?

    — Пытанне вельмі цяжкае, бо афрыканскія краіны такія розныя… У мяне ёсць асабісты топ краінаў, якія спадабаліся. Уганда спадабалася перш за ўсё людзьмі, самымі ветлівымі і прыемнымі, якія многа нам дапамагалі. Здзівілася, што ва Угандзе паліцыя дапамагае, гэтым яна і вядомая.

    Накрыклад, стаім на трасе, ніхто не спыняецца – ідзіце ў паліцыю, раяць людзі, ці намёт няма дзе паставіць – ідзіце ў паліцыю. Мы ўсё не маглі зразумець, чаму нас хочуць здаць у паліцыю, што мы ім дрэннага зрабілі? А потым аказалася, што паліцыя ўяўляе ўсебаковы сервіс дапамогі: прыходзіш, складаеш бездапаможна ручкі – рабіце што-небудзь са мной, бо мне няма дзе спаць, няма чаго есці.

    Таццяна Гендзель з дзіўнымі ўгандзійскімі паліцэйскімі. Фота: з асабістага архіва

    І вось угандзійская паліцыя пачынае арганізоўваць твой побыт: то намёт дазваляюць паставіць на тэрыторыі паліцэйскага ўчастка, ці дамаўляліся з гатэльчыкамі, каб тыя дазволілі разбіць лагер, а адна ангельская бабуля ўвогуле дазволіла нам застацца ў пакойчыку ў яе гатэлі.

    Прывезці бананаў, вады – паліцыя рэальна дапамагае, прычым вельмі ветліва ставяцца да цябе, усміхаюцца, распытваюць. Для мяне гэта быў вельмі дзіўны досвед. Калі ва Угандзе нешта здарылася — адразу ідзі ў паліцыю, усе мясцовыя гэта ведаюць. Не ведаю, як паліцыя ставіцца да мясцовых (не заўсёды сервіс для мясцовых такі ж добры, як і для турыстаў), але нам яна рэальна дапамагала.

    А ячшэ мяне вельмі ўразіла сваёй прыродай Намібія. Там нейкія зусім касмічныя марсіянскія краявіды. І акіян ёсць, і пустыні, і засталася нямецкая каланіяльная архітэктура. Марскія коцікі, якіх літаральна за носікі можна пакратаць… Дзіўная краіна!

    — Да турыстаў, да еўрапейцаў ставяцца як да крыніцы фінансаў? 

    — Часцей за ўсё так. Але з агаворкай — у турыстычных месцах. Там ты сапраўды не чалавек, а хадзячы гаманец. І з цябе спрабуюць любымі спосабамі і сродкамі выцягнуць грошы. А ў нетурыстычных месцах (я звычайна езджу якраз па нетурыстычных мясцінах) да цябе ставяцца па-рознаму, у залежнасці ад краіны.

    Нават ва Угандзе не пераследуюць за бел-чырвона-белы сцяг. Фота: з асабістага архіва

    Напрыклад, у Заходняй Афрыцы людзі індэферэнтныя, яны цябе не будуць чапаць першымі. Калі ты ідзеш па вёсцы і здароваешся з усімі, то табе і адкажуць, і ўсміхнуцца. А калі будзеш проста ісці міма, то зробяць выгляд, што цябе не існуе. Гэта выглядала крыху дзіўна пасля вопыту Усходняй Афрыкі, дзе ўсё наадварот: яны шчаслівыя, за табой цягнецца калона дзяцей, якія крычаць «мзунгу» (у перакладзе: белы чалавек), дарослыя машуць і ўсміхаюцца, цікавяцца тваімі справамі.

    Для іх белы чалавек нешта экзатычнае, з’яўленне еўрапейца ў вёсцы тыдзень будуць абмяркоўваць. 

    А назіраецца і непрыемнае трохі, але абажальнае стаўленне, калі просяць патрымаць дзяцей – на шчасце. Памятаю, аднойчы падаравала цішотку трохі пажылой жанчыне ў Замбіі – і яна адразу кінулася мне ў ногі і пачала іх цалаваць. Мне было надзвычай няёмка! Здаецца, у многіх мясцінах засталіся яшчэ каланіяльныя адгалоскі: белы чалавек прыйшоў і добрае нешта прынёс. Але, канешне, думаю, што гэта ў тых краінах, дзе рэальна нешта добрае прыносілі. Былі ж розныя гісторыі…

    «Дарога з’ядае большую частку бюджэту»

    — Колькі каштуе адна афрыканская вандроўка?

    — У кожнай краіне па-рознаму. Па цяпершашніх коштах білет на самалёт выходзіць недзе каля 700 еўра на чалавека, калі вандроўка пройдзе не па адной, а дзвюх-трох краінах, то трэба яшчэ дадаць ад 100 да 300 еўра за візу. А на ўсё астатняе ідзе вельмі мала: каля 200 еўра на тыдзень на дваіх. 

    Мы звычайна ядзім тое, што ядуць і мясцовыя ў тутэйшых забягалаўках. Порцыя каштуе 2—3 еўра, а здаравенную порцыю (такія звычайна гатуюць для мясцовых кіроўцаў) мы заказваем адну на дваіх. На абед у нас звычайна бутэрброды.

    Сілкуюцца падарожнікі часцей за ўсё ў розных мясцовых забягалаўках. А на абед па бельгійскай традыцыі — бутэрброды. Фота з Лібэрыі і Кот-д’Івуара, студзень 2024. Фота: з асабістага архіва Таццяны Гендзель

    Наведванне нацыянальных паркаў таксама можа выліцца ў розныя грошы: усё залежыць ад таго, колькі іх у краіне і колькі каштуе ўваход. Бывае, кошт уваходнага квітка складае 60—80 еўра на чалавека – у такім выпадку гэта моцна ўплавае на бюджэт. 

    То-бок у залежнасці ад краіны знаходжанне дваіх чалавек абыходзіцца ад 200 да 500 еўра ў тыдзень – усё залежыць ад таго, у якія месцы мы ходзім. 

    «Афрыка – адна любоў на дваіх»

    — Прызнайцеся, хто каго ўцягнуў у авантуру з афрыканскімі падарожжамі: вы мужа, ці ён вас?

    — З мужам мы пазнаёміліся на сайце для вандроўнікаў — Couch­surf­ing. Ён бельгіец, прыехаў у Беларусь, яму патрэбен быў мясцовы, які пакажа горад. Гэта быў 2018 год, я ўжо паспела пабываць у Афрыцы, а для яго Беларусь аказалася сотай краінай, юбілейнай. Мой муж таксама аказаўся падарожнікам, наведаў ужо 121 краіну. Атрымаўся такі сімбіёз нашых абедзвюх любовей, у тым ліку і да Афрыкі.

    Акрамя Афрыкі, мы пабывалі ў некалькі краінах Лацінскай Амерыкі, у Ізраілі, Саудаўскай Аравіі, Южнай Карэі і шмат яшчэ дзе, а зімой збіраемся наведаць Венесуэлу. Так што мы ездзім не толькі ў Афрыку. Прыцэньваемся да квіткоў, глядзім на тое, куды я, беларуска, са сваім пашпартам магу атрымаць візы.

    — У вас на руках беларускі пашпарт, з‑за якога ўзнікаюць цяжкасці з атрыманнем візы?

    — У ЗША ці Аўстралію і Англію мне, вядома, цяжэй атрымаць візу, чым ў нейкую Танзанію. Амаль ўсе афрыканскія краіны маюць свае амбасады ў Бруселі, досыць проста пайсці і атрымаць візу: іх мала хвалюе твая банкаўская гісторыя, проста запаўняеш анкету, плоціш грошы – і атрымліваеш візу.

    А зараз сапраўды паўстала пытанне з пашпартам, дзе амаль скончыліся чыстыя старонкі, так што давядзецца пераважна ездзіць па краінах, якія ўвогуле не патрабуюць візу. Гэта вельмі лімітаваны спіс краін, але што рабіць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці