• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзмітрый Семчанка ўжо другі дзень народзінаў сустракае за кратамі

    28 жніўня журналісту, які звольніўся з дзяржаўнага тэлебачання на знак пратэсту супраць жорсткіх разгонаў мірных акцый пасля прэзідэнцкіх выбараў, спаўняецца 41 год. У івацэвіцкую калонію № 22 Дзмітрый Семчанка, які да падзеяў 2020 года працаваў на АНТ, трапіў паводле абвінавачання ў «распальванні варожасці і варажнечы».

    Дзмітрый Семчанка палітвязні

    Дзмітрый Семчанка ў судзе, сакавік 2023 года. Фота: БелТА

    Удалая кар’ера і звальненне на знак пратэсту

    Да жніўня 2020-га кар’ера Дзмітрыя Семчанкі імкліва ішла ўгару. Ураджэнец  Магілёва, ён праз кастынг трапіў на мясцовае тэлебачанне, па-беларуску вёў праграму пра тэхналогіі ў энергетыцы — рабіць гэта дазваляла вышэйшая інжынерная адукацыя. Семчанку ў якасці тэлевядоўцы заўважылі і запрасілі ў сталіцу на тэлеканал АНТ. Ён быў лаўрэатам некалькіх прэмій у галіне медыя і пераможцам конкурсу «Тэлевяршыня», кіраваў адмысловай групай журналістаў, якія асвятлялі афіцыйныя падзеі, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам.

    Але пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў вырашыў пакінуць сваю пасаду — звольніўся з дзяржаўнага тэлебачання і далучыўся да тых, хто пратэставаў супраць афіцыйных вынікаў галававання. Інфармацыя пра гэта з’явілася 13 жніўня 2020 года. Пазней ён апублікаваў у Insta­gram эмацыйны пост, у якім тлумачыў прычыны свайго ўчынку, згадваючы і беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, і непраўдзівую інфармацыю пра гэта ў дзяржаўных СМІ.

    16 жніўня 2020 года Семчанку асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пратэстным маршы.

    За некалькі дзён да таго тэлежурналіст даў інтэрв’ю для праграмы Ксеніі Сабчак. Ён расказваў пра сваю працу ў «прэзідэнцкім пуле», прызнаваў, што займаўся прапагандай — прыхарошваў рэчаіснасць і замоўчваў недахопы. Але падзеі 9 жніўня 2020 года Семчанка назваў «экзаменам на чалавечнасць» і падкрэсліў, што Лукашэнка робіць «страшэнную памылку», калі па яго загадзе знішчаюцца недзяржаўныя СМІ.

    Затрыманне і крымінальнае абвінавачанне

    Пасля сыходу з АНТ былы тэлежурналіст некаторы час быў беспрацоўным, потым займаўся грамадскімі сувязямі ў фірме «Белагра».

    15 верасня 2022 года Дзмітрыя Семчанку затрымалі разам з яго жонкай і прызначылі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Па сканчэнні гэтага тэрміну на волю ён не выйшаў: мужчыну асудзілі яшчэ на 13 сутак арышту па артыкуле 19.11 КаАП за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у ягоных сацыяльных сетках.

    На праўладных Telegram-каналах паказалі «пакаяльнае» відэа Дзмітрыя Семчанкі, дзе ён кажа, што затрыманы за размяшчэнне ў сацыяльных сетках «допісаў, фотаздымкаў экстрэмісцкага зместу» і каментароў «з распальваннем варожасці да супрацоўнікаў міліцыі». Былыя калегі, каментуючы затрыманне Семчанкі, называлі яго «Іудам» і «здраднікам дзяржавы».

    Дзмітрый Семчанка журналіст за кратамі

    Дзмітрый Семчанка

    Пакуль Семчанка знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам, на яго завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

    У матэрыялах абвінавачання былі згаданыя тры факты — гэта паведамленні ад 6 верасня 2020 года, 27 і 28 верасня 2021 года, апублікаваныя ў Insta­gram і аўтаматычна прадубляваныя «ВКонтакте». На этапе следства Семчанка казаў, што мэты распальваць варожасць не пераследаваў, але згадваў прафесійную прыналежнасць асобаў з негатыўнай ацэнкай іх дзейнасці. У прыватнасці, вялося пра прадстаўнікоў унутраных органаў і дзяржаўных уладаў.

    29 лістапада 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала былога журналіста палітычным вязнем.

    Суд і зняволенне

    Справу Дзмітрыя Семчанкі пачалі разглядаць 21 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Журналіста прызналі вінаватым паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы. Гэтая падзея для дзяржаўных СМІ стала інфанагодай, каб лішні раз падкрэсліць, што Семчанка — здраднік, і што ён раскайваецца ў зробленым.

    Дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала для яго тры гады зняволення, і менавіта такое пакаранне агучыў 23 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч.

    Разгляд апеляцыйнай скаргі Дзмітрыя Семчанкі ў Вярхоўным судзе адбыўся 23 траўня 2023 года. Вердыкт пакінулі без зменаў.

    МУС Беларусі ўключыў былога журналіста дзяржтэлебачання ў пералік асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», а КДБ унёс яго у свой «тэрарыстычны спіс».

    Адбываць прысуд Дзмітрыя Семчанку накіравалі ў івацэвіцкую папраўчую калонію № 22, вядомую пад назвай «Воўчыя норы». У папраўчай калоніі Дзмітрый мусіў вывучыцца на зваршчыка, у вольны час займаецца спортам, вывучае ангельскую мову.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці