• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БТ магло набыць тэлеправы на Алімпіяду за сціплыя грошы, але, здаецца, само вырашыла гэтага не рабіць — «Трыбуна»

    Красці таксама наўрад ці будуць.

    Калаж: Трыбуна

    Алімпіяду-2024 не пакажуць у Беларусі. Гэта вынікае з праграмы перадач каналаў прапагандысцкага медыяхолдынгу «Белтэлерадыёкампанія».

    Гледачы ў Беларусі засталіся без магчымасці паглядзець Гульні ўпершыню з 1984 года – тады СССР байкатаваў форум у Лос-Анджэлесе. Ну а цяпер прычына адсутнасці трансляцый у тым, што Беларусь так і не атрымала права на вяшчанне, хаця такая магчымасць была.

    Чаму лукашэнкаўская тэлерадыёкампанія не набыла права паказваць Алімпіяду і ці можа рэжым проста скрасці карцінку? Вось што «Трыбуна» змагла пра гэта даведацца.

    Алімпійскія гульні-2024 афіцыйна стартуюць 27 ліпеня і будуць паказаныя па ўсім свеце, а правы на трансляцыю набылі дзясяткі розных тэлекампаній. Аднак сярод іх няма вяшчальнікаў ні з Беларусі, ні з Расіі. У сетках каналаў «Беларусь 1» і «Беларусь 5» (уваходзяць у структуру так званай «Белтэлерадыёкампаніі» і звычайна менавіта там паказваюць алімпійскія старты) няма нічога, што б намякала на Гульні.

    А хто распараджаецца тэлеправамі ў прынцыпе?

    Першапачаткова яны належалі Міжнароднаму алімпійскаму камітэту (МАК), аднак арганізацый падпісала эксклюзіўную дамову з кампаніяй Warn­er Bros. Dis­cov­ery (WBD) і перадала ёй правы на трансляцыю Гульняў у перыяд з 2018-га па 2024‑ы гады, атрымаўшы наўзамен 1,3 мільярда еўра. Пасля гэтага WBD праз «Еўрапейскі вяшчальны звяз» перадала субліцэнзійныя пагадненні сябрам EBU – так вызначыліся тыя, хто паказвае Алімпійскія гульні ў Еўропе.

    Аднак сяброўства так званай «Белтэлерадыёкампаніі» ў EBU прыпыненае з ліпеня 2021 года за «трансляцыю інтэрвʼю, атрыманых, відавочна, пад прымусам». Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як беларускі рэжым прымусіў да пасадкі еўрапейскі самалёт з блогерам Раманам Пратасевічам на борце.

    З тых часоў прапагандысцкі холдынг страціў доступ да асобных магчымасцяў, якія дае сяброўства ў EBU, у тым ліку да выкарыстання некаторага музычнага (напрыклад, «Еўрабачанне»), навіннага і спартыўнага кантэнту (трансляцыя этапаў Кубка свету па біятлоне).

    Наколькі вядома «Трыбуне», цягам апошніх трох гадоў лукашэнкаўская тэлерадыёкампанія не рабіла спробаў аднавіць сяброўства ў EBU. Кіраўніцтва холдынгу ўпарта робіць выгляд, што санкцыі накладзеныя беспадстаўна выключна па палітычных матывах, а таму «на Захадзе ў любым выпадку будуць ігнараваць любыя запыты з Беларусі» (так апісвае сітуацыю нашая крыніца).

    Прыпыненне сяброўства ў EBU першапачаткова была накладзенае да ліпеня 2024-га.

    – Наколькі ведаю, у кіраўніцтва БТРК сядзелі роўна і чакалі, што санкцыі скончацца, ніхто не будзе іх падаўжаць, сяброўства ў Еўрапейскім вяшчальным звязе адновіцца само сабой, а там ужо можна будзе нешта вырашыць і па Алімпіядзе, як і наконт іншага кантэнту, – на ўмовах ананімнасці распавёў «Трыбуне» адзін з супрацоўнікаў «Беларусь 5».

    Аднак у красавіку 2024-га ў EBU паведамілі, што санкцыі ў дачыненні да БТРК зʼяўляюцца бестэрміновымі.

    – На гэты момант у нас няма прычын змяняць нашую пазіцыю, – гаварылася ў паведамленні Еўрапейскага вяшчальнага звязу.

    Такім чынам стала зразумела, што правы на трансляцыю Алімпіяды-2024 праз EBU не атрымаць, але заставаўся выхад – набыць правы непасрэдна ў Warn­er Bros. Dis­cov­ery. Па нашых звестках, яны каштавалі б БТРК усяго 150 тысяч еўра, але…

    – Наколькі ведаю, у холдынгу па нейкіх прычынах самі не захацелі нічога купляць. Хадзілі размовы, што гэта такая крыўда праз тое, што беларусаў дапусцілі да Алімпіяды толькі ў нейтральным статусе. Маўляў, навошта тады паказваць, калі там не будзе нашага сцяга і гімна? У Расіі паступілі падобным чынам, – дадала наша крыніца на БТРК.

    Пры гэтым яшчэ ў верасні мінулага года старшыня БТРК лукашыст Іван Эйсмант даваў зразумець, што не бачыць вялікай каштоўнасці ў трансляцыі Алімпіяды на тэрыторыі Беларусі.

    – А Алімпіяда будзе ў Парыжы? А мы будзем удзельнічаць з расіянамі? Не ведаю, ці варта паказваць Алімпійскія гульні, калі там не будзе нашых спартсменаў. Пытанне ўдзелу яшчэ не вырашанае. Але на тэрыторыі Беларусі няма таргоў па Алімпіядзе. Ну, не і не. Мы з гэтай нагоды моцна не перажываем. Такая Алімпіяда нам не патрэбная, – казаў прапагандыст.

    Прыкладна такую ​​ж рыторыку Эйсмант выкарыстаў у дачыненні да футбольнага Еўра, які ў апошні момант, але ўсё ж паказалі ў Беларусі.

    Звернем увагу на яшчэ адзін нюанс. Як вядома, у студзені 2023 года рэжым прыняў для сябе «закон» «Аб абмежаванні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасці». «Дакумент» дазваляе ў Беларусі выкарыстанне без якіх-небудзь пагадненняў абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці, што належаць праваўладальнікам з недружалюбных, на думку рэжыму, краін. Псеўдаміністэрства інфармацыі вядзе спіс такіх абʼектаў.

    Такім чынам, тэарэтычна ў Беларусі магчымая любая трансляцыя, якую толькі захочуць лукашэнкаўскія чыноўнікі – ім нават не трэба ні з кім дамаўляцца. Так былі скрадзеныя матчы чэмпіянату свету па пляжным футболе. Так планавалі скрасці трансляцыю Еўра-2024, але ў выніку ўдалося дамовіцца з УЕФА. Дык што перашкаджае аналагічным чынам паказаць Алімпіяду-2024?

    Як кажуць нашыя крыніцы на БТРК, пра «гэтае хадзілі пэўныя размовы ў кулуарах, але дзейнічаць так не наважыліся».

    – На гэта адразу б адрэагаваў Міжнародны алімпійскі камітэт, з якім у Беларусі і так складаныя адносіны. Праз прамое парушэння камерцыйных правоў і замаху на самую галоўную крыніцу даходу МАК можа рэальна прыпыніць прызнанне НАК Беларусі, – сказаў у каментары для «Трыбуны» былы генеральны сакратар беларускай арганізацыі Анатоль Котаў.

    Дадамо, што ў пачатку чэрвеня так званае міністэрства інфармацыі абнавіла пералік трансляцый, які можна паказваць у Беларусі без дазволу праваўладальніка. Да прапісаных раней ЧС па пляжным футболе і ЧЕ па футболе (які ў выніку так і не скралі) дадалі матчы беларусаў у футбольнай Лізе нацый, а таксама таварыскія сустрэчы зборнай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці