• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра што не раскажуць на журфаку? Топ кніг ад медыйшчыкаў, якія варта пачытаць студэнтам

    БАЖ сабраў парады бывалых журналістаў (і не толькі) пра літаратуру, якая можа дапамагчы адрозніць рэальнасць ад той карцінкі, якую часцяком імкнуцца стварыць у сённяшніх беларускіх універсітэтах. 

    Фота: Pix­abay

    «Баявыя штыкі» ці нешта іншае?

    У Беларусі ў студэнтаў лёс — не пазайздросціш. Вось на сайце журфака БДУ завабліваюць абітурыентаў фразамі пр тое, што «прафесія журналіста – вельмі дынамічная, творчая і цікавая». Аднак, на пачатку навучальнага года першакурснікі могуць пачуць зусім іншыя ўстаноўкі. Так летась, былы міністр інфармацыі, а цяпер – намеснік адміністрацыі Лукашэнкі па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Перцоў казаў:

    «У гэтых інфармацыйных войнах вы становіцеся не проста творчымі людзьмі, ці журналістамі, ці медыяменеджэрамі. А па вялікім рахунку — салдатамі. Таму што вы — нашы будучыя і цяперашнія баявыя штыкі».

    Такая ж ваяўнічая рыторыка ў дачыненні да медыйшчыкаў і ў Лукашэнкі. 29 жніўня палітык сабраў прапагандысцкую вярхушку, і на гэтай сустрэчы адкрыта абмаляваў перспектывы прэзідэнцкай кампаніі, дата якой яшчэ нават не аб’яўленая:

    — Што тут хаваць, мы хутка ўступаем у перадвыбарную кампанію. Натуральна, што СМІ, на шчасце, будуць граць адну з ключавых роляў у гэтай сітуацыі. Я кажу, што, на шчасце, не іншыя праблемы, не вайны і іншае. Лепш на гэтым полі будзем ваяваць.

    Як паглядзець на свет у іншым ракурсе, а не ў тым, які настойліва прапануюць у сённяшніх аўдыторыях? Ёсць адна парада, якая вытрымала праверку часам: чытайце добрыя кнігі! Якія? Выбірайце са спісу ад нашых экспертаў. 

    «Трэба выжыць і застацца чалавекам»

    Журналістка «Радыё Свабода» Глафіра Жук склала свой спіс літаратуры, абавязковай для прачытання студэнтамі. Да яе парадаў варта паставіцца ўважліва. Глафіра Жук вучылася на журфаку БДУ, была адлічана па палітычных матывах, але сёлета скончыла ЕГУ («Медыі і камунікацыя»).

    Глафіра Жук. Фота: Руслана Серадзюка

    1. Сергей Беляков. «Парижские мальчики в сталинской Москве».
    2. Александр Баунов. «Конец режима. Как закончились три европейские диктатуры».
    3. Эрих Мария Ремарк. «Искра жизни».
    4. Джордж Оруэлл. «1984».
    5. Варлам Шаламов. «Колымские рассказы».
    6. Николас Старгардт. «Мобилизованная нация».

    «Гэты спіс — толькі частка кніг, якія, на маю думкі, вельмі важна прачытаць маладым людзям, асабліва будучым журналістам.

    У іх выразна расказана і паказана, як таталітарызм знішчае свабоду слова і свабоду меркаванняў, а самае галоўнае — людзей. Мяркую, што будучыя журналісты пасля прачытання гэтых кніг задумаюцца пра тое, як у розныя часы паказвалі грамадства: былі тыя, якія расказвалі пра слаўныя перамогі «айцоў нацый», «важдзей», а былі тыя, хто паказваў чалавека, які пацярпеў ад тыраніі.

    Магчыма, гэта дапаможа ім зрабіць выбар у прафесіі», — мяркуе Глафіра Жук.

    Настасся Роўда: чытайце штосьці большае за пост у інстаграме

    Настасся Роўда. Фота: БАЖ

    Дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда адгукнулася на просьбу БАЖ і прапанавала свой спіс літаратуры, якую варта пачытаць студэнтам журфака. Пры гэтым яна раіць не скідваць з рахункаў кнігі, якія яшчэ 6–10 гадоў таму вывучаліся на журфаку БДУ. Вось як выглядае яе «пакетная прапанова».

    1. Антыўтопіі «О дзіўны новы свет» Хакслі, «1984» і «Ферма» Оруэла, «Восень патрыярха» Маркеса, «451 градус па Фарэнгейту» Брэдберы, «Мова» Віктара Марціновіча.

    Варта прачытаць, каб зразумець убогасць дыктатуры, каштоўнасць праўды і свабоднага выбару.

    2. Усе кнігі хронікі «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч, а найперш – «Час сэканд-хэнд».

    Варта прачытаць, каб асэнсаваць найвялікшыя трагедыі ў нашай гісторыі і зразумець савецкага чалавека. Пасля кніг Алексіевіч варта перайсці на найлепшыя творы іншых нобелеўскіх лаўрэатаў. Можна пачаць з серыі кніг «Noblesse Oblige».

    3. «Ладдзя Роспачы» і «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча, а таксама «Па што ідзеш, воўча» Святланы Курс.

    Варта прачытаць, каб зразумець беларускую душу і ўзбагаціць мову.

    4. «Імя ружы» Умберта Эка і «Сто гадоў самоты» Маркеса

    Гэтыя манументальныя творы неабходныя для якаснага росту і выхаду за межы.

    5. Нон-фікшн: «Савецістан» Эрыкі Фатланд, «Маё жыццё» Голды Мэір, «Круты маршрут» Яўгеніі Гінзбург, «Далей жыць» Нарінэ Абгарян, «Споведзь» Ларысы Геніюш

    Кнігі з нявыдуманымі аповедамі дазваляюць заглыбіцца ў чалавека, глыбока разумець гістарычныя працэсы і складаны свет вакол нас.

    Але галоўнае сёння – чытаць штосьці большае за пост у інстаграме. Толькі чытанне кніг навучыць структураваць тэкст, звязна тлумачыць, даводзіць думку да канца.

    Вядома, будучым журналістам не абысціся і без чытання незалежнай прэсы. На пачатку варта абраць хаця б адно беларускае выданне, але чытаць яго штодзённа. Напрыклад, «Нашу Ніву» ў тэлеграме. А тым, хто валодае ангельскай, варта ў дадатак раз на тыдзень праглядаць The New York Times (альбо любы іншы якасны замежны СМІ).

    «Для Усходняй Еўропы зараз актуальная ваенная прапаганда»

    Аляксандр Фрыдман – доктар філасофіі, гісторык, які актыўна даследуе гісторыю Другой сусветнай вайны. Палітычны аглядальнік. Ураджэнец Беларусі, але больш за 20 гадоў жыве ў Германіі і выкладае ва ўніверсітэтах Еўропы. 

    Аляксандр Фрыдман. Фота з сайта sn-plus.com

    — Найперш я хачу парэкамендаваць досыць старую кнігу, 1962 года выпуска, французскага сацыёлага і гісторыка Жака Эллюля «Феномен прапаганды». Гэта вельмі вартае класічнае даследаванне, якое паказвае, як працуе прапаганда.

    Эксперт звяртае ўвагу і на больш новую — 2010 года — публікацыю «Асноўныя прынцыпы ваеннай прапаганды» ад бельгійскай аўтаркі, гісторыка  Эн Марэлі (Anne Morel­li).

    — На мой погляд, менавіта на ваенную прапаганду зараз трэба звяртаць галоўную ўвагу ва ўсходне-еўрапейскім кантэксце: як яна ствараецца ва ўмовах вайны, як яна працуе. Гэтыя два даследаванні дадуць сённяшнім студэнтам поўнае ўяўленне пра тое, куды яны патрапілі і на каго ім давядзецца працаваць пасля заканчэння журфака.

    На гэтую ж тэму ёсць кніга Эдварда Бернейса «Прапаганда» (1927),  у якой аўтар прыводзіць прыклады псіхалагічных маніпуляцый.

    Аляксандр Фрыдман вельмі раіць прачытаць і наступныя творы. Але ў перакладзе яны наўрад ці знойдуцца. Варта спадзявацца, што сённяшняя моладзь дастаткова валодае замежнымі мовамі.

    • Philip M. Tay­lor, Muni­tions of the mind: A his­to­ry of pro­pa­gan­da (2003).
    • Jacques Ellul, Pro­pa­gan­da (1962).
    • Anne Morel­li, Principes élé­men­taires de pro­pa­gande de guerre (2010). 
    • Garth S. Jowett & Vic­to­ria O’Don­nell, Pro­pa­gan­da and Per­sua­sion (2014).
    • Alexan­dra Stein, Ter­ror, Love and Brain­wash­ing: Attach­ment in Cults and Total­i­tar­i­an Sys­tems (2017).

    5 кніг ад Паўлюка Быкоўскага. З невялікім бонусам

    Старэйшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі рэкамендуе першакурснікам 5 кніг з асноўнага спіса і невялічкі бонус.

    Паўлюк Быкоўскі. Фота: з асабістага архіва

    1. Хафнер, С. «История одного немца: Частный человек против тысячелетнего рейха».
    2. Клемперер, В. «LTI. Язык Третьего рейха. Записная книжка филолога».
    3. Дарнтон, Р. «Цензоры за работой. Как государство формирует литературу».
    4. Рауш, Д. «Добрые инквизиторы. Власть против свободы мысли».
    5. Аляхновіч, Ф. «У капцюрох ГПУ». Кніга старая, але яна пра спакусу кар’еры ў БССР і пакаранне ГУЛАГам для беларускага дзеяча культуры.

    Дадатковы спіс:

    1. Бон, А. «Фейк. Все, что надо знать о пропаганде, фальшивых новостях и теориях заговора» — гэтая кніга падыходзіць нават для пачаткоўцаў і дапаможа развіць крытычнае мысленне.
    2. Померанцев, П. «Это не пропаганда. Хроники мировой войны с реальностью». Гэта сучасны погляд на інфармацыйныя войны і прапаганду.

    Гэтыя кнігі дапамогуць студэнтам зразумець важнасць незалежнай журналістыкі, небяспеку прапаганды і развіць навыкі крытычнага аналізу інфармацыі.

    Парады ад аўтара «Гибридная агрессия России: уроки для Европы»

    Яўген Магда не толькі з’яўляецца дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі, але і выкладае ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Якраз вучыць будучых журналістаў і рэкламшчыкаў.

    Яўген Магда. Фота: з асабістага архіва

    — Так здарылася, што я не толькі палітычны эксперт, але і выкладчык: вучу будучых журналістаў. Сярод іншага чытаю там курс «Фэйкі: выяўленне і процідзеянне», актыўна цікаўлюся праблемай процідзеяння расійскай прапагандзе. Дазволю сабе парэкамендаваць некалькі базавых кніжак.

    Пачну з кнігі свайго аўтарства: «Гибридная агрессия России: уроки для Европы» выйшла ў Кіеве ў 2017‑м годдзе. Прапаную варыянт на рускай мове, хаця, як вядома, кніжка выдадзеная па-ўкраінску і пад назвай The Russia‘s Hybrid Agres­sion: Lessons for the World – па-англійску. Гэтая кніжка грамадзянам Беларусі будзе цікавая тым, што яна ёсць у Аляксандра Лукашэнкі: яшчэ ў сакавіку 2019 года кніжку яму публічна перадаў Зміцер Лукашук. Хаця маю вялікія сумненні, што Лукашэнка яе прачытаў.

    Беларусы разумеюць украінскую мову, таму прапаную на ёй выданне «Війна у 140 знаках. Як соціальні медіа змінюють військовий конфлікт ХХІ ст» Дэйвіда Патрыкаракаса (Кіеў, 2019 год). Цікавае даследаванне брытанскага аўтара пра тое, як сетка Twit­ter (X)  выкарыстоўвалася палесцінцамі падчас араба-ізраільскага канфлікта.

    Яшчэ адна брытанка — Эма Томпсан — зрабіла даследаванне «Трубадуры імперыі» пра ролю рускай літаратуры ў фармаванні імперскага наратыву. Расійскія пісьменікі, многіх якіх ведаюць са школьнай парты, прыклалі сваю руку да фармавання вобразу «вялікай Расіі».

    Джэймс Глік расказвае пра ролю прапаганды ў інфармацыйную эпоху. Gle­ick J. The infor­ma­tion: A His­to­ry, a the­o­ry, a flood.

    Яшчэ адзін брытанец, але ўкраінскага паходжання, стаў вельмі вядомым дзякуючы кнізе «Гэта не прапаганда». У ім Пётр Памяранцаў распавядае пра асаблівасці прапагандысцкай машыны Крамля.

    Больш за 100 гадоў Вялікабрытанія надае значную ўвагу вывучэнню прапаганды, і класікай з’яўляецца кніга Эдварда Бернайса «Прапаганда».

    Польскі даследчык Вітольд Шаблоўскі напісаў сваю кнігу «Кухня тэрору» на аснове гутарак з людзьмі, якія не толькі ўзрошчвалі дыктатараў на постсавецкай прасторы, але і ўплывалі на настроі, думкі і пачуцці. Шаблоўскі — майстар апісальнага рэпартажу, які цэняць у Польшчы.

    Невялікая фільматэка ад БАЖ

    Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла пайсці далей і зрабіла падборку мастацкіх і дакументальных фільмаў, якія лёгка знайсці ў інтэрнет-прасторы. Фільмы дапамогуць не толькі зразумець прыроду прапаганды і механізмы яе ўплыву на грамадства, але і падштурхнуць да развіцця крытычнага мыслення.

    Вокладка фільма «20 дзён у Марыўпалі»

    1. «Дабранач, і ўдачы» (Good Night, and Good Luck, 2005) — гістарычная драма пра супрацьстаянне журналіста Эдварда Марроу і сенатара Джозэфа Макарці. Ёсць дылема наконт балансу паміж праўдай і метадамі яе доказу. Карацей кажучы, мэта апраўдвае сродкі.
    2. «Аперацыя Арго» (Argo, 2012) — фільм з Бэнам Афлекам пра выкарыстанне кіно ў якасці прыкрыцця спецаперацыі, якая ўключае ў сябе элементы маніпуляцыі СМІ.
    3. «Відэакратыя» (2009) — дакументальны фільм пра італьянскае тэлебачанне і яго ўплыў на культуру і палітыку Італіі і, як вынік, уплывовую пазіцыю Сільвіо Берлусконі. Рэжысёр нават прыдумаў фразу «Зло банальнасці», каб апісаць культурны феномен берлусканізму.
    4. «Трыумф волі» (Tri­umph of the Will, 1935) — дакументальны фільм Лені Рыфеншталь, на прыкладзе якога можна зразумець, як працавала нацысцкая прапаганда. Стужка змяшчае ўрыўкі з прамоў розных нацысцкіх лідэраў. У карціне можна пабачыць усе класічныя прыёмы Рыфеншталь: панарамаванне камеры, выкарыстанне высокафокусных лінзаў для стварэння скажонай перспектывы, аэрафотаздымкі і рэвалюцыйны падыход да выкарыстання музыкі.
    5. The Great Hack (2019) — дакументальны фільм Net­flix выкрывае працу Cam­bridge Ana­lyt­i­ca ў палітыцы розных краін, у тым ліку кампанію Brex­it у Вялікабрытаніі і выбары ў ЗША ў 2016 годзе.
    6. Дакументальны фільм «20 дзён у Марыўпалі» (Мсціслаў Чарноў — рэжысёр, аўтар сцэнара і аператар, фатограф — Яўген Малалетка) створаны Asso­ci­at­ed Press і Front­line. Сусветная прэм’ера парйшла 20 студзеня 2023 года на амерыканскім кінафестывалі «Сандэнс». Фільм атрымаў прэмію «Оскар». Фільм расказвае пра першыя 20 дзён пасля расійскага ўварвання ва Украіну, якія Мсціслаў Чарноў правёў у асаджаным Марыўпалі.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці