• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Футбольная культура і культурны футбол: нечаканыя факты пра вядомых людзей

    14 верасня ў літоўскім Друскінінкаі пройдзе традыцыйны Міжнародны турнір па футболе сярод журналістаў. Перад пачаткам турніра з дапамогай артыкулу ад Wir.by распавядзем,  чаму футбол ад самага пачатку прыцягваў дзеячаў культуры. Вось карткі з нечаканымі фактамі пра вядомых людзей і іх адносіны з гэтым відам спорту.

    футбол вядомыя беларусы

    Выява: wir.by

    Аркадзь Куляшоў

    Куляшоў зацікавіўся футболам пасля таго, як у 1945 годзе пабываў у Лондане на матчы«Чэлсі» і маскоўскага «Дынама». З таго часу паэт захапіўся гульнёй і часта наведваў трыбуны ўжо мінскага «Дынама».

    Пімен Панчанка

    Яшчэ адзін знакаміты заўзятар «Дынама-Мінск» — Пімен Панчанка. Як узгадвае ўнук Андрэй, падчас гульняў каманды Пімен Емельянавіч так перажываў, што не мог усядзець на месцы. Клуб ацаніў такую адданасць і нават выпусціў сімвалічную футболку ў гонар стагоддзя паэта — з прозвішчам «Панчанка» і нумарам «100».

    Лазар Лісіцкі

    Цікавымі футболкамі адзначыўся і футбольны клуб «Віцебск». У сезоне 2019/20 каманда прадставіла камплект, прысвечаны славутым віцебскім супрэматыстам. Форма адсылае да плаката Лазара (Эля) Лісіцкага «Клінам чырвоным бі белых», створанага менавіта у Віцебску ў 1920 гoдзе.

    Казімір Малевіч

    Футбол як новая і прагрэсіўная з’ява вельмі цікавіў супрэматыстаў. Казімір Малевіч ужо ў 1915 годзе, усяго праз некалькі гадоў пасля прыходу футбола на тэрыторыю тагачаснай расійскай імперыі, напісаў карціну «Супрэматызм. Жывапісны рэалізм футбаліста».

    Уладзімір Караткевіч

    Беларускай літаратурай натхнёная неафіцыйная назва нацыянальнай зборнай па футболе. Брэнд «каманда пад белымі крыламі» адсылае да нарыса Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі».

    Сальвадор Далі

    Сальвадор Далі заўзеў за «Барселону» — не дзіўна, улічваючы, што легенда клуба Хасэ Саміцьер быў яго сябрам дзяцінства. Паводле ўспамінаў сябры любілі гуляць у футбол… у кампаніі хатняга ацэлота Далі!

    Любоў мастака да футбола і «Барселоны» задакументаваная ў малюнках, на адным з якіх нават можна знайсці лагатып «сіне-гранатавых».

    Альбер Камю

    «Усім, што я найбольш цвёрда засвоіў пра мараль і адказнасць, я абавязаны футболу»,— казаў Альбер Камю. Будучы нобелеўскі лаурэат не толькі любіў глядзець футбол, але сам гуляў на пазіцыі брамніка. Кажуць, ён нават паспеў згуляць пару таварыскіх матчаўу за зборную Алжыра, але праз сухоты пакінуў футбол і сканцэнтраваўся на літаратуры.

    Камю ўсе жыццё заўзеў за парыжскі «Расінг»і нават даў вялікае інтэрв’ю пасля атрымання нобелеўкі проста на трыбуне, каб не прапусціць матч.

    Уладзімір Набокаў

    Уладзімір Набокаў, як і Камю, стаяў у варотах. Ён казаў, што нарадзіўся галкіперам, і адзначаў, што «у яго [брамніка] самотнасці і незалежнасці ёсць нешта байранічнае».

    Футбол для Набокава як гульца скончыўся, калі ён атрымаў траўму падчас матча за эмігранцкую каманду ў Берліне. З таго часу пра любімую гульню ён толькі пісаў, праўда, пісаў шмат: пачытайце «Абарону Лужына», «Подзвіг» альбо «Машаньку».

    Марцін Хайдэгер

    Марцін Хайдэгер не проста так трапіў у знакаміты скетч «Футбольны матч для філосафаў»: ён і актыўна заўзеў, і сам гуляў у юнацтве.

    Вядома, што Хайдэгер нават хадзіў у госці да суседзяў, каб глядзець футбольныя матчы, бо свайго тэлевізара ён не меў. Любімым гульцом філосафа быў Франц Бекенбаўуэр.

    Кірыл Пятручук

    Акцёр Кірыл Пятручук, вядомы па ролі ліцвіна Мацея з серыяла «1670», планаваў стаць прафесійным футбалістам і марыў гуляць за «Заглэмбе».

    Праўда, неузабаве ён зразумеў, што акцёрства дае яму нашмат больш эндарфінаў — як мы бачым, гэтая стаўка сябе апраўдала.

    Гурындэр Чадха

    Сярод дзеячаў кіно нямала футбольных фанатаў, як і нямала фільмаў пра футбол (напрыклад, серыял «Тэд Ласа»). А ці ведалі вы, што першым заходнім фільмам, які паказалі ў Паўночнай Карэі, стала стужка «Гуляй як Бэкхэм» (Bend it like Beck­ham) рэжысёркі Гурындэр Чадха?

    Боб Марлі

    Музыка-футбаліст? Канешне, Боб Марлі! Знакаміты рэгі-выканаўца нават у гастрольныя туры браў з сабой мяч і бутсы, каб гуляць у вольны час.

    На жаль любоў да футбола ў пэунай ступені і загубіла Марлі: праз траўму пальца у яго пачаў развівацца рак. У склепе, дзе пахаваны музыка, ляжаць яго любімыя гітара і мяч.

    Можна пачытаць:

    Алесь Камароўскі «Заварожаны мяч»,

    Сайман Крычлі «Пра што мы думаем, калі думаем пра футбол»,

    Юры Станкевіч «Брамнік заўжды самотны»,

    Міхась Стральцоў «Заўтра футбол» (з апавядання «Сена на асфальце»),

    Петэр Хандке «Страх брамніка перад адзінаццаціметровым»,

    Нік Хорнбі «Футбольная ліхаманка».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці