• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэзідэнт Польшчы: У справе вызвалення Анджэя Пачобута ёсць сімптомы зменаў

    Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня ў інтэрв’ю «Kanał Zero» паведаміў, што Варшава працягвае актыўныя намаганні па вызваленні беларускага палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута і бачыць пэўныя «сімптомы зменаў» з беларускага боку.

    Даючы інтэрв’ю журналістцы польскага «Kanał Zero» падчас пераезду з Кіева ў Варшаву Анджэй Дуда адзначыў, што, на яго думку, працэс вызвалення Анджэя Пачобута стаў значна бліжэйшым, хоць і не адбыўся яшчэ, але ён бачыць прыкметы магчымых зменаў у гэтай справе.

    «Я думаю, мы нашмат бліжэй [да вызвалення Пачобута]. Мы не на паўкроку бліжэй. <…> Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сімптомы зменаў з іншага боку. <…> Мы значна бліжэй», – цытуе словы з інтэрв’ю Анджэя Дуды выданне «Позірк».

    Польскі прэзідэнт сказаў, што Варшава «рознымі спосабамі» спрабуе вызваліць Анджэя Пачобута. «Мы не забываем пра гэтую справу, імкнемся да гэтага», – дадаў ён.

    Пры гэтым Анджэй Дуда адзначыў, што невялікае палягчэнне ў пытанні вызвалення палітвязняў адбылося пасля нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

    Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, адказваючы на пытанне аб магчымым вызваленні Анджэя Пачобута ў кантэксце абмену зняволенымі паміж ЗША, Расеяй і Нямеччынай, паведаміў, што польскія ўлады даведаліся пра гэты абмен толькі ў апошні момант і не ўдзельнічалі ў перамовах. Дуда адзначыў, што гэтыя перамовы вялі амерыканцы з Расеяй, і Польшча не мела да іх адносін.

    «Да нас, як да саюзнікаў, быў звернуты заклік аб правядзенні абмену, – сказаў Дуда, маючы на ўвазе вызваленне з польскай турмы меркаванага агента ГРУ РФ Паўла Рубцова, якога абвінавачвалі ў шпіянажы. – [Пагадзіцца на такія ўмовы абмену] было цяжкім рашэннем. Гэта рашэнне павінны быў прыняць прэм’ер-міністр, ён гаварыў са мной раней».

    Паводле словаў Анджэя Дуды, Польшча магла заблакаваць абмен, што стварыла б сур’ёзную праблему ў выпадку, калі б Пачобут не пагадзіўся з такімі ўмовамі вызвалення.

    «Я не ведаю, хацеў бы ён, каб яго абмянялі на шпіёнаў без магчымасці вярнуцца ў Беларусь. І, такім чынам, без магчымасці быць са сваёй сям’ёй. Без магчымасці быць нармальным грамадзянінам», – сказаў польскі прэзідэнт.

    Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што Анджэй Пачобут несправядліва зняволены, паколькі ён не здзяйсняў ніякіх злачынстваў і з’яўляецца добрасумленным чалавекам. Дуда падкрэсліў, што Пачобут, як грамадзянін Беларусі, мае поўнае права на свабоду і свабоднае перамяшчэнне па сваёй краіне. Пачобут, хоць і з’яўляецца палякам па паходжанні, заўсёды падкрэсліваў сваю прыналежнасць да Беларусі. Польскі бок на працягу некалькіх гадоў працуе над яго вызваленнем, але сам Пачобут не пагадзіўся з некаторымі з прапанаваных шляхоў выхаду з сітуацыі.

    Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам ў Беластоку, жнівень 2024 года. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

    Нагадаем, што 8 лютага 2023 года Гарадзенскі абласны суд вынес прысуд Анджэю Пачобуту, асудзіўшы яго на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў Пачобута вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі. Паводле неафіцыйных звестак, Пачобут адмовіўся ад магчымасці папрасіць памілаванне. У адказ на гэты прысуд, Польшча на няпэўны час закрыла пункт пропуску Баброўнікі на мяжы з Беларуссю.

    1 жніўня ў Анкары адбыўся буйны абмен зняволенымі паміж Расеяй і заходнімі краінамі. У аперацыі ўдзельнічалі 24 зняволеныя з розных краін, уключаючы ЗША, Нямеччыну, Польшчу, Славенію, Нарвегію, Расею і Беларусь. Расея вызваліла шэраг заходніх грамадзян, у тым ліку амерыканскіх журналістаў і палітычных дзеячаў, а таксама двух грамадзян Нямеччыны, адзін з якіх быў асуджаны на смерць у Беларусі. ЗША і іх саюзнікі, у сваю чаргу, перадалі Расеі асоб, асуджаных за забойства і шпіянаж.

    Імя Анджэя Пачобута згадвалася падчас перамоваў аб абмене зняволенымі паміж ЗША і Расеяй, паведамляў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера ў эфіры TVP Info. Ён адзначыў, што перамовы такога кшталту заўсёды сутыкаюцца з рознымі цяжкасцямі, але намаганні па вызваленні Пачобута працягваюцца. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна дадаў, што гэтае пытанне абмяркоўваецца наўпрост з беларускімі ўладамі. Кіраўніца канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцка заявіла, што Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца, і адзначыла, што гэта пытанне знаходзіцца пад пільнай увагай польскага прэзідэнта.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці