У Брэсце прапагандысты абмяркоўвалі становішча ў медыясферы Беларусі
Семінар пад назвай «Нацыянальная медыяпрастора: асаблівасці станаўлення і тэндэнцыі развіцця» адбыўся 17 ліпеня ў будынку тэлерадыёкампаніі «Брэст». Месца абралі невыпадкова, бо менавіта прэзентацыя тэлевізійных праектаў гэтага дзяржаўнага СМІ была заяўленая ў якасці асноўнай часткі мерапрыемства.
Да ўдзелу запрасілі не толькі прадстаўнікоў медыясферы Брэсцкай вобласці, але таксама ідэолагаў і праўладных экспертаў.
Так, супрацоўнікі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) распавялі пра вынікі свайго апытання «Медыяспажыванне насельніцтва Брэсцкай вобласці».
Паводле аналітыка БІСД Сяргея Жука, каля 85% жыхароў Брэсцкай вобласці ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў штодня карыстаюцца Instagram. Цікавасць да месенджара Telegram маюць больш за 70% карыстальнікаў у гэтай узроставай групе, да Viber — 65%, да TikTok — 60%.
«Мы ўступаем у новую эпоху, калі змяняецца сам тып медыяспажывання, — зазначаў Сяргей Жук. — Усё часцей ужо не толькі моладзь пераважна спажывае медыякантэнт з інтэрнэту — навінавыя сайты, сацыяльныя сеткі і месэнджары».
Такім чынам, вынікі даследавання засведчылі, што роля дзяржаўных газет як эфектыўнага носьбіта прапаганды працягвае зніжацца, а ідэолагам трэба выпрацоўваць новыя падыходы, каб мець уплыў у сучаснай інфармацыйнай прасторы.
«Асноўную ролю зараз граюць электронныя СМІ, якія займаюць галоўнае месца сярод медыякрыніц для спажывання насельніцтвам, — лічыць кіраўнік аддзялення па Брэсцкай вобласці БІСД Ігар Кароль, — І сёння склалася такая сітуацыя, калі чалавек, маючы адзін гаджэт, можа сам фармаваць медыякантэнт».
Як вынікае з астатніх выступаў на семінары, гэтая тэндэнцыя вельмі напружвае ідэолагаў. На іх погляд, «разумнае» спажыванне інфармацыі сярод жыхароў Беларусі яшчэ не сфармавалася. У сувязі з гэтым нібыта «ёсць рызыкі для пранікнення дэструктыўнай прапаганды», што, паводле ідэолагаў, абавязкова трэба ўлічваць у дзейнасці дзяржаўных СМІ.
Мясцовых прапагандыстаў заклікалі прытрымлівацца трэндаў, распрацаваных уладамі: звяртацца да свайго гледача, слухача, чытача праз новыя фарматы ў інтэрнэце.
А сярод галоўных напрамкаў дзейнасці дзяржаўнай прэсы было агучана «змаганне з фэйкамі». Паводле праўладных экспертаў, гэта дазваляе «заваёўваць давер аўдыторыі і дапамагае жыхарам рэгіёна трымаць руку на пульсе падзей».