• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Папаўненне экстрэмісцкага спісу Мінінфарма: сайт agrolive.by, «Хата Белсату» ў Facebook, YouTube-канал «Такое жыццё»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 27 жніўня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Ніша якаснай аграрнай журналістыкі

    Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны змест сайта agrolive.by. Адпаведнае рашэнне прыняў 21 жніўня 2024 года суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

    Сайт agrolive.by прэзентуе сябе як некамерцыйнае інтэрнэт-выданне, прысвечанае праблемам аграпрамысловага комплексу і сельскага жыцця ў Беларусі. «Чаму ў развітай аграрна-індустрыяльнай краіне, якой лічыцца Беларусь, па сутнасці не запоўненай застаецца ніша якаснай аграрнай журналістыкі», — такое пытанне паставіў перад сабой калектыў рэдакцыі.

    І сваёй працай спрабуе давесці, што праўдзівыя і аб’ектыўныя матэрыялы пра стан сельскага жыцця публікаваць варта. На сайце сустракаюцца як уласна рэдакцыйныя матэрыялы, так і перадрукі з інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    YouTube-канал і старонкі ў сацсетках

    У спіс экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў уключаны YouTube-канал з назвай «Такое жыццё» (ідэнтыфікатар youtube.com/@nusmumrikLJ). Такое рашэнне 23 жніўня 2024 года прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

    Гэты рэсурс мае амаль восем тысяч падпісчыкаў. Ён афіляваны з хрысціянскім інфармацыйным сайтам katolik.life, доступ да якога з сярэдзіны ліпеня быў заблакаваны карыстальнікам з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ раней доступ да рэсурсу заблакавалі ў Расіі.

    «Прычыны афіцыйна ніхто не паведаміў, але яны для нас відавочныя — мы распавядаем не толькі пра пазітыў, але і пра закрыты Чырвоны касцёл, пра арышты святароў, пра тое, як вернікі перажываюць вайну. Бо гэта таксама, на жаль, стала для многіх часткай «каталіцкага жыцця», — каментавала блакіроўку рэдакцыя.

    Рашэннем суда Чыгуначнага раёна Віцебска ад 23 жніўня 2024 года  экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны кантэнт суполкі ў Face­book пад назвай «Хата Белсату» (ідэнтыфікатар  facebook.com/groups/hata.belsata).

    У групе 7,5 тысяч удзельнікаў, там публікуюцца спасылкі на перадачы тэлеканала Белсат TV (3 лістапада 2021 года абвешчаны «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Шэраг інфармацыйных рэсурсаў, звязаных з дзейнасцю тэлеканала, быў уключаны ў «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі яшчэ ў ліпені 2021 года.

    Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае гэтае ведамства, унеслі некалькі прыватных старонак, што належаць вядомым у Беларусі асобам. Да прыкладу, старонка «volha.vialichka» ў Insta­gram (ідэнтыфікар instagram.com/volha.vialichka/). Рашэнне пра тое, каб лічыць экстрэмісцкай старонку экс-дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса, асуджанай завочна да 9 гадоў зняволення, прыняў 21 жніўня 2024 года суд Ленінскага раёна Гродна.

    У экстрэмісцкі спіс Мінінфарма паводле рашэння суда Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад 23 жніўня ўключаны і акаўнт «vovat­sesler» у Insta­gram. Гэта старонка вядомага беларускага дызайнера і мастака Уладзіміра Цэслера, аўтара малюнкаў палітычнай тэматыкі. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці