• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшлі на волю былы журналіст БТ Дзмітрый Лукша і яго жонка Паліна Палавінка

    Сужэнцы былі вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі па памілаванні. З‑за кратаў абодва выйшлі яшчэ 3 ліпеня, але праваабаронцы паведамлялі толькі пра вызваленне Паліны Палавінкі. У дачыненні да Дзмітрыя Лукшы падтрымліваліся рэжыму інфармацыйнай цішыні.

    выйшлі на волю палітзняволеныя журналісты

    Дзмітрый Лукша і Паліна Палавінка

    У снежні 2022 года былому журналісту Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрыю Лукшу Мінскі гарадскі суд прызначыў 4 гады калоніі, а яго жонцы Паліне Палавінцы — 2,5 года пазбаўлення волі.

    Дзмітрый Лукша адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі № 17, яго жонка — у жаночай калоніі № 4. Абодвух выпусцілі на волю да сканчэння тэрміну пакарання: Дзмітрыю заставалася адбыць у зняволенні 1 год і 2 месяцы, Паліне — усяго два тыдні.

    Дзмітрыя Лукшу, Паліну Палавінку, а таксама Дзяніса Яроўскага і Канстанціна Ніканорава абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і ва «ўдзеле ў масавых беспарадках».

    Паводле версіі абвінавачання, Лукша з лістапада 2021 года па сакавік 2022 года «сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы журналіста, «з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія ўтрымлівалі заведама ілжывую інфармацыю, і перадаў іх згаданаму тэлеканалу». Жонку журналіста, Паліну Палавінку, прызналі вінаватай за дапамогу мужу ў ягонай «незаконнай» журналісцкай дзейнасці.

    Акрамя таго, паводле боку абвінавачання, у 2020 годзе Лукша і Палавінка прымалі актыўны ўдзел у масавых акцыях пратэсту ў Мінску.

    Дзмітрыя Лукшу прызналі вінаватым паводле артыкула  369–1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь)  і часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
    Паліну Палавінку абвінавацілі паводле часткі 6 артыкула 16 і артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса (дапамаганне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь) і часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

    Дзмітрыя затрымалі пасля ператрусу ў кватэры сям’і ў Мінску 11 сакавіка 2022 года. 18 траўня 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала былога журналіста палітычным вязнем.

    Паліна Палавінка была затрыманая 2 чэрвеня 2022 года — праз тры месяцы пасля затрымання мужа.  Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай 14 верасня 2022 года.

    27 сакавіка 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла Дзмітрыя Лукшу і Паліну Палавінку ў ведамасны «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці