У Латвіі прапануюць забараніць TikTok з‑за распаўсюду расійскай прапаганды
У Латвіі на партале грамадскіх ініцыятываў Manabalss.lv распачаўся збор подпісаў за забарону ў краіне платформы TikTok. Пра гэта паведамляе Delfi.
Петыцыя створаная тыдзень таму. Па стану на 17 ліпеня яна набрала больш за 2 тысячы подпісаў з плануемых 10 тысяч.
Прадстаўнік ініцыятывы Артур Бабушкін заклікае заблакаваць доступ да TikTok у Латвіі, бо, на яго думку, платформа вельмі часта выкарыстоўваецца як інструмент у вайне Расіі супраць Украіны. У петыцыі зазначаецца, што на платформе прасоўваюцца наратывы расійскай прапаганды.
«Блакуючы доступ да TikTok на тэрыторыі Латвіі, мы прадухілім значны канал маніпуляцыі, які, у тым ліку, услаўляе расійскія ваенныя злачынствы і агрэсію супраць украінскага народа», — гаворыцца ў петыцыі.
Аўтар адзначае, што прарасійскія наратывы прысутнічаюць і ў традыцыйных медыях. Аднак, па яго меркаванні, фармат кароткіх відэа ў TikTok мае большы ўплыў на аўдыторыю дзякуючы музыцы і эмацыйным лозунгам.
Фарміраванне інфармацыйнай пісьменнасці сярод грамадзян можа дапамагчы ў супрацьдзеянні прапагандзе, аднак гэта патрабуе часу і ніколі не будзе ўсеабдымным, гаворыцца ў петыцыі. «А варожыя Латвіі дзеячы і іх абшуканыя аднадумцы шкодзяць нашаму грамадству ўжо зараз».
Адзначым, у чэрвені на сайце Кабінета міністраў Украіны таксама пачаўся збор подпісаў пад электроннай петыцыяй з патрабаваннем заблакаваць TikTok на тэрыторыі Украіны. Аўтары ініцыятывы лічаць, што TikTok наносіць урон ўкраінскаму грамадству і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку Украіны.