• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экстрэмісцкімі абвешчаныя YouTube-канал «Медиа-Полесье» і блогер Кабанаў у «Одноклассниках»

    31 ліпеня 2024 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося чарговае абнаўленне. У прыватнасці, туды патрапіў YouTube-канал «Медиа-Полесье», які мае дачыненне да адпаведнага рэгіянальнага сайта. Гэты канал мае зараз 12,9 тысячы падпісчыкаў.

    медиа-полесье YouTube

    YouTube-канал «Медиа-Полесье». Скрыншот

    Рашэнне прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» YouTube-канал «Медиа-Полесье» было прынята 22 ліпеня суддзёй Ганцавіцкага раёна Аксанай Зоткінай паводле прапановы мясцовага пракурора Аляксандра Гурбановіча. У якасці зацікаўленага боку ў судовым працэсе пазначанае Міністэрства інфармацыі.

    Прыблізна за два месяцы да гэтага, у траўні 2024 года, суд ў Пінску прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй супольнасць у Face­book, якая мае дачыненне да сайта «Медиа-Полесье».

    Ціск на незалежнае інтэрнэт-рэсурс «Медиа-Полесье» цягнецца ўжо некалькі гадоў. У ліпені 2021 года ў офіс незалежнага анлайн-выдання ў Лунінцы, па месцы жыхарства галоўнай рэдактаркі Святланы Гарда, а таксама ў некаторых супрацоўнікаў сайта праводзіліся ператрусы. У верасні таго ж года доступ да сайта media-polesye.by на тэрыторыі Беларусі быў заблакаваны.

    5 красавіка 2022 года судом Лунінецкага раёна «інфармацыйная прадукцыя, якая публікуецца ў сеціўным выданні media-polesye.by, у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» і ў сацыяльный сетцы «Одноклассники» была прызнаная «экстрэмісцкай». Сёлета ў красавіку Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пазбавіў незалежны сайт даменнага імя ў нацыянальнай зоне .by.

    На мінулым тыдні была прызнана экстрэмісцкай і старонка «Аляксандр Кабанаў» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Гэта старонка з’яўляецца персанальным профілем брэсцкага блогера і былога палітвязня Аляксандра Кабанава, а адпаведнае рашэнне наконт «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прымаў пінскі суддзя Мікалай Каляда. Адбылося гэта 24 ліпеня 2024 года.

    Суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў 26 ліпеня 2024 года экстрэмісцкай старонку «Навіны Полаччыны (Полацк, Наваполацк)» у сацсетцы «ВКонтакте». Гэта афіцыйная група сайта novopolock.ru. Адміністратары старонкі пішуць, што там дазволена: каментаваць, лайкаць, паведамляць пра цікавыя падзеі рэгіёна, дадаваць любыя смешныя ці цікавыя фота, відэа, тэксты. Старонка налічвае 9 357 падпісчыкаў.

    Інтэрнэт-рэсурс з назвай «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў» прызнаны экстрэмісцкім 22 ліпеня судом Цэнтральнага раёна горада Мінска. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі —спецпраект праваабарнчай арганізацыі « Прававая ініцыятыва», заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці