• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд разгледзіць скаргу на прысуд да зняволення экс-журналісткі Алены Цімашчук

    Разгляд апеляцыйнай скаргі Алены Цімашчук — журналісткі з Брэста, асуджанай да 5 гадоў зняволення і 46 тысяч рублёў штрафу, прызначаны на 16 жніўня. Слуханне ў Вярхоўным судзе распачнецца а 9.30. Старшыняваць на працэсе будзе суддзя Сяргей Гураў.

    журналістка Алена Цімашчук суды над журналістамі

    Журналістка Алена Цімашчук. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    Журналістка абскарджвае вырак, вынесены ёй сёлета 3 чэвеня Брэсцкім абласным судом.

    Тады суддзя Дзмітрый Карасінскі  асудзіў Алену Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і прызначыў гіганцкі штраф памерам 1150 базавых велічынь (гэта 46 000 рублёў ці амаль у 14 000 долараў).

    Суддзя Карасінскі прызнаў дзяўчыну вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    - у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК),

    - распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК),

    - ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).

    Хто такая Алена Цімашчук

    Да затрымання Алена Цімашчук працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст». Таксама раней у якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом». Часам яна рабіла рэкламныя артыкулы і пісала на тэмы псіхалогіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.

    Пра сутнасць крымінальнай справы, распачатай супраць журналісткі, вядома няшмат. Праз неколькі дзён пасля вынясення прысуду, 12 чэрвеня, праўладны Telegram-канал «Жёлтые сливы» змясіў пра яе абразлівы допіс. Там сцвярджалася, што Алена Цімашчук «действительно работала в гос СМИ и всё у неё было хорошо», але трапіла «в чат-бот экстремистского формирования «Радыё Свабода», а оттуда и в обучающую программу фонда «Вацлава Гавела».

    Таму ёсць падставы меркаваць, што за гэта дзяўчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Паколькі ў Беларусі «Радыё Свабода» абвешчанае такім фармаваннем рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў ад 23 снежня 2021 года.

    Сутнасць абвінавачанняў ў распальванні варожасці ці варажнечы і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь застаецца невядомай. Прычым, як адзначаюць мясцовыя журналісты, Алена Цімашчук падчас супрацы з брэсцкімі недзяржаўнымі выданнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы.

    Сёлета 13 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алену Цімашчук палітычнай зняволенай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці