• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зміцер Ягораў: Ніхто не хоча, каб «Белсат» аб’явіў страйк, ці перастаў выходзіць у эфір, ці проста закрыўся

    Што скажа польскае грамадства, калі адзін з самых паспяховых праектаў Польскага тэлебачання – «Белсат» знікне ў выніку ўрадавай рэформы?

    Пра туманнае сёння і невядомае заўтра «Белсата» пагаварылі з былым супрацоўнікам тэлеканала Змітром Ягоравым.

    Зміцер Ягораў. Фота: асабістая старонка ў Face­book

    — Так склалася, што закончылася дамова – і мы разышліся. Але я застаюся побач з кампаніяй, у якой знаходжуся ад самага пачатку – з 2007 года. Магчыма, мы вернемся да супрацы ў нейкім фармаце ў лепшыя часы. Ці кепскія.

    Не першая надзвычайная сітуацыя для «Белсата»

    – Тэлеканал пачаў вяшчанне 7 снежня 2007 года, і за гэты час, здаецца, ніводнага разу не паўставала пытанне пра яго рэарганізацыю ў такім фармаце. Што азначае ператварэнне паўнавартаснага тэлеканала ў адну з трох замежных рэдакцыяў Польскага тэлебачання?

    — Усё пачалася са звальнення былой дырэктаркі «Белсата» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Я перакананы, што яе звольнілі несправядліва, з палітычных матываў. Масла ў агонь падліла пракурорская праверка, падчас якой перыядычна ўсплываюць прозвішчы – у тым ліку Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і Аляксея Дзікавіцкага. Па-мойму, гэта вельмі непрыгожы ціск, спроба запалохаць калектыў і канкрэтных асобаў, каб яны не рабілі нейкіх актыўных дзеянняў. Цяперашняя гісторыя мне ўяўляецца менавіта так…

    Насамрэч гэта не першая надзвычайная сітуацыя, у якой апынуўся тэлеканал. За міністрам замежных спраў Польшчы Вашчыкоўскім у канцы 2016 года рабілася спроба ператварыць «Белсат» у інтэрнэт-партал, які ў будучыні мог бы стаць часткай канала TVP Zagrani­ca, а бюджэт – скараціць на дзве траціны. Але тады паўстала моцная хваля падтрымкі тэлеканала – як з боку беларускай грамадскасці, так і польскай: «Белсат» удалося адстаяць.

    Былая дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: belapan.com

    Але, сапраўды, каб працэс выйшаў за межы палітычных размоў – такое здараецца ўпершыню.

    Для «Белсата» новыя «перспектывы» (у выпадку, калі белсатаўцы і ягоныя прыхільнікі не здолеюць адстаяць канал) могуць азначаць маргіналізацыю канала. Адна справа, калі ты маеш свой тэлеканал са сваім дырэктарам, бюджэтам, са сваёй аўтаноміяй, магчымасцю прымаць рашэнні хутка і абапіраючыся на патрэбы, і зусім іншае, калі ты з’яўляешся толькі часткай тэлеканала.

    «Белсат» быў і пакуль што застаецца адносна аўтаномным, можа выходзіць у эфір хоць 24 гадзіны ў суткі, можа ствараць дакументальныя фільмы і праграмы так, як лічыць правільным рэдакцыя, без аглядкі на чужых топ-менеджэраў. Калі ж рэдакцыя пачне вяшчаць у анансаваным фармаце: 6 гадзінаў у межах новага тэлеканала – гэта зусім іншая гісторыя, зусім іншы «Белсат».

    Афіцыйныя асобы спрабуюць пераканаць, што «Белсат» не ліквідуецца, што тэлеканал будзе захаваны, але яны крывяць душой: можна захаваць лагатып «Белсата» цягам 6 гадзінаў у суткі, можна захаваць сайт і яшчэ штосьці, але ўжо не будзе самастойнага тэлеканала і не будзе дырэктара «Белсата».

    Калектыў тэлеканала ў трывожным чаканні

    — У якім стане калектыў знаходзіцца зараз, якія настроі пануюць у асяродку «Белсата»?

    – У мяне засталося шмат сяброў, шмат прыяцеляў і шмат знаёмых. Настроі самыя розныя: хтосьці вельмі моцна перажывае сітуацыю, нехта спрабуе зачапіцца за аптымізм, але агулам, як мне падаецца, уся гэтая гісторыя вельмі моцна ўдарыла па ўсіх, хто працуе на «Белсаце». Відавочна і для мяне, і, як мне падаецца, для большасці маіх калег, што гэтая рэформа – не на карысць тэлеканала.

    Намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Фота: «Белсат»

    — «Белсат» — гэта найперш людзі. Што ўяўляе сабой калектыў і якія перспектывы перад ім вымалёўваюцца?

    – Не сакрэт, што тэлеканал налічвае больш за 300 чалавек. З іншага боку, можна па-рознаму лічыць: ці лічыць сталым працаўніком рэжысёра, які перыядычна робіць для тэлеканала перадачы або дакументальныя фільмы, з ім падпісаная дамова, але ён не ходзіць штодня на працу? Натуральна, мы яго лічым сваім. Тая ж гісторыя з праграмамі, якія, напрыклад, не выходзяць улетку, але гэта не значыць, што трохмесячны перапынак адразу робіць іх небелсатаўцамі.

    «Белсат» ужо не проста тэлебачанне, гэта мультымедыйная інстытуцыя, дзе ёсць усё: і відэакантэнт, некалькі моваў у інтэрнэце, і веб-сайт, і тэлеграм-канал. Уражвае колькасць профіляў у сацыяльных сетках плюс 13 ютуб-каналаў.

    Створаны сапраўдны феномен: рэдакцыя, якая стала сапраўднай крыніцай інфармацыі для польскіх журналістаў і экспертаў наконт таго, што адбываецца на ўсходзе: у Беларусі, Расіі і ва Украіне. Даходзяць трывожныя размовы, што гэтую рэдакцыю могуць увогуле ліквідаваць, бо польскае тэлебачанне не бачыць у ёй патрэбы. То бок плануецца пакінуць толькі беларускую частку, аддзеляць расійскую частку і створаць украінскую рэдакцыю – кожнай з трох рэдакцыяў выдзеляць па шэсць гадзінаў вяшчання ў суткі.

    Скарачэнні могуць пачацца яшчэ да канца 2024 года

    – Значыць цяпер вырашаецца лёс больш чым 300 чалавек?

    – Я не думаю, што з «Белсата» звольняць 300 чалавек. Але логіка мне падказвае, што, калі ў верасні будзе прыняты новы бюджэт тэлеканала на наступны год (так звычайна адбываецца: увосень вярстаецца бюджэт тэлебачання на наступны год), то могуць пачацца скарачэнні, зыходзячы з таго, пад якую структуру рыхтаваўся бюджэт. Магчыма, знікне патрэба ў такой колькасці спецыялістаў, журналістаў, каб рэалізаваць прапісаную канцэпцыю і прыняты бюджэт.

    Магчыма, звальненні пачнуцца яшчэ да канца года. Але якім стане «Белсат» у выніку, мы зможам убачыць толькі ўвесну, калі адбудзецца плануемая рэарганізацыя.

    Прынамсі, так бачаць рэарганізацыю кіраўніцтва Польскага тэлебачання. Але як будзе насамрэч – пакуль невядома, бо частка тэлеканала на чале з Аляксеем Дзікавіцкім спрабуе дамагчыся максімальна добрых ўмоваў, якія магчымыя цяпер, захаваць максімум.

    Аляксей Дзікавіцкі неаднаразова публічна дэклараваў, што ён не пойдзе на масавыя скарачэнні; спадзяюся, яму ўдасца выканаць свае абяцанні. Праўда, гэта не заўсёды ад яго залежыць, але яго імкненні дарагога вартыя. І вельмі класна, што ў «Белсата» ёсць Аляксей, які спрабуе бараніць яго гэтак жа настойліва, як гадамі яго бараніла Агнешка Рамашэўская-Гузы.

    Новы стары ньюсрум «Белсата». Фота: са старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Face­book

    «Белсат» зусім не закрыюць, але аўтаноміі стане менш

    – А якія сцэнары развязвання канфлікту існуюць увогуле? Тым больш у сітуацыі, калі ад тэлеканала мала што залежыць.

    – Ніхто не хоча, каб «Белсат» аб’явіў страйк, ці перастаў выходзіць у эфір, ці проста закрыўся з‑за рэформы. Як гэта будзе выглядаць, калі прыдуманая польскім урадам рэформа тэлебачання прывядзе да забойства аднаго з самага паспяховага праекта Польскага тэлебачання? Я думаю, і ў калектыва, і ў Аляксея Дзікавіцкага ёсць трывалыя перамоўныя пазіцыі, яны знаходзяцца не ў становішчы сляпога кацяняці, з якім можна рабіць што заўгодна. Ніхто не хоча скандалаў, ніхто не хоча раптоўнага знікнення «Белсата». Канешне, TVP пераследуе свае мэты: напэўна гэта зніжэнне выдаткаў, маргіналізацыя канала і стварэнне трох рэдакцый, але, як мне падаецца, тут існуе прастора для манёўраў.

    — Што пацягне за сабой рэфармаванне «Белсата» ў дэклараваным выглядзе: для аўдыторыі, для супрацоўнікаў і для рэгіёна?

    – Як мне бачыцца, за новы бюджэт стане немагчыма рабіць такі самы тэлеканал, з тым жа аб’ёмам кантэнта, з такой самай карэспадэнцкай сеткай і такой жа прадукцыяй (праграмамі, дакументальнымі фільмамі, рэпартажамі). То-бок, стане менш унікальнага якаснага кантэнта, скароціцца колькасць супрацоўнікаў. Стане менш творчай свабоды, таму што ў кіраўніцтва стане менш магчымасцяў прымаць рашэнні, іх давядзецца ўзгадняць з кіраўніком аб’яднаных рэдакцый, а магчыма – і з дэпартаментам МЗС Польшчы. Раней такога не было: рэдакцыйную палітыку вызначала кіраўніцтва тэлеканала. Цяпер аўтаномнасці «Белсата» хочуць пакласці канец.

    – Вашыя прагнозы: ці ўдасца захаваць «Белсат» у цяперашнім выглядзе?

    – Я перакананы, што «Белсат» будзе існаваць у той ці іншай форме. Я перакананы, што ніхто не наважыцца яго ліквідаваць цалкам.

    Самы змрочны сцэнар, які я сабе ўяўляю, — маргіналізацыя і зніжэнне гнуткасці, змяншэнне магчымасцяў падтрымліваць творчых людзей, даваць ім працу і ўвогуле скараціць магчымасці беларусаў на атрыманне незалежнай інфармацыі.

    Цяжка даваць прагнозы… Магчыма, незалежнасць тэлеканала ўдасца адстаяць. І чым больш незалежнасці застанецца (кадравая палітыка, так званая «рамуўка» – тое, што будзе ў эфіры), тым больш уплывовым застанецца «Белсат».

    Ньюсрум тэлеканала «Белсат». Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    Па сутнасці

    Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ.

    9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».

    На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат».

    У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая кіравала тэлеканалам 18 гадоў.

    Выканаўцам абавязкаў дырэктара тэлеканала прызначаны Аляксей Дзікавіцкі. Адразу пасля прызначэння новы кіраўнік распавёў пра планы тэлеканала.

    У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал.

    4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

    8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

    Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».

    23 ліпеня «Белсат» паведаміў, што пераводзіць свой сайт на «мінімальны рэжым працы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці